Loading

У Вільні прайшла прэзентацыя кнігі пра Святлану Ціханоўскую «Ледаколка». Яе аўтар польскі журналіст Руслан Шошын разам з лідарам дэмакратычнай Беларусі, яе паплечнікамі і апанентамі вярнуліся ў 2020 год, каб яшчэ раз узгадаць драматычныя для Беларусі падзеі. Яго суразмоўцамі сталі людзі, якія дапамагалі Святлане Ціханоўскай вывозіць дзяцей, а пасля самой выязджаць з Беларусі, людзі, якія зараз уваходзяць у блізкае кола Ціханоўскай, і тыя, хто жыў і рос з ёй побач да «беларускай рэвалюцыі». Як прызнаўся сам аўтар, многім з яго суразмоўцаў было цяжка вяртацца ў 20 год, а часам падзеі двухгадовай даўніны ўжо з памяці сцёрліся. А што сама галоўная гераіня памятае пра тое «гарачае лета 20-га», у яе спытала радыё Ўнэт.

Святлана, ці часта Вы самі вяртаецеся ў падзеі 2020 года, у думках, дыялогах. Можа шкадуеце, што зрабілі штосьці няправільна?

Калі аглядаешся на 2020 год, часта задаеш сабе пытанне, а ці патрэбна было рабіць гэтыя першыя крокі. Калі ты яшчэ не ўсведамляў, у што гэта можа выліцца, што гэта можа ператварыцца ў такое паўстанне, таму што першы свой крок я рабіла толькі дзеля мужа. Я таксама не думала пра нейкія вялікія падзеі, пра краіну, пра перамены. Я зрабіла гэта дзеля мужа, бо мне важна было паказаць, што ўсе, што рабіў ён, для мяне таксама было важным. Я была такой сярэднестатыстычнай беларускай, як і ўсе мы магла на кухні дзесьці штосьці абмеркаваць, але публічна гэта выказаць не маглі. Думаеш пра тое, ці былі зроблены нейкія памылкі. Бо кажуць: у вас была мірная рэвалюцыя, а можа было трэба па-іншаму? Пачынаеш думаць, а ў які момант можна было па-іншаму і ці быў беларускі народ гатовы да гэтага, а якія былі ў нас да гэтага перадумовы і сродкі. Я ўпэўнена, што памылкі былі, але куды без іх. Памылкі не робіць той, хто нічога не робіць.

У 2020 годзе былі розныя перыяды. Да дня выбараў гэта было такое натхненне. Мы бачылі людзей, мы бачылі іх вочы, вельмі яркія ўспаміны да 9 жніўня. Потым наступілі чорныя дні, калі мы бачылі, як нашы людзі людзі выходзяць з турмаў, сінія, пабітыя. Гэта быў страшны перыяд. Потым з’явіліся нашыя жанчыны, потым шматтысячныя маршы. Былі розныя перыяды з рознымі эмоцыямі. І гэта забыць немагчыма. Праз што прайшлі беларусы, павінна быць увекавечана не толькі ў падручніках па гісторыі, але павінен з’явіцца музей тых падзей. Гэтая гісторыя павінна быць такім чынам захавана, каб будучыя пакаленні разумелі, якім коштам нам дасталася перамога, а яна абавязкова наступіць, і каб нашы нашчадкі не паўтаралі тых памылак, якія мы зрабілі яшчэ ў 90-ыя гады.

Вы сёння так цёпла казалі пра сваіх сяброў, яны сапраўды сталі для Вас «баявымі сябрамі»?

Я сёння расказвала пра Машу і Сашу (Мароз-рэд.). Безумоўна, гэта сям’я стала для мяне вельмі блізкай. Зараз яны жывуць у Польшчы, але мы пастаянна ў кантакце. І тое, што яны зрабілі для мяне, і мой удзел у іх жыцці стаў сяброўствам на доўгія гады. Я за гэты час спаткала вельмі шмат цудоўных людзей. Яны, нягледзячы на цяжкасці, не апускаюць рукі. Ёсць частка людзей, якія ў цэнтр увагі паставілі сваё ўласнае жыццё і адышлі ад палітыкі, але асноўная маса засталася. Гэта людзі, якія разумеюць, што яны не могуць здрадзіць тым, хто ахвяраў сабой, каб даць нам магчымасць працягнуць гэтую барацьбу. Я думаю, што гэтая рыса вылучае беларусаў: яны не могуць махнуць рукой і спакойна ісці па жыцці, у іх у думках Маша, Сяргей, Тоня Канавалава, Вольга Лойка, у кожнага знойдзецца пара прозвішчаў, за якія барацьба працягваецца. Да таго часу, пакуль я фізічна магу, маральна магу, я буду змагацца за беларусаў. Я буду паўзці, мяне і ў спіну піхаюць, мне ставяць падножкі, мы разумеем, што супраць нас працуе вялікая рэжымная машына, але я буду працягваць сваю працу. Я кожны дзень бачу сваіх дзяцей, якія мяне пытаюць пра тату, пра Беларусь, і я разумею, што такіх сем’яў тысячы, ёсць шмат дзяцей, якія сталі дарослымі вельмі рана з-за гэтых усіх падзей.

 

Comments are closed.