Loading

8 снежня 1991 года ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы былі падпісаныя так званыя Белавежскія пагадненні паміж тагачаснымі кіраўнікамі Беларусі, Украіны і Расіі, якія канстатавалі спыненне існавання СССР і стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пра тое, як усё гэта бачылася з парламенцкіх кабінетаў Мінска і як успрымалася народам мы паразмаўлялі з дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, журналістам і даследчыкам гісторыі 90-х гадоў мінулага стагоддзя Сяргеем Навумчыкам.

Беларусь напачатку снежня ўжо некалькі месяцаў была де-юре незалежнай краінай, але фармальна існаваў Савецкі саюз. Напрыклад, было агульнае савецкае войска, якое фактычна падпарадкоўвалася Маскве.

Гарбачоў у Нова-Агарова збіраў лідараў краін былых рэспублік СССР. Прадстаўнікі краін Балтыі, Арменіі і Грузіі не ўдзельнічалі ў гэтых сустрэчах. Але Станіслаў Шушкевіч туды пастаянна ездзіў. БНФ адгаворваў яго, але ён казаў што ўсё роўна будзе ўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах. Там па сутнасці рабіўся праект новай садружнасці.

На пачатку снежня 1991 года ў Менск прыляцелі Ельцын і Краўчук каб разам з Шушкевічам высветліць моманты з паставак энерганосьбітаў у Беларусь і Украіну. Тады было яшчэ не зразумела, што наперадзе масштабная падзея.

За некалькі дзён да гістарычнай падзеі, адзіны раз Станіслаў Шушкевіч прыйшоў у БНФ на 3 паверх у Дом урада. Мы яго пераконвалі, што трэба ствараць уласнае войска, уласныя грошы, што нельга падпісваць ніякіх рэінкарнацый Савецкага саюза. Але Шушкевіч не пагаджаўся і казаў, што ён будзе за абноўлены саюз.

Калі былі падпісаны Белавежскія пагадненні не адчувалася што адбылася нейкая гістарычная падзея. Але праз некалькі дзён стала зразумела, што гэта ўжо нешта іншае.

Для ратыфікацыі пагаднення на сесіі Вярхоўнага Савета нам раздалі дакументы, якія былі падпісаныя: пра ліквідацыю СССР, пагадненне пра стварэнне СНД і камюніке адносна сітуацыі ў Малдове. На сесіі Вярхоўнага савета быў даволі рэзкі выступ Зянона Пазняка. Ён сказаў што трэба падтрымаць пагадненні, што гэта добры крок па спыненню саюза. Але ёсць вялікая рызыка апынуцца зноў у імперыі, але пад іншай назвай.

Большасць дэпутатаў былі настроены прагаласаваць за пагадненні. Дэпутат Валер Ціхіня адзіны хто прагаласаваў супраць. Я бачыў як ён ціснуў кнопку. Але галасаванне было не пайменнае. Потым сабе гэта прыпісваў Лукашэнка. Мне падаецца на той момант Лукашэнка ўвогуле не ўдзельнічаў у галасаванні.

Народ успрыняў Белавежскія пагадненні даволі спакойна. Паколькі ўжо ў снежні людзі менш праяўлялі палітычную актыўнасць. Людзей хвалявала чым яны будуць карміць сям’ю і як змогуць выжыць.

Рэінкарнацыя Расійскай імперыі за кошт іншых тэрыторый немагчыма. Нават калі Расіі ўдасца анексаваць Беларусь. Я не выключаю, што Захад на гэта пагодзіцца і здасць нашу краіну. Калі гэта адбудзецца, гэта будзе вельмі дрэнна, але з гістарычных вымярэнняў, аб’яднанне з Расіяй не працягнецца доўга, гэта не будзе нават на 10 гадоў. Хутчэй Расійская федэрацыя аслабне.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.