Праект «Свае людзі» сёння выправіўся аж на іншы бок нашае планеты, дзе, як выявілася, таксама ёсць беларусы. Размаўляем з вулічным артыстам, блогерам і вольным падарожнікам з Салігорска Аляксандрам Гойшыкам, які зараз знаходзіцца… недзе ў Паўднёвай Амерыцы.
Распачаў я падарожжа ў сярэдзіне кастрычніка 21-га года. Спачатку я прыляцеў у Мексіку, дзе ёсць невялічкая беларуская дыяспара, некалькі гарадоў, дзе жывуць беларусы. Два тыдні пабыў там. Наведаў нашых беларусаў. Пасля паехаў у Гватэмалу. І ў Гватэмале, уласна кажучы, і распачалася мая прыгода.
Пасля трох тыдняў вывучэння мовы, я купіў праз маркетплэйс на Фэйсбуку ўжываны скутэр. І мне спатрэбіўся цэлы месяц, каб аформіць яго на сябе, каб прайсці ўсе кругі гватэмальскага бюракратызму. Пасля я паездзіў на скутэры па Гватэмале.
Гватэмала – адна з самых цікавых краінаў рэгіёна Лацінскай Амерыкі. Там фантастычная прырода, там ёсць вельмі шмат дзейных, актыўных вулканаў. І таксама вельмі цікавая з культурнага гледзішча. Гэта краіна, дзе большасць насельніцтва складаюць карэнныя індзейцы мая. І культура мая ў Гватэмале захавалася: ты можаш бачыць людзей у нацыянальных строях.
І людзі размаўляюць на сваіх мовах. Афіцыйная, галоўная мова Гватмалы – мясцовая гішпанская альбо кастаяна, але афіцыйнымі таксама ёсць яшчэ 22 мовы мая і яшчэ 2 мовы індзейцаў з іншай групы, якія не адносяцца да мая. То бок, апроч кастаяна яшчэ ёсць 24 афіцыйныя мовы індзейскія.
Таксама захаваліся піраміды мая – комплекс Цікаль – самы вялікі свеце комплекс пірамідаў мая. І ў сталіцы Гватэмала-сіці ёсць вельмі цікавы музей кнігі Попал-вух – гэта свяшчэнная кніга, кодэкс правілаў для мая. І яна расшыфраваная. То бок, мову мая ўдалося расшыфраваць. І можна самому ўсё гэта пачытаць, даведацца – ёсць вельмі цікавы музей.
З Гватэмалы паступова, павольна скутэрам я паехаў у Сальвадор, Нікарагуа, Гандурас, Коста-Рыка і Панама. З Панамы да Калумбіі няма дарогі.
Панамерыканская шаша там перарываецца на 70 кіламетраў. І там прыйшлося шукаць нейкі варыянт, каб адправіць скутэр у Калумбію. Аказалася, што з маім скутарам, які важыць усяго 100 кілаграмаў, было прасцей адправіць яго грузавым самалётам, чым шукаць марскі кантэйнер, каб марскім шляхам пераправіць. Паветраным шляхам ужо праз два дні ў Багаце – сталіцы Калумбіі, можна было забіраць скутэр.
І далей я ехаў-ехаў, недзе год ужо еду скутэрам, і я даехаў паступова праз Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, праехаў Аргентыну і зараз вось даехаў скутэрам да Уругвая. І тут я вырашыў сутэр пакінуць, каб налягке, з адным заплечнікам паехаць на самы «край свету». Я ўжо рабіў некалькі разоў так. Я пакідаў скутэр у Багаце ў знаёмага на парковачным месцы, каб паляцець у Амазонію.
Самалётам з Багаты да Ліцісіі – гэта гарадок у калумбійскай частцы Амазоніі, там стык трох межаў – Калумбіі, Перу і Бразіліі. Там я па зямлі перайшоў мяжу з Бразіліяй і шэсць дзён агулам плыў паромамі праз Амазонку. Тры дні да Манауса – гэта галоўны горад штата Амазонас, двухмільённы мегаполіс, куды няма фактычна нармальнай дарогі, закінуты ў джунглях. І пасля яшчэ два гарады – Сантарэм і Макапа, па паўтара дня да кожнага трэба было плыць. Фактычна я дабраўся да месца, дзе Амазонка ўпадае ў Атлантычны акіян.
Адтуль аўтобусамі праехаў да Французскай Гвіяны – гэта французская частка, а яшчэ ёсць Сурынам – гэта колішняя галандская калонія і адзіная краіна на кантыненце, дзе афіцыйная мова – галандская, і Гаяна – гэта колішняя брытанская калонія, і таксама гэта адзіная краіна на гэтым кантыненце, дзе размаўляюць па-ангельску. І пасля праз Бразілію заехаў у Венесуэлу, каб паглядзець, якая нас чакае вельмі кепская будучыня пры самых кепскіх раскладах. Не хацелася б такой будучыні – з абсалютным паліцэйскім сваволлем, з паліцэйскімі пад кожным кустом, паліцэйскімі, якія рабуюць уласны народ, у людзей дома часта няма электрычнасці, няма вады, усё дорага.
Пасля я вярнуўся ў Багату, ехаў скутарам, даехаў да Лімы – сталіцы Перу. Пакінуў там скутэр у хлопца-перуанца, які вучыўся ў нашым Наргасе разам з маімі салігорскімі сябрамі. Пасля сканчэння ўніверсітэту ён доўга не мог знайсці працу ў Беларусі і вырашыў вярнуцца дадому і адкрыў сваю невялічкую мясную краму. У яго я пакінуў скутэр і паляцеў у Гватэмалу «на канікулы» на месяц.
Калі я заехаў у Аргентыну, у мяне паламаўся скутэр – там была праблема з пасам перадачы. А ў Аргентыне такіх скутараў папросту не існуе. Таму я там таксама пакінуў скутэр, вярнуўся ў Гватэмалу, пабыў там з каханай, купіў запчасткі для скутэра і потым прыехаў назад у Аргентыну, адрамантавалі мне скутэр. Я праехаў праз Аргентыну да сталіцы Буэнос-Айраса і потым паромам – гэта самы зручны шлях праз рэчку Рыа-Плата, патрапіў ва Уругвай.
Уругвай – гэта адна з самых заможных краінаў у рэгіёне. Таму, адпаведна, там і кошты таксама, у адрозненне ад Аргентыны, напэўна, у 5-7, а часам і ў 10 разоў вышэйшыя.
А патлумач у чым розніца паміж Уругваем і Парагваем, які там недалёка знаходзіцца?
Калі вельмі-вельмі-вельмі ўсё спросціць, то Парагвай – гэта такая звычайная бедная краіна рэгіёна без выхаду да мора. Уругвай – гэта заможная краіна, якую часам называюць лацінаамерыканскім Монтэ-Карла, з выхадам да мора, да акіяну.
А што дазваляе Уругваю быць самым заможным у рэгіёне? Можа там нейкія карысныя выкапні?..
Я думаю, што граматная эканамічная палітыка. Гэтая краіна перажыла дыктатуру, але цяпер яна з адным з найвышэйшых у свеце паказнікаў дэмакратыі (згодна з рэйтынгам брытанскага цэнтра The Economist Intelligence Unit за 2022 год, Уругвай паводле паказнікаў дэмакратыі займае 13-е месца ў свеце паміж Канадай і Люксембургам, апярэджваючы Нямеччыну, Вялікабрытанію, Францыю і нават ЗША, Беларусь у гэтым рэйтынгу на 146-м месцы са 167 краінаў – РЎ) і з праведзенымі рэформамі, з прыцягненнем інвестыцыяў і гэтак далей. Там бяспечна, там нізкі ўзровень карупцыі, у адрозненне ад суседніх Аргентыны, Бразіліі ці таго ж Парагвая. Таму я думаю, што за кошт гэтага яны такія багатыя.
Ты казаў пра тое, што ў Гватэмале карэнныя народы – індзейцы мая маюць вялікі адсотак сярод насельніцтва, іхнія мовы маюць афіцыйны статус. А які стан карэнных народаў у іншых краінах, якія ты наведаў?
У іншых краінах ёсць індзейцы іншай групы – інка, у Перу і часткова ў Балівіі, у Эквадоры. Але яны не пакінулі ніякай пісьмовай спадчыны пасля сябе. І я амаль што не чуў, каб нехта размаўляў на кічуа – на мове інкаў. Фактычна, у Перу – гэта асноўная краіна інкаў, Мачу-Пікчу – іхні там галоўны гістарычны аб’ект, які яны пасля сябе пакінулі, яшчэ безліч ёсць розных месцаў, але амаль не адчуваеш, каб нехта ўжываў сваю мову. У адрозненне ад Гватэмалы, індзейцы інка амаль што страцілі гэта ўсё і глабалізаваліся. Яшчэ там застаецца, што яны ўжываюць нацыянальную вопратку – у іх такія капялюшы модныя, і гэтак далей, але ў паўсядзённым ужытку яны такія згішпанізаваныя.
Ці сустракаў ты, акрамя Мексікі, на сваіх лацінаамерыканскіх пуцявінах, яшчэ недзе беларусаў ці нейкія згадкі пра Беларусь?
Я ведаю, што ёсць беларуска ў Гватэмале, якая кіруе дабрачынным шпіталём у аддаленай правінцыі для індзейцаў мая. Мы дамаўляліся сустрэцца, але нешта не атрымалася.
Пасля гэтага я ў Панаме, калі плаваў на выспы Дэльторэ, на пароме, калі я вяртаўся, пазнаёміўся з матарыстам парома Юрам. Ён з Літвы сам і па кантракце там ужо некалькі гадоў працуе, таму што стары савецкі паром быў спісаны некалі ў Літве і яго набылі ў Панаму разам з камандай. І ён мне расказваў, што ў Панама-сіці ёсць сям’я беларусаў.
Беларусаў асабіста я сустракаў у Эквадоры – наш хлопец, які займаецца тым, што здымае рэпартажы, нейкія там дакументальныя фільмы пра калумбійскіх і венесуэльскіх уцекачоў у Эквадоры. Таксама сустрэў аднаго і таго ж хлопца-менчука, спачатку ў Багаце ў Калумбіі, а пасля, пакуль я ехаў, ён перабраўся жыць у Ліму – у Перу, і там я зноў з ім сустрэўся і нават пажыў некаторы час. Ён займаецца тым, што прадае сістэмы для анлайн-покера.
І нядаўна я быў у Буэнас-Айрэсе і сустракаўся са сваімі салігорскімі землякамі. Людзі, якія раней працавалі ў Расіі, пасля пачатку вайны, калі ўсё пачало валіцца, кампанія, дзе яны працавалі, закрылася і яны вырашылі перабрацца ў Буэнас-Айрэс.
Ведаю пра беларусаў у Чылі, маю іх кантакт. І ведаю пра вельмі актыўных беларусаў у Бразіліі. Да іх я, уласна кажучы, еду – гэта мая фінальная кропка. Там я хачу прадаць скутэр і працягнуць падарожжа ў Новую Зеландыю, Аўстралію, Кітай, Японію, Карэю, Манголію.
Што цябе найбольш уразіла за гэтае тваё падарожжа Лацінскай і Паўднёвай Амерыкай?
Напэўна, самай такой вялізнай эмоцыяй, самым вялізным уражаннем было, калі я быў у Аргентыне ў Кордабе – трэці з велічыні горад краіны, і калі зборная Аргентыны перамагла ў чэмпіянаце (у футболе). І пачаліся гэтыя проста шалёныя святкаванні – гэта проста не апісаць словамі.
А агулам – вельмі шмат розных уражанняў. Напрыклад, той жа Цікаль у Гватэмале – вялікія піраміды мая, ці Мачу-пікчу – храм індзейцаў інка ў Перу, ці самы вялікі ледавік у Аргентыне Пэрыта-Марэна, калі ты бачыш вось гэтую стыхію, бачыш з адлегласці паўкіламетра гэты агромністы ледавік, бачыш, як з яго адколваюцца глыбы, вышынёй з дзевяціпавярховы дом – гэта, канешне, вельмі моцныя ўражанні. Ці прайсці ўсю Амазонку – праплыць на паромах, тры дні плывучы да аднаго горада, спаць у гамаках, як усе мясцовыя – гэта таксама вельмі моцныя ўражанні. Ці ў Венесуэле бачыць гэтыя партрэты гэтага Чавеса ці там Балівара таго на кожным кроку – гэта таксама моцна ўражвае. Такіх эмоцыяў, што «ваў!» – іх шмат!
Comments are closed.