Loading

Ветэраны з розных беларускіх дабраахвотніцкіх падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны прынялі рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. Мэта асацыяцыі – дапамога ў вырашэнні праблем беларусаў, якія праходзілі службу ў шэрагах УСУ. Ужо зараз людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, сутыкаюцца з праблемамі ў медычнай і юрыдычнай галінах, маюць патрэбу ў рэсацыялізацыі і псіхалагічнай дапамозе. Сузаснавальнік асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў распавёў аб прычынах і мэтах стварэння арганізацыі.

Я – былы баец Палка імя Кастуся Каліноўскага, зараз знаходжуся ва Украіне, і мы з саслужыўцамі вырашылі стварыць асацыяцыю, якая будзе займацца праблемамі тых людзей, якія сышлі са службы. Сітуацыя наспела, калі ў нас пераваліла за паўсотні [колькасць] людзей, якія сышлі з розных падраздзяленняў, зноў-такі, з зусім розных прычынаў – у кагосьці гэта раненне… І такія людзі часцей за ўсё аказваюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

За паўгода праведзеныя на вайне, асабліва, калі чалавек удзельнічаў у ваенных аперацыях, вельмі моцна змяняецца мысленне, змяняецца ўспрыманне навакольнага свету. Досыць складана многім людзям адаптавацца зноў у цывільным жыцці. Хтосьці атрымаў раненне, яму патрэбна дапамога з медычнага боку, камусьці патрэбна псіхалагічная дапамога, хтосьці спрабуе недзе абжыцца.

То бок, ёсць людзі, якія прыехалі з Беларусі. Напрыклад я ва Украіну праз Польшчу патрапіў з Беларусі, атрымліваецца, у сакавіку. І, адпаведна, ёсць праблемы з ВНЖ, ва Украіне вельмі складана застацца – ёсць праблемы з візамі, ёсць праблемы з выплатамі сем’ям загінулых.

Вось розныя людзі з нашых – хто сыходзіў, хто, магчыма, больш ініцыятыўны ў цывільным жыцці, яны спрабавалі дапамагаць саслужыўцам нейкім чынам – нехта здаваў кватэру, ёсць людзі, якія дапамагалі з працай. І мы вырашылі, што трэба неяк гэта ўсё сістэматызаваць, пачалі працаваць больш шчыльна, стварылі свае сродкі камунікацыі.

Але вельмі часта нам казалі: вось вы зарэгіструйцеся, тады з вамі будзе прасцей размаўляць. Вось мы ў кантакце з Офісам Прэзідэнта, з дарадцай у справах ветэранаў [Алёнай] Вярбіцкай, і яна кажа: дайце нам нейкага аднаго чалавека, прадстаўніка нейкага дайце. Такія рэчы мы чуем шматкроць і літаральна месяц таму мы прынялі рашэнне ўжо афіцыйна  аформіцца. Пачалі падрыхтоўку да працэса афармлення ў Польшчы. Абралі сваіх прадстаўнікоў у трох краінах – гэта Літва, Польшча, Украіна. І зараз працягваем працаваць у гэтым накірунку.

Ці слушна, што ў гэтую асацыяцыю могуць уваходзіць не толькі беларусы з паходжання, а ўвогуле любыя ветэраны вайны ва Украіне, якія пажадаюць да вас далучыцца, ці якім патрэбна ваша дапамога?

На гэты момант мы працуем з людзьмі, якія менавіта беларусы. Адзінае – што ваявалі ў розных беларускіх падраздзяленнях. Вы ведаеце, ва Украіне не толькі полк Каліноўскага, але і іншыя ёсць падраздзяленні – напрыклад, батальён Тэрор, адтуль у нас некалькі чалавек, і ёсць людзі, якія ваююць у Правым сектары, проста ў частках УСУ. Гэтыя людзі таксама могуць быць часткай нашай асацыяцыі.

Так, пры гэтым у нас ёсць добрыя кантакты з Замежным легіёнам. Я ды іншыя нашы хлопцы былі на сумесных аперацыях з байцамі Замежнага легіёну, мы добра адзін аднаго ведаем, перыядычна сустракаемся за кавай, і ў іх падобныя праблемы. Таму мы зараз думаем над тым, што, калі мы самі неяк збольшага ўладкуемся, то ў гэтую асацыяцыю прымаць іншых,  калі яны арганізуюць нейкую сваю ячэйку, магчыма грузіны арганізуюць, магчыма ў цэлым легіён, мы пакуль абмяркоўваем гэты фармат.

Дзейнасць вашай асацыяцыі – гэта працяг дзейнасці Палка Каліноўскага, гэта адна структура альбо вы адасобленыя ад іх?

Мы не маем дачынення да Палка Каліноўскага, акрамя таго, што большая частка нашых людзей служыла некалі ў Палку Каліноўскага. Полк Каліноўскага не зацікаўлены ў працы з намі, з людзьмі, якія сыходзяць ад іх са службы. Яны займаюцца іншымі рэчамі. Гэта іх рашэнне, яно такое, якое ёсць. Ні да адной з палітычных плыняў, з вайсковых арганізацыяў мы не належым. Гэта ініцыятыва людзей, якія проста сышлі і ўбачылі, што трэба дапамагаць сваім жа.

У якім прававым статусе знаходзяцца тыя людзі, якія звольніліся з УСУ?

Гэта адна з праблемаў, якую нам давядзецца вырашыць і якой мы ўжо займаемся. Зараз гэтыя людзі ні ў якім статусе. У чалавека, які звальняецца з УСУ, забіраюць вайсковы білет, хаця паводле закона ва ўкраінцаў не мусяць забіраць, а ў беларусаў забіраюць. І чалавек аказваецца ў статусе нікога. Украінскія арганізацыі працы з ветэранамі не працуюць з беларусамі. Мы звярталіся ў некалькі арганізацыяў, але яны кажуць, што не могуць нічога зрабіць, калі ў нас як мінімум ВНЖ няма. Служба ў войску дае права на атрыманне ВНЖ праз 3 гады. А чалавек мае пакінуць тэрыторыю Украіны цягам 180 дзён пасля таго, як ён разрывае кантракт, калі ён да таго не знаходзіўся на тэрыторыі Украіны.

Звычайна яму рэкамендуюць пакінуць Украіну нашмат хутчэй. Вярнуцца ва Украіну потым немагчыма, нават, калі чалавек выязджае, напрыклад, убачыцца з сям’ёй у Польшчу. Прававога статусу ні на тэрыторыі Еўрасаюза, ні на тэрыторыі Украіны чалавек не мае. Афіцыйна мы не трапляем у нікуды – проста людзі, якія выпадкова апынуліся ва Украіне.

Таксама мы сутыкнуліся з праблемай атрымання пасведчанняў удзельніка баявых дзеянняў. На шчасце, нядаўна, у кастрычніку, былі ўнесеныя праўкі, якія дазваляюць і беларусам атрымліваць гэтае пасведчанне. Аднак, мы сутыкаемся з шэрагам праблем у гэтым накірунку, і пакуль пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў не атрымаў ніхто.  Арганізацыя зараз вельмі шчыльна ў гэтым кірунку працуе.

Маё асабіста спадзяванне, што да заканчэння вайны, калі ў нас акажацца некалькі соцень людзей, якія сышлі з УСУ, таму што вайна скончылася, неяк да таго часу ўжо будзе нешта гатовае.

Якая практычная дапамога вам патрэбна зараз?

У першую чаргу гэта праца юрыста ў кожнай з краін – Украіне, Польшчы, Літве. Другі момант – гэта дапамога медычная. У нас ужо ёсць некалькі чалавек, якія маюць патрэбу ў такой дапамозе. І трэці момант, які патрэбны – гэта рэсацыялізацыя. Людзям, якія сышлі з баявых падраздзяленняў, як мінімум трэба недзе жыць, трэба знайсці нейкую працу, прызвычаіцца да таго, што побач ніхто не страляе, што ад самалётаў не трэба хавацца. У маім разуменні, калі чалавек звальняецца пасля цяжкіх баявых дзеянняў, то хаця б адправіць яго на два тыдні некуды на адпачынак, каб ён расслабіўся і змог зразумець, што ён больш не на вайне. І яшчэ тое, што беларускае грамадства сапраўды можа нескладана надаць – гэта ўвага да гэтай тэмы, медыйная падтрымка.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.