У Варшаве ствараюць Інстытут беларускай кнігі. Яго ўстаноўчая канферэнцыя адбылася 21 студзеня. Удзельнікамі мерапрыемства, якое прайшло ў каворкінгу руху «Салідарнасць», сталі выдаўцы, пісьменнікі і грамадскія дзеячы. У дыскусіях прымалі ўдзел Андрэй Янушкевіч, Ігар Логвінаў, Крысціна Дробыш, Аліна Коўшык, Павел Баркоўскі і іншыя прадстаўнікі беларускага культурніцкага поля. Разам са слухачамі – а мерапрыемства пазіцыянавалася як максімальна адкрытае – яны размаўлялі пра стварэнне новай арганізацыі. Далучылася да абмеркаванняў і старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
«Размовы пра тое, што Інстытут беларускай кнігі павінен быць, вяліся цягам не аднаго года і не аднаго дзесяцігоддзя. Існуе цэлы шэраг кірункаў дзейнасці. Напрыклад – прасоўванне беларускай кнігі за мяжой. У сённяшніх умовах гэта яшчэ і пытанне з прывозам беларускай кнігі, з яе распаўсюдам у Беларусі і ў іншых краінах. Безумоўна, падобная інстытуцыя павінна існаваць пры падтрымцы дзяржавы. Але сёння беларускія ўлады вядуць антынацыянальную палітыку, прасоўваюць ідэалогію рускага свету, ды і раней дзяржава магла займацца толькі аўтарамі, якія былі ёй лаяльныя. Таму сёння гэтая ініцыятыва лягла на плечы незалежных нацыянальных асяродкаў. І я вельмі спадзяюся на падтрымку нашага протаўрада, бо ў перспектыве гэта можа быць распрацаваная інстытуцыя, якая вернецца дадому і будзе ўжо ў Беларусі працягваць сваю дзейнасць».
У хуткім часе, абяцаюць арганізатары праекта, з’явіцца дакумент, на падставе якога паўстане заява пра заснаванне, місію Інстытута беларускай кнігі і напрамкі яго дзейнасці. Што істотна, усе ахвочыя змогуць дадаваць каментары, заўвагі і прапановы.
Размову з Таццянай Нядбай слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.