Госць начнога эфіру Радыё Ўнэт — кінакрытык Тарас Тарналіцкі. Праз палітычны пераслед журналіст мусіў выехаць у Польшчу. У Варшаве ён працягвае сачыць за беларускім кінематографам і, нягледзячы на шалёныя віражы лёсу, застаецца ў любімай прафесіі. Паразмаўлялі з Тарасам пра «беларускі след» на Варшаўскім кінафестывалі, праграму чарговага BulbaMovie і лепшыя з актуальных стужак беларускіх рэжысёраў.
Для Тараса Тарналіцкага гэтая варшаўская восень сталай першай на эміграцыі. Журналіст вымушана выехаў з Беларусі па некалькіх чынніках — праз палітычны пераслед і адсутнасць рынку працы. У Варшаве ён сутыкнуўся з шэрагам эмігранцкіх праблем, аднак не губляе аптымізму.
Ужо 14 гадоў ён не пакідае пісаць пра кіно, але змяніў фокус і фармат — раней аглядаў пераважна замежны пракатны мэйнстрым, зараз жа больш піша пра фестывальныя стужкі і беларускі кінематограф. Кінакрытык адзначае, што менавіта пра гэта ў Беларусі пішуць адзінкі, і такая праца — амаль што сацыяльная місія.
Беларусы на Варшаўскім кінафестывалі
Тарас Тарналіцкі знайшоў беларускі след і на Варшаўскім кінафестывалі. Суарганізатар вядомага кінафорума — былы праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад» Ігар Сукманаў, а знакаміты беларускі рэжысёр Андрэй Куціла працаваў у журы секцыі дакументальнага кіно. Падрабязней пра Варшаўскі кінафестываль і беларускае кіно чытайце ў матэрыяле Тараса Тарналіцкага на партале «Будзьма беларусамі».
BulbaMovie
Падзяліўся кінакрытык і сваімі чаканнямі ад фестывалю беларускага кіно BulbaMovie-2022, што неўзабаве пройдзе ў Варшаве. Конкурсная праграма фэста, дарэчы, яшчэ фарміруецца, але некаторыя падрабязнасці фестывальная дырэкцыя ўжо апублікавала на старонцы падзеі ў Facebook.
З кім цікава паразмаўляць пра сучаснае беларускае кіно
Тарас Тарналіцкі апошнім часам імкнецца размаўляць з аўтарамі, у якіх зараз выходзяць стужкі.
«Цікава даведацца, як яны працуюць у цяперашніх, вельмі неспрыяльных умовах — што ў Беларусі, што ў эміграцыі», – разважае журналіст.
Што з беларускага кіно апошніх гадоў вартае ўвагі
Тарналіцкі ўпэўнены, што найбольш актуальны напрамак творчасці шэрагу беларускіх рэжысёраў цяпер — дакументальныя рэпартажы, якія выходзяць на тэлеканале «Настоящее время» у межах праекта «Жыве Беларусь», на канале БелСат, а таксама на YouTube-канале «Маланка». Гэта стужкі на мяжы кіно і тэледакументалістыкі пра сучасныя праблемы, з якімі мы сутыкнуліся пасля 2020 года.
Поўную размову з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім слухайце ў праграме «Жыве Беларусь уначы»:
Comments are closed.