Loading

У сераду Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з кітайскімі чыноўнікамі і лідарам камуністычнай партыі Кітая, Сі Цзіньпінем у рамках свайго візіту ў Кітай.

Праўладныя беларускія СМІ пісалі, што было падпісаны мноства дамоваў аб супрацоўніцтве ў розных сферах. Тым не менш, на думку палітолага, Валерыя Карбалевіча, ні самі падпісаныя дагаворы, ні іх колькасць, асаблівай цікавасці не ўяўляюць. Палітолаг лічыць, што асноўнай мэтай гэтай паездкі была дэманстрацыя «прарыву дыпламатычнай блакады», у якой апынуўся Лукашэнка ў апошнія гады.

‒ Можна сказаць, што гэтая сустрэча трохі выходзіць з агульнага шэрагу. Яна незвычайная, таму што даўно ўжо Лукашэнка не ездзіў у Кітай. Раней часцей гэта было, амаль раз на два гады, калі глядзець за час кіравання Лукашэнкі. А тут быў вялікі перапынак у сувязі з кавідам, у сувязі з падзеямі ў Беларусі 2020 года. Ну і з гледзішча той ізаляцыі міжнароднай, у якой апынуўся Лукашэнка і пасля пачатку падзей ва Украіне, то гэты візіт у пэўным сэнсе з’яўляецца, скажам так, прарывам вось гэтай міжнароднай ізаляцыі. У пэўным сэнсе павялічвае аўтарытэт Лукашэнкі і сярод беларускай наменклатуры, сярод беларусаў і ў міжнародным плане, бо адна справа ездзіць у Зімбабвэ і зусім іншая – у Кітай. Таму ў гэтым плане сімвалічна, прэстыжна, гэта такі, у пэўным сэнсе важны візіт для афіцыйнага Мінска, і ён значна важней чым нейкія практычныя дамоўленасці, якія там былі дасягнутыя.

Сярод карыстальнікаў у інтэрнэце існуе меркаванне, што Сі Цзіньпін нібыта мог выклікаць Лукашэнку каб атрымаць тлумачэнне наконт напружанасці на мяжы з ЕС. Наколькі такія меркаванні верныя?

‒ Я не вельмі разумею што значыць Сі выклікаў Лукашэнку. Каб расказаць, пра што расказаць, пра сітуацыю на межах? А каму яна невядомая? Па-другое, дамова аб візіце была яшчэ ўвосень, падчас сустрэчы Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Самаркандзе на саміце ШАС.

Таксама выказваецца меркаванне, што акрамя афіцыйных тэм, маглі абмяркоўвацца і пытанні абыходу заходніх санкцый у дачыненні паставак зброі ў Беларусь і асабліва Расію. На вашу думку, наколькі гэта верагодна?

‒ Абмяркоўвацца могуць любыя тэмы, і гэтая, проста гэтая версія, яна ні на чым не заснаваная. Тут хутчэй, у выступе Лукашэнкі гэта гучала: «Беларусь зацікаўлена ў кітайскіх тэхналогіях, у тым ліку ў сферы ВПК». Бо той жа захад увёў санкцыі, даволі жорсткія, адносна ВПК, адносна зброі, адносна ўсяго, што звязана з абаронай. З гэтым могуць быць нейкія праблемы і тут Кітай сапраўды можа дапамагчы. Тыя ж мікрасхемы, тыя ж мікрапрацэсары. Тое, што мае падвойнае прызначэнне. Тое, што можа выкарыстоўвацца і ў вытворчасці зброі і ў вытворчасці мірнай прадукцыі. Ну, вось у такім варыянце – так, гэта верагодна. Ну і, дарэчы, зараз жа беларускія прадпрыемствы ВПК працуюць на Расію, выконваюць замовы расійскага ВПК, ну і ў гэтым плане можна казаць пра нейкае такое супрацоўніцтва, але даволі ўскоснае.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.