Сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” прынята ў склад Партыі Еўрапейскіх сацыялістаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў выконваючы абавязкі старшыні партыі Яўген Вільскі. Пакуль партыя прынятая ў якасці назіральніка, але ў будучым плануюць уплываць на парадак дня дэбатаў у Еўрапарламенце, расказаў радыё Ўнэт прадстаўнік партыі Алег Паўлаў.
«Калі зараз партыя “Народная Грамада” будзе ў якасці назіральніка, то ў нас, я ўпэўнены, з цягам часу з’явіцца магчымасць не толькі назіраць, але, я думаю, будзе магчымасць і неяк уплываць. Інтарэс у Еўропы да Беларусі ёсць. Але яго трэба падаграваць. Мы плануем ажывіць беларускую павестку ў палітычных дэбатах у Еўрапарламенце: гэта палітвязні, гэта узмацненне санкцый і гэта рэгіянальная бяспека».
Праца па вяртанні тэмы палітвязняў у міжнародны парадак дня ўжо вядзецца. Раней “Народная Грамада” і БХД пачалі кампанію па распаўсюду інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку сярод еўрапейскіх палітыкаў. У асноўным праз пікеты, але цяпер удзельнікі кампаніі пераходзяць да больш практычных захадаў. Як распавёў спадар Алег, ужо 8 лістапада пры падтрымцы беларускай дыяспары Брусэля ў сталіцы Бельгіі адбудзецца акцыя каля будынку Еўрапарламента. Падчас яе плануецца арганізаваць збор подпісаў за поўнае спыненне гандлю праз мяжу з Беларуссю.
Бліжэйшым мерапрыемствам, на якім таксама будзе ўзгадвацца тэма Беларусі ў цэлым і палітвязняў у прыватнасці, будзе марш на Дзяды ў Варшаве, які пройдзе 1 лістапада. Марш пачнецца а 14 гадзіне на плошчы Пілсудскага і пройдзе да Замкавай плошчы. Арганізатарамі выступаюць прадстаўнікі палітычных і грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх партыі “Народная Грамада” і БХД, суполка “Беларусы Варшавы” і музычны рух.
Падрабязней слухайце тут: