8 і 9 кастрычніка на сцэне аднаго з найстарэйшых польскіх тэатраў гучала беларуская мова. Балады і рамансы Адама Міцкевіча ўвасобіла незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы».
Па сутнасці, гэта першая іх маштабная прэм’ера за два гады пасля выгнання. Над пастаноўкай працаваў рэжысёр Мікалай Пінігін, а беларусы Польшчы нарэшце сустрэліся з любімымі акцёрамі. Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева і многія іншыя артысты, якія разам са сваімі калегамі ў 2020 годзе звольніліся з Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. І самай вялікай рамантыкай ва ўсёй гэтай гісторыі стала іх сустрэча. Прэм’ерныя эмоцыі — у нашым матэрыяле.
Гэты спектакль рыхтавалі ад канца лета. Рэпетыцыі, грымёркі, пах закулісся і магія вялікай залы: акцёры нарэшце трапілі ў натуральны тэатральны асяродак. Прызнаюцца: працавалася лёгка і натхнёна. Дарэчы, за тыдзень да прэм’еры — солдаўт. Усё, як у тыя самыя часы. Каардынатарка праекта Вольга Гардзейчык кажа, што мара здзейснілася:
«Увесь гэты час хацелася, каб гэтыя людзі зноў былі разам, змаглі б неяк разам папрацаваць. Рэакцыя публікі — лепшая ўзнагарода і для актораў, і для арганізатараў. Ёсць аж такі водгук, аж такая патрэба ў сэрцах! За некалькі дзён да прэм’еры мне пісалі і тэлефанавалі бесперапынна, прасілі знайсці квіткі. І такі ажыятаж паказвае, што “Купалаўцы” патрэбны людзям, што іх любяць і чакаюць. І самім “Купалаўцам” гэта таксама патрэбна.»
Купалаўцы прызнаюцца: у пэўны момант яны стаміліся казаць пра крызіс. Захацелася нейкай рамантыкі. Так з’явіўся Міцкевіч — пранізлівы і трагічны, лірычны і драматычны, з гумарам і халадком па спіне: усё ў лепшых традыцыях рамантызму і мінімалістычных дэкарацыях, візуальны код якіх будзе зразумелы і беларусам, і палякам. На сцэне — Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Ігар Сігоў, амаль уся вольная трупа. Вярнулася да гледачоў і колішняя прыма Купалаўскага Святлана Зелянкоўская:
«Калі я з’ехала з Беларусі ва Украіну, я ўдзельнічала там у спектаклях на украінскай мове, але ў мяне заўсёды была згадка пра сваіх. Асяроддзе, дзе я нарадзілася як актрыса, дзе я сябе паказала ў самых буйных ролях — гэты калектыў мне як дом. Гэта мая бацькаўшчына. Для мяне гэта такое падвоенае вяртанне на нейкую духоўную радзіму, таму што тэатр — гэта заўсёды ўзняццё духу, светлых помыслаў, асабліва зараз, калі мы ў выгнанні. Міцкевіч нас сапраўды аб’яднаў».
Адбываліся ў гэтай пастаноўцы і дэбюты: Мікалай Стонька да эміграцыі працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Пераехаўшы ў Варшаву, далучыўся да Купалаўцаў:
«Я шчыра ўдзячны сусвету, што я магу працаваць з вельмі таленавітымі і класнымі беларускімі акцёрамі. Працавалася цікава, захоплена. Гэты быў выдатны пераклад. У самім тэксце столькі новых ідэй, новых сэнсаў, гэта ўсё зараз адчуваецца вельмі актуальным».
На вынік працуе ўсё: і магія літаратурнай першакрыніцы, і дэкарацыі, і жывая музыка — дарэчы, у выкананні артыстаў, якія да 2020 года таксама працавалі ў Купалаўскім тэатры. Важнасць і актуальнасць спадчыны Міцкевіча падкрэслівае актрыса Валянціна Гарцуева:
«Я ўпэўнена, што мы павінны звяртацца да Міцкевіча. Мы лічым яго беларусам, але не вельмі шмат ведаем пра яго. У Міцкевіча вельмі моцна прагледжваецца сувязь з продкамі. Шмат і пра будучыню. Ён нібыта папярэджвае нас.
Сапраўдная рамантыка гэтага спектакля — нашая сустрэча. Мы не бачылі адзін аднаго даволі доўга, а сабраўшыся, адчулі, як мы любім гэты калектыў і адзін аднаго. Мы як сям’я».
«Цікавыя гэтыя эмоцыі: ты быццам аказваешся ў іншым часе, нібыта два-тры гады таму. Але вось скончыўся спектакль, і ты разумееш, што ты тут, у Варшаве. І думаеш: “А што я тут раблю? Што там? Што будзе далей?” Шмат пытанняў. Шмат цікавых эмоцый. Дзякуй вялікі акцёрам і гэтаму тэатру», — дзяліліся гледачы сваімі прэм’ернымі ўражаннямі.
Comments are closed.