Loading

Медыя «Ліхтар» стваралася імкліва і невялічкай камандай журналістаў. Пішуць яны пераважна пра лайфхакі для беларусаў за мяжой − куды схадзіць, як сэканоміць, дзе знайсці доктара і што зрабіць, каб не з’ехаць з глузду ў эміграцыі. Паразмаўлялі з галоўнай рэдактаркай партала Яўгеніяй Доўгай.

− Мы адразу дамовіліся, каб гэта было ўтульнае медыя без палітыкі. Нам хочацца стварыць пляцоўку, дзе мы будзем распавядаць пра тое, як палепшыць жыццё і зрабіць яго больш камфортным у эміграцыі. Бо гэта вельмі цяжкі стан для псіхікі чалавека. Як кажуць псіхатэрапеўты, па ступені перажыванняў эміграцыя знаходзіцца на трэцім месцы пасля смерці блізкага чалавека і разводу. 

Мы пішам для беларусаў усяго свету. Польшча, Літва, Грузія, Германія. Таксама мы стварылі вельмі карысны гайд па Украіне. Хацелі б штосьці рабіць і для беларусаў Амерыкі, там вельмі моцная дыяспара.

Публікацыі на «Ліхтары» практычныя і на злобу дня − напрыклад, як можна сэканоміць на ежы, дзе купіць абутак, як патанней павандраваць і дзе знайсці беларускага доктара. «Мы збіраем і мапу ініцыятыў, і рыхтуем вялікі падраздзел з гайдамі», – распавядае  Яўгенія і абяцае, што неўзабаве на сайце з’явіцца бюьці-раздзел.  

− Мы будзем шукаць беларускіх майстроў і майстрыц, якія робяць пазногці, працуюць касметолагамі. Усё гэта нашыя людзі. Чаму б не карыстацца іх паслугамі? А не так даўно мы выпусцілі класны матэрыял пра тое, дзе ў замежжы можна зрабіць тату ў беларускіх майстроў. 

− Якія публікацыі мелі найбольш ахоп? 

− Самы папулярны матэрыял быў пра аналагі беларускіх лекаў у Польшчы. Таксама вельмі добра чыталі пра тое, дзе можна набыць за мяжой беларускую кнігу. Гэта мяне ўзарвала! А яшчэ мы трапілі з тэкстам пра законы наконт хатніх жывёл у Польшчы. Таксама мы зрабілі TikTok і наша першае відэа набрала 13 000 праглядаў. Я лічу, што гэта нядрэнна. Мы там параўноўвалі кошты на прадукты.  

У пошуках акутальных тэм Яўгенія чытае чаты беларускіх дыяспар. Нядаўна з’явіўся запыт ад уладальнікаў аўто: беларусам цікава даведацца, дзе і як можна купіць машыну ў Польшчы. Прасілі напісаць і пра платныя дарогі, а таксама кошты на паліва. 

− Некаторыя мае калегі пыталіся, навошта беларусам такі сайт. Маўляў, ёсць гугл. Але мне здаецца, каб быць у больш-менш добрым стане, нам вельмі патрэбны дапаможнік, каб мы не вярнуліся ў Беларусь з расхістанай псіхікай. 

− Дарэчы, а чаму вырашылі назвацца «Ліхтар»? 

− О, гэта цэлая гісторыя! Мы і карты цягнулі, і ў асацыяцыі гулялі. Ліхтар − таму што нам патрэбна неяк асвяціць шлях чалавеку. Падаецца, што гэта добрая назва. 

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.