Loading

Суд над журналістам Анджэем Пачобутам перанесены. Новая дата пакуль невядома, раней планавалася, што працэс пачнецца 28 лістапада. Пачобута абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» і «закліках да санкцый». Арыштаваны журналіст быў 25 сакавіка 2021 года.

Чаму перанеслі судовы працэс над Пачобутам, якія апошнія навіны па справе Анжалікі Борыс і ці працягваецца сёння пераслед палякаў у Беларусі – абмеркавалі з намеснікам кіраўніка Саюза палякаў на Беларусі Марэкам Занеўскім.

Суд над Анджэем Пачобутам перанесены. Прычына пераносу на дадзены момант вядома?

Дакладна ведаем, што 28 лістапада працэс над Анджэем Пачобутам не пачнецца. Афіцыйная прычына – хвароба суддзі (рэд.-судзя Дзмітрый Бубенчык), які павінен праводзіць гэты суд. Іншай інфармацыі ў нас няма. Мы самі даведаліся пра гэта толькі ў аўторак у другой палове дня і зараз спрабуем высветліць падрабязнасці.

А што Вам вядома пра самога Анджэя Пачобута? Як выглядае яго сітуацыя?

Анджэй да гэтага часу знаходзіцца ў ізалятары ў Гродне і чакае на суд. Яго нядаўна дадалі да спісу міжнародных тэрарыстаў, які складае КДБ Беларусі, і гэта, безумоўна, дрэнны знак, які пагаршае яго статус і правы. Але Анджэй трымаецца, рыхтуецца да працэсу.

А ці ёсць у Вас інфармацыя па Анжаліку Борыс? Як яна трымаецца?

Анжаліка Борыс зараз дома. У адносінах да яе ўзбуджана крымінальная справа. Працягваецца следства і справа яшчэ ў суд не накіроўвалася. Невядома, колькі гэта будзе працягвацца. Усе знаходзяцца ў падвешаным стане, яе трымаюць у невядомасці наконт заўтрашняга дня, бо ў кожную хвіліну можа ўсе змяніцца, яе могуць зноў закрыць у турме, у кожную хвіліну могуць выклікаць на допыт. Так што зараз такая сітуацыя нявызначанасці.

Можа скласціся такое ўражанне, што тэма Саюза палякаў на Беларусі знікла са СМІ, але пераслед польскай меньшасці працягваецца. І гэта не толькі справа Анджэя Пачобута ці Анжалікі Борыс, прыйшлі да іншых дзеячаў арганізацыі?

Праблемы палякаў у Беларусі павялічваюцца, рэпрэсіі супраць польскай меньшасці ўзрастаюць. На мінулым тыдні адбыўся ператрус у офісе Саюза палякаў у Гродне, прыходзілі да кіраўнікоў арганізацыі ў Гродне, Брэсце і Мінску. Узбуджана крымінальная справа за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за гэта пагражае да двух гадоў турмы. Адной з фігурантак справы стала намеснік кіраўніка Саюза палякаў, але не выключана, што колькасць абвінавачваемых асоб можа павялічыцца. І гэта чарговая хваля рэпрэсій з боку беларускіх улад. Раней зліквідаваны дзве польскія школы, знішчаны месцы памяці палякаў, пастаянна з’яўляюцца новыя факты знішчэння польскіх магіл. Таму сітуацыя не вельмі добрая і цэлы час пагаршаецца.

А ўвогуле ці засталіся якія-небудзь ініцыятывы, якія Саюз палякаў можа рэалізоўваць у Беларусі?

Саюз палякаў да гэтага часу працуе і працуе ў такіх умовах, якія склаліся. Змест нашай дзейнасці вельмі змяніўся за апошнія гады, шмат пра якія рэчы мы не можам гаварыць публічна. Першачарговая задача для нас сёння – гэта захаваць людзей, бо людзі заўсёды былі асновай нашай арганізацыі, на якіх усё трымалася. І зараз у нас засталіся толькі людзі, бо польскія асяродкі вымушаны былі закрыцца.

Поўная размова ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.