298 total views
Ужо ў гэтыя выходныя ў Варшаве пройдуць адразу два мерапрыемствы, прысвечаныя беларуска-ўкраінскай салідарнасці. У суботу ў Музеі вольнай Беларусі адбудзецца імпрэза з удзелам Алеся-Францішка Мышкевіча і гурта Belarusian TrueStory. А ў нядзелю каля помніка Касцюшкі пройдзе акцыя памяці загінулых ва Украіне беларусаў. На ёй, сярод іншых, выступяць Зянон Пазняк, Павел Латушка і Валер Сахашчык.
Адным з суарганізатараў гэтых мерапрыемстваў стаў прадстаўнік «Паспалітага рушэння» Сяржук Кедышка, які раскрыў для радыё Ўнэт падрабязнасці мерапрыемства і распавёў пра актуальную дзейнасць харугваў.
Галоўнае ў размове:
- 26 лютага ў Варшаве, ад помніка Касцюшкі да помніка Каперніка, пройдзе «Марш герояў». І ўжо ля помніку Каперніка будзе класічны мітынг, дзе выступяць вядомыя палітыкі, прадстаўнікі Руха і Паспалітага рушэння.
- Два тыдні таму Паспалітае рушэнне абвясціла пра самастойнасць. Справа ў тым, што прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў і Валер Сахашчык (якія з’яўляюцца ініцыятарамі стварэння харугваў) маюць вялікую колькасць розных задач і не могуць займацца выключна Паспалітым рушэннем. І дзеля таго, каб дзейнасць харугваў была больш эфектыўная і развівалася, было вырашана адасобіцца. Гэта адбылося не з-за нейкага канфлікту, а выключна дзеля паляпшэння працы.
- Трэніроўкі для ўдзельнікаў харугваў праходзяць па выходным, у суботу і нядзелю. Гэта заняткі са страйкбольнай зброяй, фізічная падрыхтоўка, разбор тактычных сітуацый. Вучэбны план робяць камандзіры харугваў. Яны маюць поўную свабоду дзеянняў. Таксама Паспалітае рушэнне праводзіць тыднёвыя вышкалы на трэніровачнага базе і на стрэльбішчы.
- Галоўная задача Паспалітага рушэння падрыхтаваць асабовы склад для баявых дзеянняў ва Украіне і ў перспектыве для вызвалення Беларусі. 15 удзельнікаў харугваў ужо абараняюць Украіну ад расейскай агрэсіі. Зараз у Паспалітым рушэнні 150 чалавек. Каля 10% гэта жанчыны, якія трэніруюцца на адным узроўні з мужчынамі.
- Паспалітае рушэнне плануе вучыць беларускіх падлеткаў ваеннай падрыхтоўцы, распавядаць пра гісторыю і культуру Беларусі. Таксама плануецца спартова-патрыятычнае выхаванне.
Поўную размову з Сяргеем Кедышкам слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.