Праект «Свае людзі» выпраўляецца на чарнаморскае ўзбярэжжа горнай краіны Сакартвэла, альбо Грузіі, цудоўны горад пад пальмамі – Батумі. Там таксама жыве шмат сваіх людзей – нашых, беларусаў. Адзін з іх, літаратар, публіцыст Севярын Квяткоўскі. З ім наша сённяшняя размова.
— Чаму менавіта Грузія і менавіта Батумі?
— Я вярнуўся, усё ж-такі, на час. Буду я жыць, відаць, пакуль на дзве краіны – на Польшчу, і на Батумі. Я атрымаў дакументы польскія, то бок, я рэзідэнт Польшчы ўжо. Ну а Батумі… Я, як літаратар і публіцыст, відаць, напішу яшчэ не адзін тэкст пра Батумі.
Калі каротка, то па-першае, на піку тут было каля 20 тысяч беларусаў. Зараз, відаць, ужо шмат хто з’ехаў, але тысяч дзесяць я так наўскідку даю. І гэта не проста 10 тысяч беларусаў. Гэта асяродак такі, дзе ёсць гістарычны клуб, напрыклад, крама нацыянальнай сімволікі, дзіцячы асяродак, асяродак, дзе розныя імпрэзы праводзяцца шырокага фармату. На плошчы перыядычна пікеты нейкія ладзяцца з пэўных нагод. І ўсё гэта на адносна невялікай тэрыторыі, калі казаць пра стары Батумі – асноўныя актыўнасці ў старым Батумі. І ўсё гэта яшчэ з кліматам вельмі лагодным, дзе зіма толькі ў студзені – можна назваць зіма, усё астатне – гэта пераход ад вясны да лета, з морам, з пальмамі.
Тут вельмі талерантныя людзі ў асноўным. Вельмі рэдка тут хтосьці нарываўся на людзей, якія блытаюць Лукашэнку і беларусаў. Іх вельмі мала. Тут жа мыльтынацыянальны, мультырэлігійны горад. Калі кажуць «Грузія», трэба разумець, што Грузія – яна вельмі-вельмі розная. Яна як тэрыторыя Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцяў прыблізна, працэнтаў 70 – гэта горы, жыць можна толькі на зусім невялікай тэрыторыі. І вось гэтая тэрыторыя – яна вельмі адрозная. Нават па Батумі – тут заварочваеш за рог вуліцы, і ты ўжо ў іншым сусвеце. Карацей, людзі, якія любяць прыгоды, нечаканыя павароты сюжэту, ім тут па кайфу, людзі, якія любяць стабільнасць ва ўсіх сэнсах і не любяць сюрпрызы, ім тут не вельмі падабаецца. Але мне, як літаратару, найперш цікава вось гэтае сведчанне нечакана ўзніклага яркага беларускага жыцця за тры тысячы кіламетраў ад Беларусі.
Грузіны, вось гэтыя – сучасныя, тут з’явіліся толькі 100 гадоў з хвосцікам назад, калі Расійская імперыя адваявала ў турак гэтую тэрыторыю, вось гэтыя горныя аджарцы пачалі засяляць прыморскае ўзбярэжжа, таму што людзі, якія тут жылі пры моры, яны сыйшлі з туркамі. Карацей, тут вельмі закручаная гэтая этнічная гісторыя, рэлігійная – тут жа мусульмане большасць калісьці былі, зараз яны ўжо меншыня. Тут ідзе рэхрысціянізацыя, паўсюль крыжы ставяцца. Але тут няма напругі, скажам так. Няма міжэтнічнай напругі, няма міжрэлігійнай напругі. Тут ёсць турэцкі квартал. Тут ёсць армяне – не з Арменіі сучаснай, а армяне яшчэ тыя, якія 200 гадоў тут жывуць, яшчэ з тых часоў – з Асманскай імперыі. Тут ёсць расійцы, якія нарадзіліся ўжо ў другім-трэцім пакаленні, тут ёсць украінцы, іх дзяды ўцякалі з Кубані ад голаду. Тут проста неімаверная колькасць усякіх скрыжаванняў этнічных. І ўсё гэта на невялікай тэрыторыі.
Пра стаўленне да беларусаў ды іншых:
— Калі тут беларусы ды іншыя экспаты з усходняй Еўропы затрымаюцца годзікаў на 10, то, я думаю, што тут можа ўзнікнуць увогуле новая канфігурацыя, скажам так, батумчан. Мне асабіста камфортна.
Па-першае, яны не адрозніваюць расійцаў, беларусаў і ўкраінцаў. А старыя людзі, калі кажаш, што я палітычны бежанец з Беларусі, у іх гэта нават у галаве не ўкладаецца. Пры тым, што яны прывыклі, што бежанцы – гэта няшчасныя людзі, без грошай, без адукацыі, без працы, а тут прыязджаюць еўрапейскага выгляду бежанцы, з ноўтбукамі, якім ад Грузіі, у прынцыпе, апроч інтэрнэта нічога больш не трэба.
Яны не разумеюць чаму там, напрыклад, Расія напала на Украіну. Я кажу пра старэйшых, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Інтэрнэт тут як у Беларусі ў 90-я гады: карыстаецца толькі моладзь. Я кажу пра Батумі. Моладзі мала, табе даводзіцца ўвесь час камунікаваць са старэйшымі. Я кажу: ну у вас жа Расія 20% тэрыторыі (захапіла). «Не, ну гэта ж мы для іх не свае, а ўкраінцы, тыпу, свае».
Так збольшага – мір, спакой. Інтэрнацыянальны горад. Як яго заснавалі, ён ніколі не быў монаэтнічным. То бок, мультыкультурнасць – гэта асноўны код Батумі.
Пра беларускае жыццё ў Батумі:
— Калі казаць пра Тбілісі, то з пункту гледжання культурнага жыцця, Тбілісі – гэта прыгарад Батумі, гэта правінцыя. Я гляджу па абвестках – дзе больш адбываецца культурных імпрэзаў. У Батумі беларускіх імпрэзаў адбываецца больш. Да нас у Батумі з Тбілісі прыязджаюць беларусы часта, музыкі, напрыклад.
Калі пра асяродкі, ну, напрыклад, гістарычны клуб я ўзгадаў: збіраюцца там, тэматычныя пэўныя лекцыі ў папулярным фармаце. Ёсць каворкінг, і вось у гэтым каворкінгу перыядычна робяцца. Гэта такі дом аднапавярховы ў цэнтры таксама. Усякія квізы, настолкі, можа быць паэтычны выступ.
Звычайныя культурніцкія праекты, рознафарматныя, якія і ў Польшчы можаце ўбачыць. Адзінае, што ў Варшаве людзі ж не ў цэнтры жывуць – у цэнтры дорага, людзі жывуць на раёнах, і вам давядзецца ехаць ад 50 да 30 хвілін ка трапіць на імпрэзу. А тут ты выйшаў з дому, прагуляўся міма пальмаў, і ўжо праз 10-15 хвілін ты на імпрэзе.
Ёсць адзін маленькі мінус, што ў Батумі няма чаго рабіць падлеткам і юнакам. Тут добра для маладых без дзяцей, альбо маладых з малымі дзеткамі і для дарослых, у якіх дзеці ўжо выраслі і дзесьці там самі. А вось тое, што патрэбна падлеткам і юнакам, тут гэтага няма. Гэта, усё ж-такі такі горад правінцыйны ў нармальным сэнсе слова.
Пра беларускую палітычную актыўнасць:
— Тут робяцца такія праходкі. Праўда, гэта выглядае трохі дзіўна, калі па марскім праменадзе сярод пальмаў ідуць людзі з бел-чырвона-белыі сцягамі і з воклічамі «Жыве Беларусь!» Але тут такая тэма, можа быць не надта вясёлая, у тым плане, што беларускія сцягі тут пачалі знікаць, знікаць, знікаць і вось я апошніяя дні хаджу і бачу, што беларускіх сцягоў практычна няма, толькі ўкраінскія засталіся. Я яшчэ не высвятляў, але я маю падазрэнне, што тут нейкаторыя ўкраінскія актывісты, не разумеючы, што трэба шукаць саюзнікаў, асабліва, калі ты ў выгнанні, а яны працягвалі піліць мазгі беларускім актывістам, блытаючы беларусаў з лукашыстамі. Ну і вось гэтая палітычна слепата прывяла да таго, што сышло на не гэта ўсё: беларусы займаюцца сваімі справамі і ўжо не падтрымліваюць так, як калісьці.
Самае моцнае ўражанне ад Батумі:
— Найбольш моцнае ўражанне ад Батумі – гэта беларусы, якія не проста там жывуць, а стварылі сваю нейра-сетку. Мы гаварылі пра культурныя асяроддзі, пра грамадска-палітычную актыўнасць, але вы не забывайцеся, што беларусы – гэта свае электрыкі, свае сантэхнікі, свае цырульнікі, барберы, ёга, фота – усё, што трэба чалавеку, збольшага, тут ёсць менавіта беларускае. Тут самаарганізацыя беларуская, якая праявілася ў 20-м годзе найбольш масава, яна працуе і тут. Вось гэтым мне Батумі найбольш за ўсё запомнілася.
Поўную размову з Севярынам Квяткоўскім слухайце ў падкасце «Свае людзі».
Comments are closed.