Ужо амаль два гады прайшло пасля забойства ў лукашэнкаўскіх засценках бярозаўскага актывіста Вітольда Ашурка, дата смерці якога 21 траўня абвешчана Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Пра загінулага актывіста і палітвязня, яго прыход у палітыку і ўшанаванне яго памяці наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч паразмаўляў з Сяргеем Пантусам – найлепшым сябрам Вітольда, з якім яны разам вучыліся яшчэ ў школе.
— Я найперш больш сябраваў з братам малодшым Вітольда Андрэем, бо Андрэева жонка гэта мая стрыечная сястра. Мы ў хаце ў Андрэя заўсёды сустракаліся, і гэта было з года 2005-га. Вітольд ужо працаваў не ў Бярозаўцы на будоўлях, а па Беларусі ездзіў, а на выходныя, як звычайна, збіраліся. Вялі размовы за кубкам кавы і пра гісторыю, і пра палітыку, і пра культуру. Вітольд быў вельмі эрудыраваны, вельмі начытаны, з ім было цікава і размаўляць, і спрачацца.
— Калі і з чаго пачалася яго актыўная грамадская дзейнасць?
— Пачалося ўсё ў 2010 годзе. Тады пасля выбараў, калі была «Плошча Каліноўскага». Я тады ўжо працаваў у Мінску, Вітольд у Століне. За тыдзень да выбараў мы зноў жа сабраліся ў Андрэя, і Вітольд мне задаў пытанне: «Ці ты пойдзеш?». Я адказаў, што, канешне, пайду, тым больш, што ў Мінску працую. На што ён: «А вось я не ведаю». А перад гэтым мы размаўлялі і Вітольд казаў, што ніколі не ўступіць ні ў якую палітычную партыю. Гэта трэба асобна ўспомніць. Я запытаўся: «Чаму?». А ён звычайна аджартоўваўся, казаў: «Таму што я артадаксальны індывідуаліст».
А ў 2010 годзе, недзе а трэцяй у дзень выбараў мне патэлефанаваў Вітольд і папрасіў сустрэць яго на вакзале, бо не вельмі добра ведаў Мінск. Я паехаў на вакзал, сустрэў яго, мы паехалі да мяне, папілі гарбаты, Вітольд прывёз торт, а недзе а палове на восьмую мы паехалі на Кастрычніцкую плошчу. Я яшчэ Вітольда вучыў: «Ты першы раз на такім вялікім мітынгу, адрэналін будзе аж зашкаліваць. Трымайся блізка мяне, цябе яшчэ трэба будзе ноччу адправіць у Столін». Але дзе там… Вітольд такі імпульсіўны. На траціне шляху, дзесьці на павароце на Камсамольскую непадалёк будынку КДБ я ўжо згубіў Вітольда. А 10 гадзіне калі пачаўся разгон спрабаваў яму тэлефанаваць. Адзін раз ён адказаў, сказаў, што ён каля помніка Леніну. Я пачаў туды прабівацца. Потым пачалася другая хваля разгону, пачалі глушыць тэлефоны. Мы з хлопцамі пабеглі. Я тады ў Серабранцы жыў, бегам беглі аж да Серабранкі. А пад шэсць гадзін раніцы толькі я знайшоў паведамленне на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна», што Вітольд Ашурак затрыманы на 10 сутак.
— Гэта быў першы раз, калі яго затрымалі і пасадзілі пад адміністрацыйны арышт?
— Так. На самой справе ён адсядзеў 12 сутак, бо калі скончыліся 10 сутак, я пайшоў сустракаць яго, там яшчэ была Вольга Мікалайчык, Вася Парфянкоў. Мы чакалі, чакалі, а дзесьці а палове на 12-ую нейкі афіцэр выйшаў і сказаў, што ў той дзень нікога выпускаць не будуць. Вітольда выпусцілі праз два дні. Як аказалася, на першым жа допыце ў яго запыталі: «А чаго ты выйшаў?». Ён адказаў: «За ідэю!». А, ну як за ідэю, тады яшчэ двое сутак.
У першую суботу, як мы прыехалі ў Бярозаўку, Вітольд прынёс заяву на ўступленне ў Партыю БНФ. Гэта той, які сказаў, што «ніколі не ўступлю». Прынёс тры фотаздымкі. І так ён стаў палітычным дзеячом.
— Як развівалася яго палітычная дзейнасць ад 2010-2011 да 2021 года?
— Ён адразу вырашыў вывучыць беларускую мову, бо да гэтага часу ён быў рускамоўны. Наогул, Вітольд быў схільны да самаразвіцця, у яго было жаданне самаразвівацца. Таму, калі ён вырашыў вывучыць беларускую мову, у яго месяцы тры-чатыры пайшло, каб цалкам пераключыцца на беларускую мову. Я тады жыў у Мінску, а ў нас пачалі будаваць цэх па вытворчасці шкловаты ў абыход Орхускай канвенцыі. Вітольд змагаўся за экалогію ў Беларусі. Першы яго пікет адзіночны па гэтай тэме быў. І гэта, у прынцыпе, прайшло праз усю яго дзейнасць.
Ён палітычна актыўны стаў, улічваючы яго эрудыцыю, яго начытанасць, веданне гісторыі, веданне сітуацыі ў свеце, бо ён усім цікавіўся. У яго быў вельмі хуткі рост палітычны. Ён раней за мяне ў Сойм Партыі БНФ увайшоў. Я ўвайшоў толькі калі стаў кіраўніком Лідскай раённай арганізацыі партыі, а Вітольд ужо гады тры там быў і быў вельмі актыўны. Яго слухалі там. Да яго прапаноў прыслухоўваліся, абмяркоўвалі, прымалі ці адхілялі. Ён быў генератар ідэй.
Поўную размову з сябрам Вітольда Ашурка Сяргеем Пантусам слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.