Loading

29 кастрычніка 1937 года савецкая ўлада за адну ноч расстраляла больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – дзеячаў навукі, культуры, мастацтва. У тым ліку 22 літаратара. Штогод у гэтыя кастрычніцкія дні ладзяцца акцыі памяці пад сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў». Сёлета, на 85-ую гадавіну трагічнай даты, імпрэзы адбыліся ў 41 горадзе свету.

Да акцыі «Ноч паэтаў» мы правялі спецыяльны эфір: папрасілі вядомых беларусаў прачытаць для нас творы расстраляных аўтараў, зрабілі рэпартаж з мерапрыемстваў у Вільні і Варшаве, паразмаўлялі з аўтарам праекта  «(Не)расстраляныя» Сяргеем Будкіным і падабралі адмысловыя музычныя творы на вершы Ізі Харыка, Юркі Лявоннага, Мойшы Кульбака, Уладзіслава Галубка, Уладзіміра Дубоўкі і іншых забітых савецкай уладай творцаў.

Спецыяльна для слухачоў радыё Ўнэт паэт Андрэй Хадановіч, музыка і актор Павел Гарадніцкі, фатографка Ірына Арахоўская, дызайнер Уладзімір Маляўка і музыка Аляксандр Дземідзенка прачыталі творы (не)расстраляных паэтаў.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Радыё Ўнэт (@radiounet)

Беларусы Вільні арганізавалі імпрэзу-ушанаванне памяці беларускіх літаратараў, якія былі расстраляныя НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка. У памятнай акцыі ўдзельнічалі музыкі Аляксандр Памідораў, Юры Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач. Выступілі таксама старшыня Саюза літоўскіх пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ і іншыя ганаровыя госці. Прысутнічаў на імпрэзе і дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Нам ён расказаў, як палітыкі будуць падтрымліваць беларускую нацыянальную культуры ў эміграцыі.

«Беларуская гісторыя вельмі складаная. Толькі нараджаецца новая генерацыя творцаў, якія будуюць беларушчыну – і ўсё, з’яўляецца ці то Сталін, ці то Лукашэнка, які сячэ жывое дрэва. Мы гэта бачым зараз. Мы гэта бачылі тады, у 1937-я і 1939-я. Таму гэтыя акцыі існуюць не толькі для ўзнаўлення, але і для захавання памяці».

«Кабінет прыняў рэзалюцыю па дэкамунізацыі. Заяву, што ўсе помнікі звязаныя з савецкай спадчынай, з савецкай акупацыяй, павінны быць дэмантаваныя».

«Гэта не першы раз, калі беларуская культура знаходзіцца ў эміграцыі. Галоўнае зараз – ствараць умовы для з’яўлення новых творцаў. Нам трэба ствараць месцы, дзе можна праводзіць культурныя мерапрыемствы. Зараз у Вільні і ў Варшаве ёсць некалькі пляцовак, але іх павінны быць дзясяткі».

У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася прэзентацыя новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». Пад вокладкай сабраныя архіўныя фотаздымкі, гісторыі жыцця расстраляных літаратараў і выбраныя творы, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.

Да канцэрта-прэзентацыі далучыліся  Алесь Дзянісаў, Chornabrova і гурт Relikt. Беларускія творцы адрэфлексавалі на сумныя падзеі беларускай гісторыі ў гады таталітарызму.

Алесь Дзянісаў:

«На жаль, людзі не разумеюць да канца, што адбылося ў 2020 годзе. А ў 2020 годзе здарыліся страшныя рэчы. На нашых вачах  будуецца таталітарная дзяржава, у якой будзе зачышчана і знішчана ўсё, што не ідзе крокамі ідэалогіі дзяржавы».

 

Зміцер Бартосік:

«Варта падумаць і пафантазіраваць, што маглі б стварыць той жа Чарот, той жа Ізі Харык. Гэта былі б вельмі таленавітыя, нечаканыя творы. Літаратура значна б узбагацілася. Самае крыўднае, што іх забілі ў самым пачатку іхняга шляху, многія з іх не дасягнулі свайго росквіту».

Выступіла на памятнай імпрэзе і Chornabrova. Выканала песні на сучасныя вершы – Ганны Янкуты, Алеся Плоткі. Агучыла і ўласныя радкі, заклікаўшы прысутных пісаць лісты палітвязням.

У Музеі вольнай Беларусі ў гэты вечар можна было сустрэць вядомых журналістаў, гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў, а таксама музыкаў – Ігара Банцара, Змітра Бартосіка, Канстанціна Гарачага. Сярод гледачоў быў і лідар гурта «Дай Дарогу» Юры Стыльскі.

Юры Стыльскі:

«Напэўна, яны (расстраляныя) адчувалі тое ж самае, што адчувалі нашы палітзняволеныя, калі іх хапалі ў 2020, 2021 годзе. Напэўна, яны таксама на штосьці спадзяваліся, але… Я не бачу розніцы паміж дваццацю гадамі турмы і пазбаўленнем жыцця».

Васіль Дранько-Майсюк:

«Нашых герояў, нашых літаратараў – Міхася Чарота, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова і многіх многіх іншых – на самой справе не забілі, не знішчылі. Яны ёсць, яны з намі, яны ў нашых душах. Яны робяць нашых сённяшніх беларусаў мацнейшымі. Вось што для мяне гэта паняцце – нерасстраляныя.

Мы таксама мусім быць такімі ж артыстычнымі, такімі ж моцнымі, імпэтнымі, жарснымі, інтэлектуальна багатымі. Такімі,  якімі былі тыя творцы. І тады Беларусь стане еўрапейскай, незалежнай і файнай».

Размову з аўтарам праекта «(Не)растраляныя» Сяргеям Будкіным і адмысловую музычную праграму Аляксандра Віслаўскага на вершы забітых творцаў слухайце ў аўдыёверсіі спецыяльнага эфіру радыё Ўнэт «Жыве Беларусь уначы. Ноч паэтаў».

 

Comments are closed.