Loading

«Движбот» – гэта бяспечны інструмент, які з дапамогай нескладаных механікаў дазваляе мяняць Беларусь. Менавіта так апісвае свой праект Каардынацыйная Рада. Схема працы выглядае вельмі проста. Карыстальнік падпісваецца на бот у тэлеграме ці вайберы, пасля чаго некалькі разоў на тыдзень атрымлівае заданні, якія трэба выканаць максімальна аператыўна. Заданні розныя: ад падтрымкі сем’яў палітзняволеных да блакіроўкі прапагандыстаў у сацыяльных сетках.

Пра тое, колькі людзей у сённяшнях умовах гатовы праяўляць актыўнасць унутры Беларусі, паразмаўлялі з кіраўніцай праекту «Движбот», заснавальніцай «моладзевай фракцыі» у Каардынацыйнай Радзе Ганнай Краўчанка.

Сцісла ў размове:

– Было б дзіўна, каб уся тая салідарнасць, якую мы бачылі ў 2020, знікла за тры гады праз пагрозы рэпрэсій. Натуральна, што ціск з боку дзяржавы змяншае ўзровень актыўнасці людзей. Але беларусы ўнутры краіны не перасталі дзейнічаць, проста цяпер гэтая дзейнасць стала непублічнаю.

– Цягам года да бота далучылася тысяча чалавек. Агулам удзельнікамі нашага праекту з’яўляецца 23 тысячы беларусаў. Палова карыстальнікаў бота знаходзіцца непасрэдна ў Беларусі, палова – прадстаўнікі дыяспары.

– Год таму бот прызналі экстрэмісцкім, пасля гэтага актыўнасць карыстальнікаў у Беларусі знізілася ў два разы. Але тут варта адзначыць, што, калі чалавек адпісваецца ад бота, гэта не азначае, што ён перастае дзейнічаць.

– Наша задача – падказваць людзям, дзе яны могуць прадэманстраваць сваю неабыякавасць, як зрабіць сваю краіну трошкі лепш проста зараз. Дарэчы, навіны нам у гэтым не дапамагаюць, бо калі іх чытаеш, падаецца, што ўжо няма ніякай надзеі.

– Па дадзеных на студзень 2023 удзельнікі бота выканалі больш за 500 тысяч заданняў. Найбольш актыўна людзі блакуюць прапагандыстаў у сацыяльных сетках. Гэта нескладана і галоўнае максімальна бяспечна. Але многія таксама пішуць палітвязням, дапамагаюць іх сваякам.

Comments are closed.