Loading

З 2 па 10 снежня ў Беларускім моладзевым хабе можна было пазнаёміцца з фотапраектам «Minsk antizoo. Red mark». У 2021 годзе яго стварыла крэатыўная група беларусак. Minsk antizoo – гэта творчая рэфлексія на падзеі, якія адбываюцца з намі пасля 9 жніўня 2020 года. Праект-летапіс нашай гісторыі, загорнуты ў мастацкую алегорыю параўнання людзей, якія знаходзяцца за кратамі, і жывёл, якiя знаходзяцца ў заапарку. Сэнсаў у праекце закладзена вельмі шмат, але кожны ўбачыць у ім свой боль і сваю гісторыю. Падводзім вынікі разам з аўтаркай праекта, стылісткай Аннай Прышывалка.

Якія эмоцыі пасля выставы?

Гэта момант, калі ажыццявілася мая мара і пастаўленая мэта. Гэта важная падзея для мяне асабіста і для маёй каманды. Калі магчыма нешта зараз зарабіць, то гэта трэба рабіць. Праз выставу нам важна было выказаць салідарнасць менавіта з жанчынамі пратэсту, падкрэсліць іх вялікі ўнёсак у пратэст.

На прэзентацыі мне было балюча чуць, што пасля пачатку вайны ва Украіне беларуская павестка згубіла актуальнасць. Я чалавек, які эвакуяваўся з Ірпеня. І мне баліць і за украінцаў, і за кожнага беларускага палітзняволенага.  

Што гледачы маглі ўбачыць на выставе?

Мы паказалі 6 фотагісторый пра розных жанчын. Тры пра рэальных гераінь: Калеснікаву, Хіжынкову і Леўчанка. І тры вобразы былі збіральныя: маці, пенсіянерка і маладая студэнтка. Кожная гераіня распавядала сваю гісторыю.

Колькі мінула часу пасля пераезда ў Варшаву, калі вы зразумелі, як і куды рухацца ў прафесіі?

Мы трапілі ў Варшаву 1 сакавіка, і толькі летам я прыйшла ў сябе. У трэці раз у прафесійным сэнсе, я пачынаю ўсё з нуля. Я бачу пэўныя магчымасці, але пакуль гэта ўсё не выразна. Але ёсць мэты і жаданне. Варшава мне дазволіла праяўляць сябе найбольш актыўна як персанальны стыліст, бо ў Мінску і Кіеве я займалася больш фэшн-стылізацыяй: здымкі, паказы. Хаця пакрысе ў Варшаве знаходзіцца месца і гэтаму напрамку. Напрыклад, летам мы ладзілі модны паказ «Яднанне».

Ці можна навучыць пачуццю стылю і густу?

Безумоўна. Я працую ў мадэльных агенцыях і чытаю лекцыі пра стыль. У чалавека ёсць пачуццё эстэтыкі, якое фарміруецца незалежна ад нашай волі. Мы можам развіваць свой густ, гэта так званая «насмотренность». Вандроўкі, тэатр, выставы, мастацтва – гэта ўсё пашырае светапогляд і выхоўвае густ.

Які быў ваш шлях у прафесіі стыліста?

Я вучылася на архітэктурным факультэце ў БНТУ і шмат гадоў працавала ў гэтай прафесіі. У нейкі момант адбылося прафеійнае выгаранне, скончыўся дэкрэтны адпачынак і я зразумела, што трэба штосьці мяняць. І хаця мне было 30, але мяняць прафесію было не страшна. 

Якое беларускае кам’юніці стылістаў тут, у Варшаве?

Шчыра кажучы, я не знаёмая са стылістамі, хутчэй ведаю дызайнераў, фатографаў. Зараз вельмі важна – асабліва людзям творчых прафесій –  яднацца, і на шчасце гэта адбываецца. Пачынаецца гэта аб’яднанне і згуртаванасць. Я спадзяюся, з часам сфармуецца моцная суполка, дызайнераў, стылістаў і смежных спецыялістаў у сферы прыгажосці.

Якім гэты год для вас быў у творчым плане?

Дзіўным і насычаным. Ён вельмі моцна падзелены да пачатку вайны і пасля. У першыя месяцы я была ў Варшаве ў нейкім сне, адаптавалася. Але за апошнія паўгода я арганізавала два значныя творчыя мерапрыемствы. Мне падаецца, гэта не мала.

Ці ёсць планы далей паказаць выставу «Minsk antizoo. Red mark» у іншых гарадах?

Я б вельмі хацела экспанаваць праект у Вільні, але маю надзею, што неўзабаве будуць і іншыя падзеі ды выставы.

Поўную размову з Аннай Прышывалка слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.