Loading

Святлана Ціханоўская пракаментавала заяву Уладзіміра Пуціна аб частковай мабілізацыі, якую ён абвесціў у звароце 21 верасня.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

«Сёння Пуцін афіцыйна прызнаў, што жыццё чалавека нічога не каштуе, калі ягоная «спецаперацыя» за сем месяцаў не прывяла да поспеху. Ваенная мабілізацыя толькі для віду названа частковай, у канчатковым выніку паміраць ні за што адправяць людзей незалежна ад узросту, прафесіі і ваеннага досведу. І цяпер галоўнае пытанне для нашай краіны — ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў?

Ні беларускае войска, ні беларускае грамадства не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. У беларусаў ніколі не было прагі да гвалту ці амбіцый заваёўваць чужыя тэрыторыі. Апошняя вайна, у якую былі ўцягнутыя беларусы, — гэта трагічны для народа і ганебны для ўлады досвед у Афганістане. Лукашэнка ўжо шмат разоў ішоў супраць волі народа, але калі ён адпраўляе беларусаў паміраць на вайне — гэта ўсё роўна, што ён заходзіць у дом кожнай беларускай сям’і і сваімі рукамі забівае бацьку ці сына.

Я заклікаю ўсіх беларусаў памятаць: гэты чалавек здаў частку суверэнітэту Беларусі. Ён не ўстане абараніць наш народ ад вайны, ён толькі ўцягвае нас у яе яшчэ больш. Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа патрапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў. Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі, калі яны спрабуюць знайсці вас, калі трэба, часова зменіце месца жыхарства, паспрабуйце гарантаваць сваю бяспеку. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, — паведамляйце пра гэта медыям і актывістам. Даведайцеся пра навіны ад калег і сяброў, аператыўна дзяліцеся інфармацыяй з тымі, хто не чытае незалежныя СМІ. Калі вас ужо адправілі на вайну — складвайце зброю, беларускае грамадства вас падтрымае. Ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі».

Comments are closed.