Беларуская ініцыятыва брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House завяршыла чацвёртага даследавання пра стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне і таго, як яно змянілася за паўгады. У Беларускім прэс-клубе адбылася прэзентацыя даследавання, яго вынікі прадставіў дырэктар Беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня.
Даследаванне праводзілася анлайн-метадам з выкарыстаннем інтэрнэт-апытанак. Усяго ў апытанні ўзялі ўдзел 793 рэспандэнты – жыхары беларускіх гарадоў з адпаведнай сярэднім паказчыкам структурай паводле ўзросту, полу і сацыяльнага статусу.
Найперш, Рыгор Астапеня вылучыў тры асноўныя з’явы, якія кідаюцца ў вочы пры азнаямленні з вынікамі даследавання:
- «Тое, што мы бачым — прысутнічае таптанне на месцы»
- Беларусы дэманструюць нарастаючую прагу дыстанцыявацца ад вайны ва Украіне. Колькасць тых, хто падтрымлівае дзеянні Расіі, але не хоча, каб Беларусь уступала ў канфлікт, павольна памяншаецца.
- Ідэя паўнавартаснага ўступа Беларусі ў вайну застаецца маргінальнай. Зараз 7% гарадскіх жыхароў хоча, каб Беларусь прымала ўдзел у вайне, пры тым 5% з іх жадаюць ваяваць на баку Расіі і 2% — на баку Украіны.
Асноўнае пытанне было наўпроставае: ці падтрымліваеце вы тое, што робіць Расія ва Украіне. 45% беларусаў адказалі адмоўна, 30% падтрымалі Расію, каля 25% вагаюцца.
«Беларусы настроены песімістычна наконт вайны і чакаюць негатыўных наступстваў, якія прынясе гэтая вайна для Беларусі».

Сярод пытанняў, якія задавалі рэспандэнтам, былі наступныя.
- Значна павялічваецца колькасць тых, хто не верыць у магчымасць удзелу беларускай арміі ў вайне (53%), і тых, хто думае, што вайна Расіі і Украіны не мае ніякага сэнсу (42%). Пры гэтым толькі 20% рэспандэнтаў мяркуюць, што беларускія войскі будуць выконваць загад, калі мінскі рэжым вырашыць уступіць у вайну.
- Колькасць людзей, якія лічаць, што трэба прызнаць незалежнасць ЛДНР, застаецца прыблізна ў тым жа дыяпазоне (32%). Таксама захоўваецца адсотак тых, хто лічыць, што расійскія войскі не ўжываюць зброю супраць мірнага насельніцтва (41%).
- Павялічылася колькасць тых, хто лічыць, што было бы не варта засуджваць беларускіх вайскоўцаў, калі б яны адмовіліся выконваць загады і здаліся ў палон (49%).
- Са сцверджаннем, што беларусы нясуць адказнасць за тое, што з тэрыторыі Беларусі вядуцца баявыя дзеянні ў бок Украіны, пагадзіліся 22%.
- Каля 60% упэўненыя ў тым, што санкцыі супраць рэжыму закрануць простых грамадзян.
Блок пытанняў, якія тычыліся пажаданай знешнепалітычнай арыентацыі Беларусі, паказаў наступныя настроі:
- Да Расіі ставяцца пазітыўна 71% беларусаў, да Украіны 65%. Вайна не ўплывае значна на доўгачасовае стаўленне беларусаў да суседзяў, бо нас звязвае не толькі яна.
- Антызаходняя рыторыка мінскіх уладаў не працуе. Нягледзячы на актыўную прапаганду і заходнія санкцыі, беларусы не сталі кардынальна горш ставіцца да заходніх дзяржаў. Даволі пазітыўнае стаўленне да Польшчы (66%), Літвы, краін ЕС і нават ЗША (51%).
- Ёсць пэўны раскол паміж тымі, хто хацеў бы, каб Беларусь заставалася ў АДКБ (47%), тымі, хто выказаўся за выйсце Беларусі з АДКБ з захаваннем нейтралітэту (43%), і тымі, хто жадае, каб Беларусь далучылася да НАТА (19%).
- Няма значных зменаў у стаўленні да ваеннай прысутнасці Расіі. Беларусы негатыўна ставяцца да размяшчэння расіійскай вайсковай базы (размяшчэнне падтрымалі 24%) і выказваюцца катэгарычна супраць да дыслакацыі ядзернай зброі Расіі на тэрыторыі Беларусі (43%).
- Стала менш рэспандэнтаў, якія вераць, што можна пабудаваць сіметрычныя стасункі з Расіяй і Еўрасаюзам (27%). 17% рэспандэнтаў выказваюцца за ўваход у Еўрасаюз, 37% — за саюз з Расіяй, пры гэтым такі саюз беларусы бачаць хутчэй як эканамічны, без палітычнай ці вайсковай інтэграцыі. 19% выступае за поўны нейтралітэт.
Рыгор Астапеня таксама адзначыў, што стаўленне да тых ці іншых падзеяў і з’яваў у расійска-ўкраінскай вайне, а таксама знешнепалітычная арыентацыя канкрэтнага чалавека шмат у чым вызначаецца медыяспажываннем — крыніцамі, з якіх людзі бяруць інфармацыю.
Comments are closed.