Loading

Беларуская дыяспара ў Швейцарыі як арганізацыя існуе 10 гадоў. У краіне жыве каля 1800 беларусаў. Не ўсе яны стасуюцца пастаянна паміж сабой, але такая магчымасць пры жаданні ў іх ёсць – суполка беларусаў адкрытая для ўсіх ахвочых.

Старшыня «Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі» Наталля распавяла пра сваю інтэграцыю ў краіне і жыццё дыяспары.

Наталля жыве ў Швейцарыі дзевятнаццаць гадоў. Прыехала працягваць адукацыю пасля факультэта міжнародных адносін у эканамічным універсітэце. Кажа, ёй пашанцавала атрымаць стыпендыю на навучанне ў швейцарскім універсітэце. На той момант у яе была нямецкая на ўзроўні С2 і ангельская. Гэта, безумоўна, значна спрасціла і навучанне і інтэграцыю ў новую культуру.

Першы год усе выдаткі Наталлі пакрывала стыпендыя. Далей прыйшлося шукаць працу, каб працягнуць навучанне. На шчасце, дзяўчыну запрасілі на стажыроўку ў вядомую міжнародную ІТ-кампанію, у якой яна працуе дагэтуль. Практыка студэнтаў з працай вельмі распаўсюджаная ў Швейцарыі. Навучанне плануецца так, каб студэнт меў магчымасць паралельна працаваць.

Наталля кажа, што спачатку ратавалі стасункі з рускамоўнымі з краін былога СССР. Але сяброўства з роднымі беларусамі бракавала. І вось на Фейсбуку ёй папаўся пост ад дыяспары беларусаў у Швейцары. Пачала сачыць за імі анлайн, раз-пораз прыязджала на сустрэчы.

На той момант Наталля жыла ў іншай частцы краіны і ўжо мела сям’ю і маленькае дзіця. Таму ездзіць частка ніяк не атрымлівалася. А калі сітуацыя змянілася, пачала сустракацца з беларусамі дыяспары часцей. Зараз яна ўзначальвае арганізацыю «Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі».

Звяртаюцца беларусы з рознымі пытаннямі адносна вучобы, легалізацыі. Валанцёры могуць дапамагчы з праверкай і складаннем некаторых дакументаў, даць парады і кантакты. На асабістым узроўні беларусы займаюцца і дабрачыннай дапамогай. Пастаянна ладзяць розныя культурніцкія мерапрыемствы і сустрэчы – музычныя, мастацкія і дзіцячыя.

Comments are closed.