Tag

беларусы

Browsing

Нягледзячы на тое, што шмат на якіх міжнародных форумах многія спікеры сцвярджаюць пра агульнасць лёсу Беларусі і Украіны, пра тое, што без вольнай Беларусі не будзе вольнай Украіны і вольнай Еўропы, нягледзячы на тое, што беларусы сёння складаюць другую па колькасці этнічную групу ў складзе Узброеных Сіл Украіны пасля саміх украінцаў, Украіна застаецца той краінаю, дзе беларусы маюць і найбольш праблемаў. Пра тое, якія гэтыя праблемы і як яны вырашаюцца распавяла кіраўніца прававога дэпартаменту ініцыятывы Free Belarus Center Алэна Юркіна. 

Алэна Юркіна

Ужо прайшло амаль два гады з моманту пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расіі і ўжо можна рабіць нейкія пэўныя абагульненні ды вынікі. Бо мы прайшлі некалькі этапаў у плане прававога рэгулявання міграцыйных пытанняў, звязаных з беларусамі ва Украіне, з лютага 2022 года. 

Так, быў перыяд, амаль паўгода, калі Дзяржаўная міграцыйная служба ўвогуле не прымала дакументы ад грамадзян Беларусі ані на наданне статусу ўцекача, ані на працяг дазволаў на сталае або часовае пражыванне ва Украіне. Быў перыяд, калі Дзяржаўная міграцыйная служба нават штрафавала грамадзян Беларусі, дазволы якіх скончыліся пасля 24 лютага 2022 года. 

Аднак, такой прамежкавай перамогай было прыняццё заканадаўчых змен у міграцыйныя пытанні, якія дазволілі грамадзянам Беларусі, якія легальна пражывалі да 24 лютага 2022 года ва Украіне, карыстацца дазволамі на часовае пражыванне нават, калі тэрмін іхняга дзеяння скончыўся. То бок, заканадаўца працягнуў тэрмін дзеяння такіх дазволаў на ўвесь перыяд ваеннага стану ва Украіне і нават там дадзены тэрмін пасля сканчэння гэтага надзвычайнага статусу ва Украіне. 

І наступны перыяд – нібы здавалася, што ўжо трошкі лягчэй, бо пачалі патрошкі прымаць дакументы і на ўцякацтва – мы можам казаць мінімум пра чатыры выпадкі, калі грамадзяне Беларусі атрымалі статус уцекача ўжо пасля 24 лютага 2022 года. І гэта мы лічылі сваім і агульным поспехам. Звычайна, гэтыя кейсы, як правіла тычацца беларусаў, якія ваююць за тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны. 

Таксама, як нам здавалася, трохі палепшылася сітуацыя, датычна падачы дакументаў на часовыя дазволы на пражыванне з розных падставаў. Усё было добра. Аднак, як гром грымнуў указ Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года, якім усім грамадзянам, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, было забаронена атрымліваць фактычна любыя консульскія паслугі ў любым консульстве свету. 

Па-першае, ва Украіне консульства перастала працаваць ужо з 24 лютага 2022 года. Аднак, некаторыя беларусы, усё ж, мелі магчымасць выязджаць у трэція краіны – бяспечныя, такія, як Малдова або Грузія, і там працягваць тэрмін дзеяння сваіх пашпартоў, атрымліваць нейкія апастыляваныя дакументы ды іншае. Ад 4 верасня ўсё гэта стала недасяжным для грамадзян Беларусі ва Украіне і па ўсім свеце. 

І фактычна склалася сітуацыя, што нават беларусы, якія ў некаторых выпадках мелі магчымасць выехаць з Украіны пасля 24 лютага 2022 года, аднак, яны свядома засталіся ва Украіне, яны разам з украінцамі сядзяць у сховішчах, валантэраць, ваююць, проста жывуць некаторыя з гэтых людзей ужо цягам там дзесяці-пятнаццаці-дваццаці гадоў (такія людзі таксама да нас звяртаюцца). І ўсе гэтыя людзі ва Украіне аказаліся ў вельмі неабароненым становішчы. 

Патлумачу чаму. Калі нешта фізічна стае з пашпартным дакументам такіх людзей, у такім выпадку яны фактычна не маюць магчымасці выехаць за межы Украіны. І Дзяржаўная міграцыйная служба атрымлівае падставу на тое, каб  выпісваць адміністрацыйныя штрафы і нават, у некаторых выпадках, калі было выпісана некалькі такіх штрафаў, з’яўляюцца падставы для анулявання нават дазволу на сталае пражыване ва Украіне. І гэта вельмі складаная сітуацыя. 

Мы ўзрадаваныя тым, што ў дзяржаўных органаў усё ж-такі былі намаганні, але на практыцы ва ўсіх гэтым нарматыўных актах не абагульняюцца аднолькавыя нормы і абмежаванні да грамадзян Беларусі і грамадзян Расіі. То бок, украінская дзяржава, усё ж-такі адасабляе грамадзян Беларусі як асобную групу. І нормы, якія ўжываюцца да беларусаў ва Украіне, значна мягчэйшыя, чым да расіянаў. Гэта з плюсаў. 

Аднак з мінусаў – нават грамядзяне Расіі зараз ва Украіне маюць больш абароненае становішча, дзякуючы таму, што ў іх застаецца дасяг да нейкіх консульскіх паслуг, а беларусы на сёння пазбаўленыя такіх правоў. І гэта вялікі выклік да ўкраінскай дзяржавы – як забяспечыць выкананне і датрыманне элементарных прынцыпаў правоў чалавека датычна беларусаў, якія легальна жывуць у краіне. 

Цалкам размову з Алэнай Юркінай слухайце ў плэеры ніжэй:

У 2023 годзе ў свеце стала на адно беларускае выдавецтва больш, і яно знаходзіцца ў Берліне. Магчыма, вы нават ужо гарталі паэтычныя зборнікі, якія выйшлі ў Hochroth-Minsk. Кіраўнік выдавецтва, вядомы беларускі паэт Дзмітрый Строцаў прывозіў іх на фестываль Pradmova. Гэта маглі быць кнігі Крысціны Бандурынай, Ганны Комар, Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, або навінка выдавецтва – зборнік вершаў „На беразе Волі” паэта Андрэя Хадановіча.

Такім чынам, за якіх-небудзь восем месяцаў у выдавецтве надрукавалася восем кніг. І на гэты год у планах Дзмітрыя Строцава выдаць іх мінімум дзясятак.

– Мы ўжо надрукавалі кнігі вядомых дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх ёсць вельмі вядомыя аўтары. Ёсць аўтары маладыя, якіх хочацца паказаць беларускай аўдыторыі. Хочацца, каб людзі ведалі, якім багаццем мы валодаем.

– А што нямецкі чытач ведае пра беларускую кнігу?

– Гэта добрае пытанне. Усе кнігі, якія выйшлі ў нашым выдавецтве – на беларускай мове. Вядома, яны недаступныя большасці нямецкіх чытачоў, і гэта ў нейкім сэнсе выклік. Прапанова звярнуць увагу на нашых аўтараў і пачаць іх перакладаць на нямецкую мову, каб беларускія тэксты былі даступныя нямецкай аўдыторыі.

– Вы зараз знаходзіцеся ў Берліне. Як уплывае непасрэдна на вашу творчасць новае моўнае асяроддзе, новая моўная стыхія?

– Гэта зусім новыя словы, новыя падзеі, новыя вобразы. Пачатак уваходжання ў новую рэальнасць. Нейкія новыя прыгоды ў творчасці…

Працяг слухайце ў аўдыё:

Сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” прынята ў склад Партыі Еўрапейскіх сацыялістаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў выконваючы абавязкі старшыні партыі Яўген Вільскі. Пакуль партыя прынятая ў якасці назіральніка, але ў будучым плануюць уплываць на парадак дня дэбатаў у Еўрапарламенце, расказаў радыё Ўнэт прадстаўнік партыі Алег Паўлаў.


«Калі зараз партыя “Народная Грамада” будзе ў якасці назіральніка, то ў нас, я ўпэўнены, з цягам часу з’явіцца магчымасць не толькі назіраць, але, я думаю, будзе магчымасць і неяк уплываць. Інтарэс у Еўропы да Беларусі ёсць. Але яго трэба падаграваць. Мы плануем ажывіць беларускую павестку ў палітычных дэбатах у Еўрапарламенце: гэта палітвязні, гэта узмацненне санкцый і гэта рэгіянальная бяспека».

 

 

Праца па вяртанні тэмы палітвязняў у міжнародны парадак дня ўжо вядзецца. Раней “Народная Грамада” і БХД  пачалі кампанію па распаўсюду інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку сярод еўрапейскіх палітыкаў. У асноўным праз пікеты, але цяпер удзельнікі кампаніі пераходзяць да больш практычных захадаў. Як распавёў спадар Алег, ужо 8 лістапада пры падтрымцы беларускай дыяспары Брусэля ў сталіцы Бельгіі адбудзецца акцыя каля будынку Еўрапарламента. Падчас яе плануецца арганізаваць збор подпісаў за поўнае спыненне гандлю праз мяжу з Беларуссю.

Бліжэйшым мерапрыемствам, на якім таксама будзе ўзгадвацца тэма Беларусі ў цэлым і палітвязняў у прыватнасці, будзе марш на Дзяды ў Варшаве, які пройдзе 1 лістапада. Марш пачнецца а 14 гадзіне на плошчы Пілсудскага і пройдзе да Замкавай плошчы. Арганізатарамі выступаюць прадстаўнікі палітычных і грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх партыі “Народная Грамада” і БХД, суполка “Беларусы Варшавы” і музычны рух.   

дзяды варшаваПадрабязней слухайце тут: