Loading

Вядомы беларускі мовазнаўца, былы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Сяргей Гаранін быў затрыманы 7 лістапада пад час аблавы ў Акадэміі. Пасля вызвалення яму пачалі паступаць пагрозы за тое, што ён дае інтэрв’ю і не цэніць дабрыні ўлады. Сваю гісторыю Сяргей Гаранін распавёў і ў нашым эфіры.

Фота: Дзмітрыя Дзмітрыева novychas.online

Перадумовай для арышту мовазнаўцы стала вялікая зачыстка, пад час якой былі затрыманыя 44 супрацоўніка НАН РБ. З трыма з іх Сяргей Гаранін адбываў адміністратыўны арышт на Акрэсціна.

Аблава адбывалася ў працоўны час. Сяргея Гараніна затрымалі на працоўным месцы і адвезлі ў Цэнтральны апарат КДБ на допыт. Адтуль – у Завадскі РАУС, дзе склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Сяргей з калегамі адмовіліся іх падпісваць, бо ў пратаколе было пазначана, што ён у працоўны час у грамадскім месцы размахваў рукамі, выкрыкваў абразы і не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. Пасля чаго затрыманых адвезлі на Акрэсціна.

Галоўнай цяжкасцю ў такой сітуацыі дацэнт называе раптоўнае адарванне чалавека ад звыклай абстаноўкі, родных і сяброў. Вось гэта раптоўная ізаляцыя, бездапаможнасць і адсутнасць магчымасці нават паведаміць родным і дазнацца, што цябе чакае, робіць гэта выпрабаванне цяжкім.

Сяргей кажа, што пад час яго знаходжання на Акрэсціна там нікога не збівалі. Людзей ужо прывозілі збітымі ад ГУБАЗіКу. Даволі хутка чалавек там усведамляе, што ягоны лёс цяпер цалкам залежыць ад рашэнняў кіраўніцтва калоніі і следчых.

Маладым людзям пераносіць гэта становішча значна цяжэй, чым тым, хто жыў пры Савецкім Саюзе і памятае, як выхоўвалі тады асобу ў парадыгме, што ты нічога не вырашаеш у сваім жыцці.

Хтосьці прызвычайваецца да гэтых умоў доўга і цяжка, хтосьці лёгка і хутка. Але так ці інакш гэта адбываецца. У гэты момант чалавек перажывае стрэс, пагоршаны тым, што чалавек вырваны са свайго асяроддзя. У яго ўключаюцца ўсе магчымасці арганізма адаптацыі да стрэсу. А вось калі мы вяртаемся адтуль, на нас накатвае наступная хваля. І пачынаюцца і слабасць, і бяссонніца, і панічныя атакі з іншымі захворваннямі.

Сяргей кажа, што перажываў гэта і разважаў, што хутчэй за ўсё ён тут застанецца надоўга. Бо арыштоўвалі на рабочым месцы, справу вядзе КДБ. Таму пасля першай ночы, пад час якой ён прыняў гэта як наканаванае лёсам, стала спакайней.

Абвінавачвалі Граніна першапачаткова ў рэпосце экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але пратакол саставілі за дробнае хуліганства. Судзілі па Zoom менавіта за хуліганку. Суддзя, не гледзячы на тое, што відавочна ў пратаколе напісана немагчымае, прысудзіла 10 содняў.

Сяргей не чакаў вызвалення, думаў, што 10 содняў працягнуць іншымі і гэтак далей. Але прыемная нечаканасць здарылася. Сукамернікі праводзілі цёпла, а Сяргей дагэтуль адчувае занепакоеннасць тым, што ён а волі, а яны там.

У следчых на Граніна вялікая папка раздрукаваных допісаў з ягоных сацсетак. Тэксты зараз накіраваныя на экспертызу. Але навукоўца ўпэўнены, што ў тых допісах нідзе няма ніякіх заклікаў ці абраз палітычных дзеячаў. Яны напісаны культурна і абачна. Вынікі экспертызы Сяргею пакуль невядомыя.

Камера на Акрэсціна была цалкам населена палітычнымі. Максімальная колькасць людзей, што сядзелі там, бывала да 30 чалавек, мінімальная – 18. Былі два бяздомныя. Аднога хлопцы адразу адмылі і ён паводзіў сябе ціха. Другі маўляў, што сам папрасіўся да палітычных. Дык гэты самастойна адмыўся і кожны раз, як яго вадзілі на працу, прыносіў адтуль навіны. Аднойчы прынёс мяшочак турэмных катлет. Відаць, далі за працу, а ён імі з усімі падзяліўся.

Былі некалькі чалавек, якія сядзелі па крымінальных артыкулах. Яны ўпершыню ў жыцці пабачылі, што паміж людзьмі ў турме могуць быць нармальныя стасункі. Таму ахвотна падпарадкоўваліся агульным правілам і не супярэчылі, нават, калі ім матам забаранялі лаяцца.

Думаю, адна з прычын, па якой адміністрацыя баіцца садзіць разам палітычных і крымінальных, менавіта ў гэтым, – разважае Сяргей Гаранін. Бо такая злучка можа стаць ядзернай сілай там. Крымінальныя ў гэтым асяроддзі як рыбы ў вадзе. Яны могуць пранесці за краты што заўгодна. Яны ведаюць навіны, разумеюць, хто каго куды пераводзяць.

Цывільныя і схлусіць не могуць, калі іх запытваюць, ці ёсць у іх што забароненае накшталт запіскі. А гэтыя спакойна ставяцца да такога, нават, калі папаўся на хлусні ці праносе, нічога страшнага.

Прыкметна тое, што людзі, якія там знаходзяцца па палітычных артыкулах, у большасці выпадковыя. То бок, гэта не ідэалагічныя нейкія змагары, а звычайныя людзі, якія праз збег абставінаў апынуліся ў нейкай сітуацыі.

Напрыклад, быў мужчына, якому з жонкай трэба было на дачу ехаць. Ягоны аўтамабіль не завёўся, ён папрасіў у суседа старэнькі Форд, які ў тога стаяў некалькі гадоў ва двары і не выкарыстоўваўся. Загрузіў жонку і сумкі і паехалі па справах. Іх даішнікі спынілі, а на машыне ззаду налепка – Пагоня. Ну і пайшоў чалавек за адзіночны пікет сядзець.

Ці другі чалавек, які жонцы прагноз надвор’я пераслаў з каналу, які прызнаны экстрэмісцкім. Сядзіць зараз дзядзька за распаўсюд забароненага каналу. І такіх людзей вельмі шмат трапляе.

Шмат хлопцаў прывозяць збітымі. Аднога прывезлі такога, што ён мог толькі на жываце ляжаць. Здаровы такі хлопец фізічна, увесь збіты. То яго пад краты клалі, там крыху з вакна цягнула халадком, каб яму лягчэй было.

Такая атмасфера ў камеры ва многім была дзякуючы святару, айцу Уладзіславу Багамольнікаву [затрыманы 1 верасня за тое, што служыў паніхаду на Плошчы Пераменаў па забітаму Раману Бандарэнку (прык.рэд.)]. Адносіны ў камеры былі максімальна набліжаныя да звычайных чалавечых. І побыт быў арганізаваны і ежа пакідалася свабодна і за чысцінёй і гігіенай сачылі. Ноччу было правіла – не ўставаць і па камеры не хадзіць, каб не турбаваць іншых. Гэтае правіла выконвалася ўсімі.

Ну і занятак інтэлектуальны быў – чыталі лекцыі, адукаваных людзей там было шмат. Сяргей, напрыклад, свой курс, што ў ВНУ чытае, там выкладаў. Як лектар зрабіў для сябе некалькі важных адкрыццяў, як палепшыць яго для ўспрыняцця.

Што тычыцца фізічнага стану, то, безумоўна, тое, што людзі ўвесь час знаходзяцца ў душным і перапоўненым памяшканні, без свежага паветра, актыўнасць, магчымасці бываць на сонцы, адбіваецца на здароў’е. Кашляюць там усе, бо паветра насычанае бактэрыямі. Ноччу вочы заплываюць гноем.

Айцец Уладзіслаў Багамольнікаў яшчэ і галадоўку раней трымаў. То фізічна ён тады ўжо быў аслаблены вельмі. А зараз ёсць звесткі, што стан яго здароў’я яшчэ пагоршыўся. Там любая хвароба можа ўзнікнуць, а медычнай дапамогі за кратамі няма.

Уся дапамога – гэта падыходзіць нейкі медык, нават, не вядома, гэта доктар ці фельчар. Вось ён да кармушкі падыходзіць, у яго пакецікі з лекамі, што родныя перадалі. І ён у зэка запытвае, які лек табе даць. А ты не ведаеш, што там у яго ёсць. Адпаведна запытваеш, ён пералічвае і ты хуценька павінен адказаць, што табе зараз патрэбна, пакуль ён не пайшоў. Агляду доктару там не існуе.

Пасля нечаканага для сябе вызвалення Сяргей Гаранін пачаў даваць інтэрв’ю і на сваёй старонцы ў Фейсбуку апісваць перажытае таксама. Яму пачалі пагражаць у каментарах і дасылаць пагрозы і абразы ў асабістыя. Пагражаюць збіць, пераламаць і г.д. Сяргей кажа, што будзе збіраць такія паведамленні і звяртацца ў міліцыю, каб дзяржава, якая так пільна сочыць за парадкам, разабралася.

На пытанне, ці ёсць у яго магчымасць і планы пакінуць Беларусь, Сяргей Гаранін адказвае, што не хацеў бы гэтага рабіць. Візы ніякай не мае і жадання ўязджаць таксама. Але, калі будзе адчуваць пагрозу свайму жыццю і свабодзе, то такі варыянт не выключае. Зараз дацэнт звольнены з працы і не мае магчымасці займацца тым, чаму прысвяціў жыццё. Калі такая сітуацыя захаваецца, то лепш на свабодзе, хоць і ў іншай краіне быць карысным для навукі і людзей, чым сядзець у турме, разважае навукоўца.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.