Loading

Сцвярджэнне, вынесенае ў загаловак, можа падацца спрэчным. Але працэсы, якія назіраюцца ў Расійскай Федэрацыі гадамі: «бетанаванне» аўтарытарнай сістэмы Уладзімірам Пуціным, сістэмнае парушэнне правоў і свабод чалавека або крывавая вайна, якая вядзецца супраць Украіны з 2014 года, – прыклады таго, што ў Крамля няма і не можа быць нічога агульнага з такім паняццем, як «дэмакратызацыя». Аднак, назіраючы за сучасным Інтэрнэтам і лавінай дэзінфармацыі, якую ствараюць і распраўсюджваюць (пра)расійскія агенты ўплыву і (не)дасведчаныя пра гэты факт карыстальнікі Інтэрнэту, варта адзначыць, што Крэмль і яго прапагандысцкая машына паспяхова дэмакратызуюць дэзінфармацыю на працягу доўгага часу, і такім чынам выкарыстоўваюць Інтэрнэт для сваіх недэмакратычных мэт.

Мы жывем у часе дэмакратызацыі практычна ўсіх сфер прыватнага і грамадскага жыцця. Дэмакратыя – гэта ўжо не толькі палітычная сістэма, але і лад жыцця. Мы маем справу з дэмакратызаванай культурай, дэмакратызаванай, дзякуючы тэхналогіям, свабодай выказвання (у тым ліку і сіндром Facebook). На нашых вачах матэрыялізавалася «футурыстычная фраза» пра свабоду выказвання «без межаў» і «без умяшання дзяржаўных органаў» (згодна з пагадненнямі аб правах чалавека); пры гэтым прынцып свабоды інфармацыі рэалізуецца выключна ў дэмакратычных краінах, таму што ў аўтарытарных пра гэта не можа быць і размовы, як і пра свабоду СМІ. На жаль, плюралістычнае грамадства стала ахвярай дэзінфармацыі «а-ля Крэмль», лёгкадаступнай 24/7. Дэзінфармацыя і прапаганда сталі нашай штодзённай атрутай, таксічнай як для цела (інфадэмія COVID-19), так і для розуму.

Мова нянавісці, якая прысутнічае ў дыскурсе, разам з дэзінфармацыяй, прыняла беспрэцэдэнтныя маштабы з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны. Хоць такія катэгорыі як «інфармацыя», «доступ да інфармацыі» і «медыя» могуць быць (і ўжо сталі) зброяй у любы гістарычны момант, аднак сённяшняя дэмакратызацыя свабоды слова і камерцыялізацыя лічбавых тэхналогій зрабілі гэтыя катэгорыі надзвычай эфектыўнай зброяй. У кіберпрасторы гадамі вядзецца інфармацыйная вайна, галоўнай мэтай якой з’яўляецца барацьба за «душу і розум» грамадзян дэмакратычных краін, а Крэмль стаў яе асноўным натхняльнікам, выканаўцам і заўзятым правадніком.

У Расіі існуюць даўнія традыцыі стварэння і распаўсюджвання дэзінфармацыі, якая заўсёды грунтавалася на дзвюх мэтах – «увесці ў зман» і «уздзейнічаць». Менавіта царская Расія стала «маці» дэзінфармацыі, але доўгія гады, дарэчы, выкарыстоўваючы дэзінфармацыю, там паслядоўна настойвалі на французскім паходжанні гэтага тэрміна. Спецслужбы заўсёды адыгрывалі і зараз адыграваюць ключавую ролю ў рэалізацыі дэзінфармацыі, галоўным чынам таму, што ў іх ёсць неабходная інфармацыя, яны ведаюць задачы Крамля, могуць выбіраць знешніх аператараў расійскай дэзінфармацыі і фінансаваць іх скрыта.

У адрозненне ад часоў «халоднай вайны», калі расіяне ў асноўным падтрымлівалі групы з левымі поглядамі, зараз яны адначасова падтрымліваюць як крайне левых, так і крайне правых, зялёных, антыглабалістаў, а таксама фінансавую эліту. Таму што асноўная мэта Крамля – абвастрыць супярэчнасці і стварыць рупары прарасійскай палітыкі.

Сёння мы жывем у час дэмакратызацыі дэзінфармацыі і ў «залатым веку» лічбавай прапаганды. Напрыклад, у пачатку сакавіка 2022 года, літаральна праз тыдзень пасля чарговай атакі Расіі на Украіну, толькі за адзін дзень у Польшчы зафіксавана больш за 120 тысяч спроб дэзінфармацыі ў Інтэрнэце і сацыяльных сетках. Дзённы рост такіх выпадкаў склаў 20 000% (паводле Інстытута даследаванняў Інтэрнэта і сацыяльных сетак). Глабалізацыя, камп’ютэрызацыя і тэхнічны прагрэс у апошнія гады спрасцілі доступ да таннага, хуткага і зручнага Інтэрнета кожнаму, хто хоча атрымліваць інфармацыю, але таксама і кожнаму, хто хоча яе ствараць і распаўсюджваць.

Як мінімум з 2013 года ў кіберпрасторы павялічваецца армія расійскіх ботаў, троляў і іншых «карысных ідыётаў», якія распаўсюджваюць чуткі, плёткі, дэзінфармацыю і канспіралагічныя тэорыі практычна на любую тэму. Крэмль, паводле экспертаў аператыўнай групы East StratCom, якая дзейнічае пры Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, пастаянна павялічваў бюджэт на гэтае кібервойска. Паводле ацэнак, у 2013 годзе на троляў і ботаў выдзялялі больш за мільён долараў штомесяц. Бюджэт прадугледжваў стварэнне і функцыянаванне фабрык троляў, у тым ліку самай вядомай у Санкт-Пецярбургу, якая называлася ў традыцыях Оруэла – Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў.

Агенцтва вядзе масавую прапаганду ў сацыяльных сетках, у т.л. на YouTube, VKontakte, Facebook, Twitter і Instagram, асноўная мэта якой – уплываць на грамадскую думку, і дадаткова, у супрацоўніцтве з арміяй перакладчыкаў, яшчэ і распаўсюджваць кантэнт на розных нацыянальных мовах, у адпаведнасці з расійскай палітыкай і ідэалогіяй. Яе вымяральная мэта – змяніць стаўленне да Расійскай Федэрацыі і яе палітыкі такім чынам, каб на адно адмоўнае меркаванне прыходзілася як мінімум тры станоўчыя.

Напрыклад, апублікаваны ў 2016 годзе Агенцтвам кантэнт павінны былі забачыць каля 126 мільёнаў карыстальнікаў у ЗША (гэта было падчас выбарчай кампаніі Дональда Трампа); у перыяд з 2015 па 2017 год рэклама, набытая ў Пецярбургу, павінна была быць паказана 11,4 млн разоў. У той жа час дзеянні па прадухіленні распаўсюджвання дэзінфармацыі, праўда, безвынікова, вядуць адміністратары сацыяльных сетак у рамках так званай «палітыкі ачысткі кіберпрасторы» (выдалення падробленых акаўнтаў). Але пакуль гэта не дазволіла істотна палепшыць сітуацыю з інтаксікацыяй сацыяльных сетак. Хоць лічбы ўражваюць, напрыклад, у 2018 годзе Facebook выдаліў больш за 2 мільярды фальшывых акаўнтаў, Twitter – 70 мільёнаў акаўнтаў, якія падазраваліся ў распаўсюджванні дэзінфармацыі, і амаль 3 мільярды спам-паведамленняў, але гэтыя дзеянні хутчэй насілі касметычны характар. А іншыя рашэнні, як напрыклад, абмежаванне ў сакавіку 2022 года наратываў Крамля шляхам блакіроўкі трансляцыі RT і Sputnik News у інфармацыйнай прасторы краін ЕС, былі прыняты занадта позна. Крамлёўская блогасфера, влогасфера і фрыланс-платформы па-ранейшаму актыўныя і даступныя ў інфармацыйнай прасторы краін НАТА. Last but not least: па-ранейшаму няма ўзгодненай і доўгатэрміновай інфармацыйнай палітыкі на ўзроўні ЕС і на нацыянальных узроўнях, а навучанне насельніцтва лічбавай граматнасці – хаатычнае і каардынуецца ў асноўным актывістамі ў рамках нефармальнай адукацыі.

Між тым пасля 2013 года была павялічана сістэма крамлёўскага тролінгу, якая ўключае Агенцтва з тысячамі платных блогераў, влогераў і каментатараў; да іх далучыліся СМІ Расіі і Беларусі, якія дзякуючы праплачаным або лаяльным каментатарам маніпулявалі і да гэтага часу маніпулююць грамадскай думкай на карысць Расіі. Таксама для гэтага выкарыстоўвалася дзейнасць Аналітычнага цэнтра і спецыяльных фондаў (такіх як «Русский мир») і шматмоўных тэлеканалаў (напрыклад, RT, РИА Новости), праўладных псеўдаінфармацыйных агенцтваў, праплачаных блогераў і падкантрольных Расіі хакерскіх груп. У гэтай прапагандысцкай машыне задзейнічаны і афіцыйныя арганізацыі (Россотрудничество), трансгранічныя сацыяльныя і рэлігійныя групы (дзякуючы якім пуцінскі рэжым выстаўляе сябе адзіным абаронцам традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей), сацыяльныя сеткі і IT-аўтаматызацыя.

У 2019 годзе Інстытут стратэгічнага дыялогу ў Лондане дзякуючы мапам сацыяльных сетак, закрытым інтэрнет-справаздачам і маніторынгу СМІ, выявіў серыю кіберакцый па ўплыве на еўрапейскія выбары. Было адзначана, што недзяржаўныя суб’екты–ад ультраправых інтэрнэт-апалчэнцаў да папулісцкіх партый, пераймалі наратывы Крамля («Putin Playbook») з дапамогай аўтаматычных механізмаў уплыву. У кіберпрасторы прасоўваліся наратывы, якія распальвалі грамадскія спрэчкі па такіх пытаннях як міграцыя, мусульмане ў Еўропе, традыцыйная сямʼя супраць прагрэсіўных каштоўнасцей і адмаўленне змены клімату. Антысеміцкія, антыфемінісцкія і расісцкія заявы распаўсюджваліся праз аўтаматычныя і фальшывыя акаўнты і выкарыстоўваліся ў якасці «інфармацыйнай зброі». Логіка палярызацыі пытанняў у дэмакратычных сістэмах даволі простая, бо любая сацыяльная, палітычная ці эканамічная праблема, якая мае канфліктны патэнцыял, лёгка распаўсюджваецца.

Амаль дзесяць гадоў мы маем справу з удзелам расійскай прапаганды ў выбарчых кампаніях у краінах ЕС, Brexit у 2016 годзе (справаздача Камітэта Палаты абшчын па лічбавізацыі, культуры, СМІ і спорце за 2019 год) і выбарчай кампаніі Дональда Трампа ў 2016 годзе («Даклад Роберта Мюлера»), пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі ў 2018 годзе, дэбаты вакол міграцыйнага крызісу ў Еўропе пасля 2015 года. Мы таксама адчулі дзейнасць агентаў уплыву падчас інфадэміі COVID-19.

Вышэйзгаданыя прыклады таксама варта разглядаць з пункту гледжання выкарыстання інструментаў «чорнага рынку» інфраструктуры сацыяльных сетак для дэзінфармацыі (напрыклад, фальшывыя акаўнты, аўтаматычная праверка, платформы лайкаў або шкоднаснае праграмнае забеспячэнне). У кіберпрасторы мы ўжо маем вялізную павуціну створаных Крамлём фальшывых акаўнтаў, якія падтрымлівае штучны інтэлект і з якіх распаўсюджваліся антыкавідныя і антываксерныя наратывы падчас пандэміі COVID-19 ці антыўкраінскія пасля 24 лютага 2022 года; а да пандэміі – ішла інфармацыя супраць ЕС, супраць ісламу і супраць бежанцаў. Адказнасць за распаўсюджванне такой інфармацыі нясуць як звычайныя інтэрнэт-карыстальнікі без выразных палітычных поглядаў, дастатковых ведаў пра з’явы, што адбываюцца ў свеце, і якія зʼяўляюцца закладнікамі ўласных стэрэатыпаў, так і карыстальнікі з выразнымі ўльтраправымі поглядамі. Наратывы, якія прапагандуюць скептыцызм у дачыненні да вакцын, варожасць у адносінах да бежанцаў, ЕС ці ўкраінцаў, супадалі з асноўнымі тэмамі расійскай дэзінфармацыі. Экспертны цэнтр стратэгічных камунікацый НАТА ўжо некалькі гадоў перасцерагае ад «патрыятычных» паведамленняў, якія распраўсюджваюцца на многіх інтэрнэт-пляцоўках.

У расійскай дэзынфармацыі ёсць некалькі тэматычных матрыц: семіцкая, геапалітычная, канспіралагічная (пры якой падрываецца давер да дэмакратычных і навуковых інстытутаў), украінская, рэлігійная (паводле логікі падзелу паміж «сапсаванай» Заходняй Еўропай і кансерватыўным Усходам), славянафільская, еўразійская (дзе лібералізм – апошняя таталітарная ідэалогія, супраць якой выступае антыліберальная Расія) і тэма суверэнітэту (паводле якой альянсы непатрэбныя і легітымнасць Еўрасаюза падрываецца).

Расійская інфармацыйная бітва з дэмакратычнымі інстытутамі ў краінах NATO і ЕС носіць наступальны характар і адбываецца на «полі бою», гэта значыць у віртуальнай прасторы, гэтых краін. У гэтай дзейнасці ідэя свабоды інфармацыі выкарыстоўваецца не для пераканання і пошуку праўды, а для стварэння яшчэ большай блытаніны. Мы маем справу з сістэматычным і паслядоўным інфармацыйным атручваннем і ўсё больш дэструктыўным інфармацыйным шумам, які прыводзіць у жыццё прынцып «падзяляй і ўладар».

Інфармацыйная зброя прымяняецца не толькі ў грамадскім кантэксце, дзе да традыцыйных інструментаў, такіх як друкаваныя СМІ, радыё, кіно і тэлебачанне, у 21 стагоддзі дадаліся Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі прывялі да якасна новага ландшафту ўплыву, прапаганды і масавага маніпулявання, а здольнасць аказваць уплыў «дэмакратызавалася». Інфармацыйная зброя прымяняецца і ў ваенным кантэксце, гэта важная частка гібрыднай вайны з Украінай, а анексія Крыма і незаконныя аперацыі наймітаў з групы Вагнера на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе прывялі гэтую «нелінейную» вайну ў дзеянне.

Украіна стала самай вялікай ахвярай інфармацыйнай і канвенцыянальнай вайны Крамля. Ваенныя дзеянні, якія вядзе Расія пасля 24 лютага 2022 года, з’яўляюцца не толькі гібрыднай вайной, але і паўтарэннем гісторыі Другой сусветнай вайны; бамбаванне гарадоў, тэрарыстычныя атакі на мірных жыхароў і грамадзянскую інфраструктуру да болю нагадваюць злачынствы нацыстаў. І варта падкрэсліць, што расійскія злачынствы суправаджаюцца оруэлаўскім наратывам пра нібыта «дэнацыфікацыю» Украіны.

Крамлёўскі наратыў нясе дэгуманізацыю асобных груп і асоб ва Украіне для стварэння вобраза апанента, які не паважае правы чалавека, прагне крыві, не мае чалавечых пачуццяў. Вобраз актывістаў, валанцёраў і ўкраінскіх вайскоўцаў падаецца як вобраз фашыстаў і ваенных злачынцаў (механізм люстранога абвінавачвання). Прыкладам рэзкай дэгуманізацыі прапаганды стаў таксама артыкул, апублікаваны ў красавіку 2022 года ў РІА «Новости» пад назвай: «Што Расія павінна зрабіць з Украінай?», і гэта ні што іншае, як заклік да генацыду, які паводле арт. III Канвенцыі аб генацыдзе 1948 г. зʼяўляецца асобным злачынствам, незалежна ад таго, быў ён здзейснены ці не. Агучваемая гадамі рыторыка, якая адмаўляе гістарычнае існаванне Украіны як незалежнай і суверэннай дзяржавы, дэманструе, што Крэмль мысліць катэгорыямі генацыду.

Мы – інтэрнэт-карыстальнікі краін Еўрасаюза і НАТО, маючы вольны доступ да тэхналогій, на працягу многіх гадоў кожны дзень атручваемся гэтай радыкальнай прапагандай Расіі. Многія паверылі заявам пра «варожы» Еўрасаюз, дрэнных бежанцаў, «фашысцкую» Украіну або «смяротныя» вакцыны.

Агнешка Дзямчук

Comments are closed.