Tag

Андрэй Хадановіч

Browsing

Прэзентацыя новага зборніка твораў выбітнага паэта Андрэя Хадановіча адбылася на фестывалі “Прадмова” ў Беластоку. Невялікая кніжка пад назвай “Вершы” выйшла ў серыі “Паэты планеты”, дзякуючы беластоцкаму фонду “Камунікат”. Раней больш за сто выданняў з гэтай серыі выходзіла ў прыватным выдавецтве Зміцера Коласа, якое сёлета было ліквідавана ў Беларусі.

Серыю “Паэты планеты” ўжо можна лічыць легендарнай, калі зважаць на тое, што нават закрыццё выдавецтва не спыніла яе друкаванне. У Беларусі было выдана 102 кніжкі серыі, а ў Беластоку працягам сталі наступныя тры. Пра гэта распавёў рэдактар і суўкладальнік хадановічскіх “Вершаў” Лявон Баршчэўскі.

“Усё будзе добра, нават калі не адразу”. Выйшаў новы зборнік вершаў Андрэя Хадановіча Новы зборнік аўтарства Андрэя Хадановіча пабачыў свет у верасні. У ім многа сумных твораў, асабліва напісаных нядаўна, бо цяперашні час не надта спрыяе вясёлым думкам, але напрыканцы сумных вершаў ёсць надзея, сцвярджае аўтар. “Усё будзе добра, нават калі не адразу, нават калі яшчэ давядзецца сціснуць зубы і пацярпець”, – упэўнены спадар Андрэй.

— У невялікай кніжцы толькі абраныя творы. Па якіх крытэрыях яны былі адабраныя?  

Яно такое пэўнае падсумаванне. Яно выбіралася за ўсе тыя 20 год ці больш чым 20 год, што я пішу і выдаю кнігі, і прыкладна на дзве траціны ці тры чвэрці гэта сапраўды канцэпцыя выбраных вершаў. Па-другое, у гэтай кнізе ёсць апошні раздзел, дзе ёсць тэксты новыя, тэксты 2020, 2021, 2022, нават пару тэкстаў 2023 года. Гэта ўжо вершы іншага чалавека, з досведам выгнання, сучасніка вайны побач, сведкі рэпрэсій. Зразумела, яны зрабіліся крышачку іншымі – больш сур’ёзныя па інтанацыі, тэксты ў якіх ёсць пэўны стрыжань, які, я спадзяюся, скіраваны на падтрымку людзей, якія патрабуюць гэтай падтрымкі, тэксты, якія не заплюшчваюць вачэй перад цемрай, але чакаюць і набліжаюць святло. Гэта ўсё як бы суіснуе пад адной вокладкай наколькі можна там на 120 старонках сабраць.

У мяне быў камфорт такі, што я сам сабе  ўкладальнік разам з калегам, з рэдактарам Лявонам Баршчэўскім мы гэта зрабілі. Калі рыхтуеш кніжку, часам гарыш энтузіазмам, некрытычна можаш ставіцца да сябе, а потым праз некалькі гадоў перачытваеш і штосьці табе па-ранейшаму падабаецца, а штосьці ўжо не. І вось гэтае “не”, да якога ты астыў, можаш адкласці і выкінуць з такога выбранага. Таму можна сказаць, што пад вокладкай тэксты, якія мяне самога найбольш радуюць.

— Калі гэта падсумаванне, то можна разумець, што Вы падвозіце рысу пад папярэднім этапам сваёй творчасці і распачынаеце новы?

Я думаю, што этап скончыўся разам з 2020 годам. Усё, што было да 2020 года,  – гэта падсумаванне, а ўсё што напісалася і ўключылася новага, гэта ўжо масток у гэтае новае. Мы нічога не ведаем пра тое, што з намі здарыцца заўтра, паслязаўтра. Хочацца верыць у глабальнае святло і хэпі энд. І яно непазбежна. Тыя, хто ведаюць гісторыю, разумеюць, што час развіваецца па сваіх законах і інакш проста не можа быць. Але можа быць яшчэ давядзецца, сціснуўшы зубы, павандраваць па свеце, пачакаць, пазмагацца за гэтую перамогу.

“Усё будзе добра, нават калі не адразу”. Выйшаў новы зборнік вершаў Андрэя Хадановіча Мне персанальна пасля 2020-га зрабілася цяжэй пісаць. Пішацца вельмі рэдка, з большай нейкай адказнасцю ці ўсвядомленасцю. Я чытаю, гляджу інтэрнэт, знаходжу ўкраінскія тэксты і перакладаю іх па свежых слядах напісання. Гэта можа быць зараз яшчэ важней. Увогуле перакладанне гэта той стан, тая дзейнасць, дзе ты можаш самадысцыплінавацца, ты можаш не шукаць натхнення, якое невядома, прыйдзе ці не прыйдзе. Ты можаш сесці за стол, прымусіць сябе працаваць, і ў працэсе працы гэтае натхненне прыходзіць і нейкія адкрыцці робяцца. Таму апошнія пару гадоў перакладаецца нашмат болей, чым пішацца.

Слухайце падрабязней ў нашым аўдыё:

Беларускі ПЭН сумесна з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў 17 лістапада ўвечары назваў лепшыя літаратурныя творы гэтага года, уганараваныя прэміяй Гедройця. Трэцюю прэмію атрымала кніга Валера Гапеева «Жэнька, каралева мышак», выдадзеная «Кнігазборам», другое месца дасталося кнізе Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» (выдавецтва «Галіяфы»), і першую прэмію атрымаў Сяргей Абламейка за кнігу ў жанры нон-фікшн з назваю «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая», выдадзеная ў «Бібліятэцы Свабоды». Пра тое, якія тэксты былі адабраныя журы ў шторт-ліст прэміі і пра тое, як увогуле падзеі апошніх гадоў уплываюць на літаратурны працэс мы паразмаўлялі з паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і чальцом сёлетняга журы прэміі Гедройця Андрэем Хадановічам.