Loading

Задзіночанне беларускіх студэнтаў падрыхтавала вялікую справаздачу пра рэпрэсіі, парушэнні правоў і дыскрымінацыю беларускіх студэнтаў/студэнтак і выкладчыкаў/выкладчыц. Падрабязнасці – у нашай размове з міжнародным сакратаром Задзіночання беларускіх студэнтаў Максімам Зафранскім.

Сцісла:

  • У гэтай справаздачы мы апісалі праблемы, з якімі сутыкаліся беларускія студэнты ў Беларусі і за мяжой. У Беларусі мы апісвалі рэпрэсіі, якія былі звязаныя з пратэстам 2020 года, і якія звязаныя з пратэстамі з нагоды вайны ва Украіне. У пытаннях стану беларускай акадэміі за мяжой мы апісвалі цяжкасці, якія існуюць зараз у стыпендыяльных праграмах для беларусаў, і таксама праявы дыскрымінацыі, якія былі 2022 годзе.
  • Таксама мы апісвалі агульныя індыкатары стану беларускай акадэміі ў Беларусі – такія, як недабор на некаторыя спецыяльнасці, альбо нейкія законы і законапраекты, якія ўплываюць на агульны стан вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
  • Усе звесткі ўзятыя з адкрытых крыніц – з публікацыяў у СМІ і з сайта «Вясны», калі мы кажам менавіта пра рэпрэсіі. Усе кейсы падмацаваныя нейкімі пацверджаннямі і згадкамі ў сродках масавай інфармацыі. Там няма ніякай статыстыкі, напрыклад, з нагоды рэпрэсіяў, таму што вельмі шмат кейсаў застаюцца непублічнымі і людзі не хочуць іх публічыць, баючыся за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.
  • Мы не прэтэндуем на агульную карціну, але мы лічым неабходным паказаць тыя кейсы, якія ёсць, як паказчыкі агульнага стану беларускай акадэміі цяпер. Напрыклад, у 2022 годзе пасля пачатку вайны ва Украіне Эстонія і Чэхія вельмі радыкальна зрэагавалі на гэтую падзею і многія ВНУ «забанілі» беларускіх студэнтаў і беларускія студэнты не маглі паступаць у некаторыя ВНУ Эстоніі, напрыклад, універсітэт у Тарту, Талінскі ўніверсітэт. І такія ж праблемы былі ў Чэхіі. І гэта тое, чаму мы спрабавалі даць рады, тое, што мы спрабавалі лабіяваць. Гэта згадана ў справаздачы.
  • ЗБС з’яўляецца чальцом Еўрапейскага студэнцкага саюза, і мы там прымалі рэзалюцыю аб недапушчэнні дыскрымінацыі беларускіх студэнтаў у вышэйшай адукацыі ў Еўропе. І гэтая рэзалюцыя была разасланая розным актарам, у тым ліку ў Еўракамісію, еўрапарламентарыям і гэтак далей. Мы выкарыстоўвалі гэта інструмент, каб змяніць гэтыя варункі.
  • Мы звярнулі ўвагу, што адказнасць за рэпрэсіі зараз стала больш жорсткаю. Стала нашмат больш крымінальных справаў супраць студэнтаў і выкладчыкаў, чым гэта было ў 21-м і 20-м годзе. Але, мусіць, гэта не вельмі адрозніваецца ад агульных тэндэнцыяў рэпрэсіяў у Беларусі, на жаль.
  • Калі мы кажам пра прапаганду ва ўніверсітэтах, то яе зрабілася нашмат болей. І гэтая тэндэнцыя – гэта нешта новае, нешта, што стала прысутнічаць у вышэйшай адукацыі часцей, чым гэта было ў 21-м годзе. Нейкія факультатывы, кшталту «генацыду беларускага народа ў часы Другой сусветнай вайны».
  • Таксама варта адзначыць новы законапраект аб адтэрміноўках (ад службы ў войску), які быў прыняты летась. Ён вельмі моцна абмяжоўвае магчымасці хлопцаў-студэнтаў паступаць за мяжу, бо цяпер адтэрміноўку не даюць студэнтам, якія едуць вучыцца за мяжу, толькі, калі гэта не накіраванне нейкіх дзяржорганаў.
  • Калі ў цэлым падсумоўваць, дык стан беларускай акадэміі пагаршаецца, акадэмічных свабодаў робіцца ўсё менш, і магчымасцяў свабодна навучацца ў Беларусі робіцца ўсё меней.Цалкам размову з Максімам Зафранскім слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.