135 total views
Таццяна Зарэцкая пакідае пасаду прадстаўніка Аб’яднага Пераходнага Кабінета па эканоміцы і фінансах. Пра сваё рашэнне яна аб’явіла ў сацыяльных сетках.
Таццяна Зарэцкая свой сыход патлумачыла тым, што за апошнія некалькі тыдняў сутыкнулася з вялізным ціскам: на яе асабіста, на сяброў, родных, на супрацоўнікаў кампаніі, партнёраў і інвестараў. Шквал ананімных паведамленняў, лістоў, званкоў, прамыя пагрозы.
“Я меркавала, што мой уступ у Кабінет можа пацягнуць за сабой пэўныя наступствы. Але не меркавала, што гэта прывядзе да таго, што нападам падвергнуцца мае блізкія і нават тыя людзі, якія не маюць дачынення ні да беларускай палітыкі, ні да Кабінета”.
Па словах Зарэцкай, ужо ўдалося вылічыць некалькіх людзей, якія закідвалі пагрозамі яе супрацоўнікаў: сёння гэтай справай займаецца паліцыя, а вінаватыя адкажуць па законе.
“Зараз, калі мяне фактычна ставяць перад выбарам: заставацца ў Кабінеце і падвяргаць блізкіх і дарагіх мне людзей стрэсу, адмовіцца ад шматгадовай працы ў сферы бізнэс і стартап-супольнасці і страціць усё тое, чым я магла быць карыснай Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету і беларускаму грамадству або скласці свае паўнамоцтвы ў рамках Кабінета – я выбіраю другое”, –рэзюмавала Таццяна Зарэцкая.
Comments are closed.