Працэс дэкамунізацыі ва Украіне пачаўся яшчэ ў 2014 годзе. А з пачаткам паўнамаштабнай вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны, у гэтае паняцце пачалі ўкладваць і такі сэнс, як пазбаўленне назваў, звязаных з Расіяй. І, на жаль, не толькі з Расіяй, але і з Беларуссю, бо ўлада Беларусі ўзяла непасрэдны ўдзел у агрэсіі, усяляк спрыяючы агрэсару, надаючы сваю тэрыторыю для наступу на Украіну. Таму з украінскага грамадскага ландшафту пачалі знікаць вуліцы, звязаныя з назвамі беларускіх гарадоў. Каб не даць зусім парваць сувязь паміж нашымі народамі дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» пры спрыянні ўкраінскіх арганізацыяў і нават мясцовых уладаў выходзіць з ініцыятывамі, пра якія мы паразмаўлялі з кіраўніком арганізацыі Аляксеем Францкевічам.
Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» і ўкраінскі фонд «Країна Добродій» склалі мемарандум пра супрацу. Адгэтуль беларускія вайскоўцы гэтак жа, як і ўкраінцы, што ваююць у шэрагах Узброеных Сіл Украіны, могуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу ад украінскіх адвакатаў. Дапамогуць украінскія юрысты і цывільным беларусам ва Украіне, праўда, тут ужо патрэбныя грошы. Але, дзякуючы супрацы, грашовыя пытанні магчыма будзе вырашыць праз фонд «Вільна Білорусь». Пра напрамкі супрацоўніцтва, а таксама пра канкрэтныя кейсы, такія як нашумелыя гісторыі Ціхана Клюкача і Яўгена Каранкевіча, якіх Служба бяспекі Украіны хацела дэпартаваць, падазраючы ў супрацы з беларускім КГБ, мы паразмаўлялі з адвакатам Сэргіем Крыжаніўськім.
Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь», створаны беларусамі ва Украіне для дапамогі найперш беларусам, якія ваююць у розных, як адмыслова беларускіх, так і агульных падраздзяленнях Узброеных Сілаў Украіны, зрабіў ужо даволі шмат для таго, каб у нашых ваяроў былі годныя ўмовы. Але зараз у фонда вельмі важная, патрэбная, і ў той жа час, няпростая задача. І ён спадзяецца на тое, што беларусы, якія зараз раскіданыя ва ўсім свеце, не застануцца ў баку, а далучацца да таго, каб талакою дапамагчы беларускім вайскоўцам, што бароняць ад расійкіх захопнікаў не толькі Украіну, але і саму свабоду. Кажа кіраўнік фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч:
У інфармацыйным агенцтве Укрінформ адбылася прэс-канферэнцыя з прэзентацыяй дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь». Падрабязнасці імпрэзы – у нашым рэпартажы.