Loading

Тысячу дзён за кратамі знаходзяцца Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі – яны былі арыштаваны яшчэ ў маі 2020 года, за чатыры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў 20 года. Пасля рэпрэсіі пачаліся і ў дачыненні да іншых палітыкаў, якія наважыліся кінуць Лукашэнку выклік. Статкевічу і Ціханоўскаму, а таксама лёсам іншых палітвязняў, якіх рэжым трымае ў засценках, быў прысвечаны нядзельны мітынг у Вільні.

Адкрываў мітынг Уладзімір Некляеў, які не змог асабіста прысутнічаць у Вільні, але на плошчы Кудзіркі гучаў яго верш, прысвечаны тым, хто зараз знаходзіцца ў беларускіх турмах.

Няма людзей з жалеза, з іншай цвёрдасці,
Але ёсць людзі гонару і годнасці,
Ёсць людзі духу, што цвярдзей ад сталі,
Якіх не знішчылі, як ні знішчалі,
Як ні каралі, каб іх дух скарыць,
Ды не скарылі!..
Вечны Зніч гарыць
У сэрцах іх – і асвятляе шлях
У самых цёмных і глухіх часах,
Каб не зблукаў народ, каб не прапаў,
На сцюжах часу не схіліўся долу,
А выпрастаўся – і ў сабе пазнаў
Алеся,
Паўла,
Зьміцера,
Міколу!..

Мікола Статкевіч знаходзіцца ў турме вось ужо тысячу дзён. Знаходзіцца ў цяжкіх умовах, шмат часу праводзіць у ізалятары – кажа яго паплечнік, выконваючы абавязкі партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

«Чалавек тысячу дзён свайго жыцця, ужо немалады чалавек, аддаў за ідэю. Таму наш абавязак, як яго сябраў па партыі, прыцягнуць увагу да тэмы палітычных зняволеных і тых, людзей, якія рэальна з’яўляюцца змагарамі і лідарамі рэвалюцыі. Мы павінны паказаць, што ахвяра Статкевіча не дарэмная, мы ўсё памятаем, старонка не перагортваецца і мы чакаем вызвалення палітвязняў. Мы ў кантакце з Міколам Статкевічам праз яго жонку Марыну Адамовіч. Ад яе ў нас інфармацыя, што адбываецца ў калоніі ў Глыбокім. Мікола палову часу знаходзіцца ў ізалятары, бо не мірыцца з патрабаваннямі адміністрацыі».

Лічба тысячу дзён за кратамі гучала не толькі ў дачыненні да Міколы Статкевіча: на мінулым тыдні такую «круглую дату» у турме адлічыў Сяргей Ціханоўскі. Яго паплечнікі, разам са Святланай Ціханоўскай, далучыліся да мітынгу беларусаў у Вільні. Лідарка дэмакратычнай Беларусі адзначыла: яна кожны дзень задаецца пытаннем, што мы можам зрабіць, каб хутчэй сустрэцца са сваімі роднымі. І гэты боль трэба ператварыць у канкрэтную працу.

«Кожны з нас сёння прыйшоў са сваім болем: у кожнага з нас у засценках каханы, блізкі ці родны. Нас аб’ядноўвае агульны боль, але і ўпэўненасць, што кожны будзе вызвалены з-за кратаў. Мы не спынімся ні на дзень, пакуль іх не вызвалім з закладнікаў.

Напрыклад, у мяне дома паўсюль партрэты Сяргея, бо я хачу, каб дзеці кожны дзень бачылі яго твар. Мы кожны тыдзень глядзім відэа з Сяргеем, каб малодшая дачка, якая бачыла яго тры гады таму, не забывала яго голас. Ні было ніводнага дня, каб я не задавала сабе пытанне: а што яшчэ можна зрабіць, каб вызваліць нашых людзей? Я ператвараю свой боль у працу. Не трэба казаць, што мы чакаем вызвалення нашых родных, мы працуем над іх вызваленнем. І не спынімся, пакуль кожны не вернецца дадому».

На міжнароднай арэне пытанні беларускіх палітвязняў і пытанні Беларусі ў цэлым пастаянна ўзнімае дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Ауштравічус. У нядзелю ён далучыўся да слоў падтрымкі Міколе Статкевічу.

«Часта сустракаліся, размаўлялі пра будучае Беларусі. Нашыя ўяўленні на гэтую тэму супадаюць: Беларусь павінна стаць краінай вольных людзей, краінай вялікіх магчымасцей. Мікола ведаў і ўяўляў усе рызыкі, якія выклікае яго дзейнасць, але ён працягваў сваю барацьбу. Феномен 2020 года ў Беларусі створаны такімі людзьмі, як Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, але Статкевіч працаваў шмат гадоў да гэтага, ён быў ворагам рэжыму Лукашэнкі доўгі час. Я ганаруся, што ведаю яго асабіста, бо ў 21 стагоддзі ведаць асабіста палітычных зняволеных гэта вялікі гонар. Я спадзяюся, што наша агульная дзейнасць вызваліць усіх палітзняволеных. Я думаю, што весці дыялог з рэжымам Лукашэнкі небяспечна, на яго трэба давіць санкцыямі».

Па прычыне не зусім прыемнага надвор’я ў Вільні – пранізлівы вецер, – 4, а па адчуваннях усе -14 – беларускі мітынг сабраў небагата людзей, але прыйшлі самыя адданыя прыхільнікі беларускіх палітыкаў.

«Тэма палітычных зняволеных у Беларусі вельмі важная і важна нагадваць свету, што яны ёсць, каб Беларусь заставалася ў міжнародным парадку дня. Безумоўна, Украіна зараз займае ўсю інфармацыйную прастору, гэта вельмі важна, бо перамога Украіны гэта будзе перамога ўсяго свету, але пра беларусаў не варта забываць.

Тысячу дзён Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі, мы тут, бо людзі павінны ведаць, што ёсць такія змагары ў Беларусі, што ёсць такі беларускі Нельсан Мандэла нашых гадоў. Для мяне гэта чалавек-крамень. Гэта чалавек, які не пайшоў на здзелку з рэжымам, каб яго вызвалілі, нейкія паслабленні зрабілі. Ён гэта цягне ўсе сваё жыццё».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.