Амаль тыдзень працягваюцца разнастайныя мерапрыемствы ў Беластоку, прысвечаныя 105-ай гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Але кульмінацыяй святкаванняў, натуральна, стала 25 сакавіка, калі ў сталіцы польскага Падляшша, прайшлі ажно тры акцыі з нагоды Дня Волі: ускладанне кветак да месца, дзе быў закатаваны аўтар слоў гімна БНР Макар Краўцоў, мітынг на цэнтральнай плошчы горада і ўрачысты канцэрт. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.
25 сакавіка беларусы Варшавы прайшлі па цэнтры польскай сталіцы ад калоны Жыгімонта ў Старым горадзе да плошчы Канстытуцыі. У святочным шэсці прынялі ўдзел Зянон Пазьняк, Павел Латушка, прадстаўнікі Палка Каліноўскага і шмат іншых беларусаў. У фінальнай частцы на плошчы Канстытуцыі, каля Беларускага моладзевага хаба, прайшоў мітынг-канцэрт. Як гэта было, глядзіце ў вялікім фотарэпартажы радыё Ўнэт.
Беларуская дзяржаўнасць сягае сваімі каранямі да Полацкага княства, але як ідэя, за якую сталі змагацца, яна аформілася з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, сцвярджае гісторык Уладзімір Арлоў. Абвесціўшы незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, беларусы зноў сталі дзяржаўным народам пад сваёй сучаснай назвай, падкрэслівае ён. У каментары радыё Ўнэт гісторык распавядае, што значыць 25 сакавіка 1918 года для нашага народа і як беларусы святкавалі гэтую дату.
Марафон падзей да Дня волі ў Вільні пачаўся яшчэ з серады: так 22 сакавіка ў віленскай Бібліятэцы Акадэміі Навук адкрылі выставу «Шляхам Свабоды», прысвечаную Міколе Статкевічу. На наступны дзень, ужо ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча прайшла прэзентацыя кнігі «Галасы Беларусі» – тры апошнія гады жыцця краіны вачыма арыштаваных, пабітых, забітых, мігрантаў і ўцекачоў ад вайны – кажа ўкладальнік Сяргей Дубавец.