Былы галоўны рэдактар тэлеграм-канала Nexta Раман Пратасевіч напярэдадні абвясціў, што яго памілавалі. Трэцяга траўня Пратасевіча асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, разам з іншымі фігурантамі па справе Nexta, якія атрымалі 20 і 19 гадоў калоніі, праўда завочна. Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік зараз знаходзяцца ў Польшчы, у адрозненне ад Пратасевіча, які апынуўся ў Мінску пасля прымусовай пасадкі самалета Ryanair у траўні 2021 года. З моманту абвяшчэння прысуду, па якім блогер атрымаў восем гадоў калоніі, да навіны аб памілаванні прайшло менш за тры тыдні. І нават адвакаты ў каментарах СМІ кажуць, што вельмі хутка адбылася гэтая працэдура.
Памілаванне Пратасевічу пракаментаваў стваральнік суполкі «Мая краіна – Беларусь» Сяргей Бяспалаў:
— Вельмі хутка ўсе зрабілі. Адразу пасля Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, быццам бы хацелі неяк гэтую тэму «загнабіць». Чалавек быў у статусе тэрарыста. Мне здаецца, што гэта адзіны выпадак у свеце, калі чалавек у такім статусе памілаваны фактычна адразу пасля суда: яму даюць тэрмін 8 гадоў, а пасля адпускаюць. Мне здаецца, што рабіў гэта сам Лукашэнка, вось ён сам сабе нешта прыдумаў, што трэба зараз адпускаць. Я думаў, што ўсё ж такі яго паўгады-год пратрымаюць у турме, але ўсе здарылася хутчэй, чым я сам чакаў.
Пайшоў такі розгалас у СМІ, нават у прарасійскай і пралукашэнкаўскай аўдыторыі, якая на гэты прысуд адрэагавала не вельмі, бо ён усіх здаў, усё зрабіў, а ў выніку атрымаў удвая менш, чым чакалася. Але 8 гадоў гэта таксама доўгі тэрмін. Я, праўда, не верыў, што гэта будзе 8 гадоў, я думаў, што будзе менш ці яго ўвогуле ў залі суда адпусцяць. Але яны яго прынізілі гэтым прысудам. Пасля паглядзелі, што не ўсе зразумелі такі вырок і памілавалі.
Я думаю, што ўжо ніякай карысці ад яго не будзе, бо ўсё, што можна было, яны выкарысталі. Я не здзіўлюся, што праз год-два яго могуць нават прыбраць. І гэта не будзе дзіўна, бо ён ведае шмат, і сёння за адных гуляе, а заўтра – за іншых, свае погляды змяняе вельмі хутка. І можа зноў апынуцца ў асяроддзі апазіцыі і ўсё тое, што з ім дарылася, ён раскажа. І я думаю, што там ёсць сакрэты.
— А на тваю думку, тое, што Пратасевіч стаў на бок рэжыма, гэта яго шчырыя намеры ці ён проста спрабуе выратаваць сябе?
— Я думаю, што ёсць у яго крыўда, крыўда на апазіцыю, што з ім такое здарылася. І яго псіхалагічна, у першыя дні затрымання, не столькі фізічна білі, колькі прамывалі мазгі, што яго здалі, што нейкая здрада. І ён у гэта паверыў сам. Яго ахоўны механізм сыграў так, быццам бы ён невінаваты, яго здалі і ён будзе здаваць.
— А ці дапускае Пратасевіч, што яму прыйдзецца аднойчы адказваць перад тымі, каго ён здаў?
— Хутчэй за ўсё ён пра гэта нават не думае. Я глядзеў яго відэа апошняе, дзе ён хоча паехаць на прыроду, пайсці ў сілоўню. І я думаю, што ён зараз задаволены, што яго адпусцілі. Ён да апошняга ў гэта нават не зусім верыў, бо быў прысуд, былі 8 гадоў. І гэта было спецыяльна зроблена, каб задавіць, задушыць і выкарыстаць ушчэнт.
— Раман на волі але Соф’я Сапега ў турме. Яна сапраўды з’яўляецца такой экстрэмісткай, як яе малюе беларуская і расійская прапаганда ці яна ва ўсёй гэтай палітычнай тэме апынулася выпадкова?
На жаль, друг варыянт. Яна проста чалавек у палоне. Яна трапіла туды выпадкова. Калі б не было Пратасевіча, то з ёй нічога бы не здарылася. І не толькі Соф’я Сапега, ёсць яшчэ людзі, якія селі з-за дзеянняў Рамана.
Comments are closed.