Loading

Грамадзянін Ізраіля Аляксандр Фруман выпадкова стаў удзельнікам і сведкам катаванняў беларусаў з боку сілавікоў у жніўні 2020. Пасля гэтага прыцягненне да адказнасці злачынцаў стала яго асабістай місіяй. У падкасце «Неверагодныя» Аляксандр распавёў гісторыю свайго расследавання, вынікам якога стала з’яўленне праекта «Спіс Фрумана».

Аляксандр Фруман нарадзіўся ў Мінску. Ва ўзросце 19 год пераехаў у Ізраіль і час ад часу наведваў радзіму, каб пабачыцца са сваякамі і схадзіць на могілкі да бацькоў. У 2019 годзе разам з жонкай яны вандравалі па Беларусі, атрымалі пазітыўны вопыт і вырашылі, што абавязкова прыедуць з сынам у наступным годзе, калі ў Ізраілі пачнецца спякота.

Так і зрабілі. Квіткі замовілі за паўгады. Жонка з сынам прыехалі раней, а Аляксандр прызямліўся ў мінскім аэрапорце 8 жніўня. Тое, што ў краіне адбываюцца цікавыя грамадска-палітычныя працэсы, сям’я ведала. Таму наўмысна знялі кватэру ў цэнтры, каб назіраць за гістарычным момантам зблізу.

9 жніўня павячэралі ў горадзе і з цяжкасцямі вярнуліся на кватэру, бо вуліцы былі перакрытыя. На наступны дзень было зразумела, што папярэднія звесткі аб выніках галасавання не супадаюць з рэчаіснасцю. Аляксандр кажа, што напярэдадні шмат стасаваўся з людзьмі і на здзіўленне не спаткаў ніводнага прыхільніка Лукашэнкі нават сярод людзей узросту 50+.

Увечары 10 жніўня Аляксандр з сям’ёй зноў выйшлі ў горад на шпацыр. Набылі коміксы малому і зайшлі павячэраць у Макдональдс, з якога ўсіх наведвальнікаў хутка выгналі. Нічога не заставалася, як вяртацца на кватэру ў раёне цырка.

Месца было ачэплена сілавікамі. Паблізу Дома афіцэраў стаяў звычайны грамадскі жоўты аўтобус побач з якім ляжалі міліцэйскія шчыты. Аляксандр мае хобі – падчас вандровак па свеце рабіць сэлфі з мясцовымі паліцэйскімі.

Ён наблізіўся да аўтобуса і пачаў фатаграфаваць, калі з яго раптоўна выскачылі каля 5 АМАПаўцаў. Яны накінуліся на Аляксандра, пачалі абражаць і штурхаць. Мужчына падняў рукі ўгору і прамовіў, што не збіраецца супраціўляцца. Затым перадаў сілавікам дакументы і патлумачыў, хто і што тут робіць. Аляксандр быў упэўнены, што праз ізраільскае грамадзянства яго хутка адпусцяць. Замест гэтага АМАПаўцы прапанавалі зрабіць другое абразанне. Фруман падкрэслівае, што гэта відавочны антысемітызм.

Крыніца: facebook.com

Затрыманых даставілі ў савецкі РАУС. Па дарозе ўсіх зноў збілі. У РАУСе карціна была жудаснай – вялікая колькасць збітых і параненых. Спачатку апісалі асабістыя рэчы, што адабралі падчас затрымання. Дзяўчына, якая апісвала, забараніла Аляксандру пакінуць пры сябе медычную маску і адмовілася паведамляць у ізраільскую амбасаду аб затрыманні грамадзяніна іх краіны.

Затрыманых выстраілі ўздоўж плоту, побач з якім быў калючы дрот. Калі чалавек страчваў раўнавагу, ён падаў на дрот. За кожны рух, непадпарадкаванне і проста для асалоды людзей збівалі.

Увесь час звонку даносіліся гукі выбухаў гармат і стрэлы. А потым падвезлі затрыманых у раёне ўніверсама «Рыга». Іх, па словах Аляксандра, збівалі і катавалі яшчэ больш жорстка. Побач з Аляксандрам стаяла жанчына, якая ўвогуле галасавала за Лукашэнку і выпадкова патрапіла пад затрыманне.

Аляксандр кажа, што ў яго страху не было, бо ён чамусьці быў упэўнены, што хутка яго адпусцяць. Але маладыя хлопчыкі побач дрыжэлі ад страху, аднаго ванітавала. Аляксандр для сябе вырашыў, што будзе максімальна ўважліва назіраць і запамінаць усё ў дэталях, бо з’яўляецца сведкам злачынстваў не толькі супраць сябе.

Пратакол, згодна з якім  Аляксандр аказваў супраціў пры затрыманні і абражаў супрацоўнікаў міліцыі, ён падпісваць не стаў. За што на яго пасыпаліся такія мацюкі, якіх ён не чуў за ўсё жыццё. Увогуле, мацерная лаянка – адна з асаблівасцей паводзін беларускіх сілавікоў, адзначае Аляксандр.

На адкрытым паветры затрыманыя правялі каля 16 гадзін. Апоўдні прыехалі аўтазакі і ўсіх пачалі грузіць туды. Пры гэтым пастаянна ліліся пагрозы сексуальнага і іншага гвалту, які чакае іх наперадзе ў турме.

Перад тым, як увайсці ў аўтазак, кожны на камеру называў імя. Унутры аўтазака адбываўся чарговы жах – людзі проста ляжалі адзін на адным,  а не сядзелі. Паверх гэтай гары з людзей стаяў АМАПавец і дубінкай збіваў усіх. Пакалечаных і паламаных адмыслова біў па ранах, маўляў, што так выпісвае ім лекі.

Сілавікі настолькі адчувалі сваю беспакаранасць, што здымалі балаклавы, паказвалі твары, называлі адзін аднаго па імёнах. А Аляксандр усё ўважліва запамінаў і прагаворваў пра сябе, каб не запамятаваць.

У турме ніякай жорсткасці з боку ахоўнікаў не было. Наадварот, адчувалася спачуванне. Некаторым хлопцам ахоўнікі казалі, каб тыя не здаваліся. Былі матрацы і бялізна. Аляксандр кажа, што жорстка там стала пазней, калі лаяльных да затрыманых пакаралі і далі загад здзекавацца.

Атмасфера ў камеры была добрая. Такой колькасці разумных і годных беларусаў Аляксандр раней не сустракаў. Час у камеры кардынальна змяніў яго стаўленне да беларусаў.

Сярод затрыманых быў нават дваццаці гадовы хлопчык Арцём з псіхічнай інваліднасцю. На Акрэсціна яго ўвесь час збівалі за тое, што ён вярцеўся, паварочваў галаву і пасміхаўся. Аказалася, што ў дарослага хлопца розум васьмігадовага дзіцяці, які любіць глядзець Фіксікаў, гуляцца з машынкамі і не разумее ўвогуле, што адбываецца.

Пасля вызвалення перш-наперш Аляксандр з хлопцамі паехалі да маці Арцёма, каб супакоіць яе і распавесці, што пра сына ў камеры клапоцяцца.

Аляксандра і грамадзяніна Польшчы ў выніку не асудзілі, як іншых, і праз 78 гадзін з моманту затрымання вызвалілі.

Літаральна на наступны дзень пасля вызвалення Аляксандр пачаў выконваць сваю місію – распавядаць свету праўду аб злачынствах рэжыму супраць мірных грамадзян. Спачатку гэта былі бясконцыя інтэрв’ю ў розных сусветных выданнях. Затым пачаўся доўгі і марудны працэс выкрыцця датычных да беззаконня.

Аляксандр яшчэ падчас арышту дамовіўся з кім мог, што на волі яны знойдуцца па адпаведным хэштэгу. Запамінаць імёны і нумары было не рэальна, а запомніць хэштэг – лёгка. Так і адбылося.

Аляксандр стварыў чат, у якім пачалі дзяліцца інфармацыяй для дэананізацыі сілавікоў. Хлопцы спачатку скептычна ставіліся да расследавання, але Аляксандр не здаваўся. Ён рупліва збіраў любую інфармацыю пра тыя падзеі.  А пасля з’яўлення інфармацыі ад праектаў ByPol і Чорная кніга Беларусі, адсочваў звесткі пра сілавікоў, што там публікаваліся і шукаў тых, хто катаваў яго.

Праз адваката Аляксандр таксама даслаў заяву ў Генеральную пракуратуру па факце незаконнага затрымання і катаваннях. І спачатку следчы, які вёў справу, нават быў з ім у кантакце і адказваў на пытанні. Але потым стала зразумела, што ніякіх спраў супраць сілавікоў пракуратура заводзіць не будзе.

Калі ў сеціве з дапамогай кіберпартызан з’явіўся файл з імёнамі ўсіх АМАПаўцаў, пошук паскорыўся. Бо Аляксандр памятаў імёны і мянушкі і разумеў, што звычайна яны працуюць сваімі ўзводамі і групамі.

Калі былі ўстаноўлены асноўныя персанажы, Аляксандр звярнуўся па дапамогу да спаму. Ва ўсіх ябацькаўскіх групах і на форумах ён посціў адзін той жа тэкст са спасылкай на сваю гісторыю і просьбай дапамагчы ў пошуку злачынцаў з чацвёртай роты АМАПу. Гэта марудная праца прынесла вынік. З Аляксандрам звязаўся дзеючы супрацоўнік Савецкага РАУС і дапамог здэаноніць датычную да катаванняў Марыну Сафонаву.

Затым Аляксандр звярнуўся па дапамогу да кіберпартызан. Не адразу, праз час, акурат у свой дзень народзінаў Аляксандр атрымаў ад кібераў падарунак – поўную інфармацыю аб усіх катах, якіх ён шукаў.

Цяпер Аляксандр задумаўся, як падаць сваё расследаванне. Спачатку думаў зрабіць відэафільм, але потым вырашыў стварыць адмысловы сайт, на якім у храналагічным парадку  размясціў усе звесткі. Аляксандр Фруман упэўнены, што дачакаецца таго часу, калі злачынцы патрапяць на лаву падсудных. І ён гатовы чакаць столькі, колькі для гэтага спатрэбіцца. Аляксандр працягвае дапаўняць сваё расследаванне, трымаць сувязь з іншымі сведкамі і чакае, калі настане судны  дзень і ўсе згвалтаваныя і закатаваныя рэжымам беларусы, будуць сведкамі на судах супраць сваіх катаў.

Comments are closed.