27 снежня ў Гомельскім абласным судзе былі вынесеныя прысуды светлагорскім рэйкавым партызанам. Дзяніс Дзікун асуджаны да 23 гадоў зняволення. Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч адпаведна да 21 і 22 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Родны брат асуджанага Дзяніса Дзікуна Дзмітрый пракаментаваў прысуды сваякам.
Усе асуджаныя для Дзмітрыя Дзікуна – родныя людзі. Брат Дзяніс, шурын Дзмітрый і бацька жонкі брата – Алег Маўчанаў. Дзмітрый кажа, што ціск на хлопцаў пачаўся з моманту затрымання. Ён дакладна ведае, што брат і шурын падчас затрымання былі моцна збітыя.
Калі АМАП прыйшоў да брата, той быў гатовы і наўмысна лёг на пол, каб не білі. Але ўсё роўна першае, што зрабілі сілавікі – моцна збілі яго яшчэ ў кватэры. Білі пераважна па галаве. Пасля чаго на галаву нацягнулі шапку, каб на відэа затрымання, а пасля на так званым «пакаянным» відэа не было бачна пабояў.
Шурына збівалі ў машыне, пакуль везлі да РАУСу, са словамі, што мужчыне пашанцавала, бо міліцэйскі будынак побач і доўга біць не атрымаецца. То бок, усе паказанні, што давалі падсудныя, літаральна з іх выбіты.
Таму і суд быў закрыты, упэўнены Дзмітрый. Бо адсутнасць доказаў па ўсім артыкулам, што ім прыпісалі, сведчыць аб палітычнай матываванасці справы. Падсудныя прызналі віну часткова і гатовыя былі панесці адказнасць за тое, што зрабілі, але дакладна не за ўсё тое, што ім прыпісваюць. Кшталту ўдзелу ў замежных арганізацыях. Дзмітрый кажа, што ні ў якіх замежных арганізацыях яны не знаходзіліся, нідзе не рэгістраваліся і нават у пратэстах 2020 года ўдзелу не прымалі.
Але пакуль у краіне не дзейнічае закон, спадзявацца на справядлівы суд не выпадае. Дзмітрый кажа, што мужчыны стараюцца трымацца годна, наколькі гэта магчыма ў іх сітуацыі. Дзяніс і Алег моцна хварэюць. Але медычную дапамогу ім аказваюць і неабходныя лекі ад родных прымаюць.
Пасля суду было дазволена спатканне з роднымі. Лісты ад сваякоў унутры краіны таксама да іх даходзяць, а вось лісты, што піша Дзмітрый з-за мяжы, хутчэй за ўсё, не. Прынамсі ніводнага адказу на іх за ўвесь час Дзмітрый не атрымаў і не мае звестак аб тым, што ягоныя лісты родныя чыталі.
Спачатку разам з мужчынамі былі затрыманыя і жонкі Дзяніса Дзікуна і Дзмітрыя Равіча. Праз некаторы час іх адпусцілі, але ціснулі і запалохвалі, каб маўчалі. Менавіта праз гэта і сам Дзмітрый не можа распавесці шмат з таго, што ведае, бо родныя знаходзяцца ў Беларусі і ім забаронены выезд.
Тое, што пра справа светлагорскіх рэйкавых партызанаў атрымала вялікі розгалас за межамі Беларусі, надае натхнення, лічыць Дзмітрый Дзікун. Ён спадзяецца, што ўвесь тэрмін яго блізкія не правядуць за кратамі, бо ў краіне адбудуцца дэмакратычныя змены. І ўласна ён гатовы рабіць для гэта ўсё магчымае.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.