134 total views
Падчас прымусовай пасадкі ў Мінску самалета кампаніі Ryanair супрацоўнік КДБ і кіраўнік «Белаэранавігацыі» дыктавалі дыспетчару, што казаць пілотам. Пра гэта піша выданне Politico.
Сярод інфармацыі, якую атрымала выданне, паказанні мінскага авіядыспетчара, які веў пілота Ryanair у беларускую сталіцу, і зроблены ім на тэлефон запіс размовы з пілотам. Дыспетчар узгадвае, што двое мужчын увайшлі ў цэнтр кіравання Мінскага аэрапорта прыкладна праз паўгадзіны пасля таго, як ён пачаў сваю змену ў тую лёсавызначальную нядзелю 23 мая 2021 года.
У адным з мужчын ён апазнаў Леаніда Чуро, генеральнага дырэктара «Белаэранавігацыі». Іншы хутчэй за ўсё працаваў на КДБ. Мужчыны прымусілі дыспетчара паведаміць пілоту пра пагрозу выбуху бомбы на борце самалёта і пра тое, што маршрут трэба змяніць. Інфармаваць аб інцыдэнце Львоўскі цэнтр кіравання ў суседняй Украіне не дазволілі.
Авіядыспетчар на смартфон запісаў размову з пілотам Ryanair, таму што баяўся, што звычайныя паведамленні цэнтра кіравання могуць быць знішчаны. На запісе захаваліся не толькі перамовы з пілотам, але інструкцыі Леаніда Чуро і прадстаўніка КДБ , якія яны давалі дыспетчару.
Калі пасля пасадкі ў Мінску ўлады дазволілі экіпажу і пасажырам вярнуцца на борт самалёта, выявілася, што не хапае пяці чалавек. Сярод іх былі беларускі журналіст Раман Пратасевіч і студэнтка Соф’я Сапега. Кім былі астатнія трое, адзін з якіх меў грэчаскі пашпарт, невядома. Кіраўнік Ryanair Майкл О’Ліры заявіў, што мяркуе, што ў самалёце ляцелі супрацоўнікі КДБ Беларусі, якія выйшлі ў мінскім аэрапорце.
Таксама ёсць яшчэ адна стэнаграма размовы, якая была ўжо праз тыдзень пасля пасадкі самалёта. Падчас гэтай размовы кіраўніцтва “Белаэранавігацыі” заклікае ўнесці некаторыя “карэкціроўкі” ў справаздачы аб інцыдэнтах.
Comments are closed.