26 кастрычніка – дзень народзінаў аднаго з найбольш выбітных беларускіх паэтаў 20-га стагоддзя Анатоля Сыса. Сёлета яму б споўнілася 63 гады. Але, на жаль. Лёс паэта аказаўся не даўгім. Ён і пайшоў ад нас у 2005-м. Раней штогод у гэты дзень на ягонай радзіме ў вёсцы Гарошкаў пад Рэчыцай Саюз беларускіх пісьменнікаў арганізоўваў літаратурнае свята, якое збірала дзясяткі людзей, якім дарагая і цікавая беларуская паэзія і тэма беларускага нацыянальнага адраджэння. Сёлета хутчэй за ўсё ў Гарошкаве збяруцца толькі самыя блізкія людзі для Анатоля.
Як па зорах па расе
Твой апошні шлях праляжа
Памірай, а жыта сей
Рунь пра сейбіта раскажа
Гэтыя радкі Анатоля Сыса, высечаныя скульптарам Гэнікам Лойкам на помніку, які ўсталяваны на магіле паэта пад гонкімі бярозамі на гарошкаўскіх могілках па-над дняпроўскаю кручаю. І тое, што рунее ад творчасці Анатоля Сыса і дагэтуль – гэта сапраўды важкі даробак у скарбонку нашай нацыянальнай спадчыны. Многія літаратуразнаўцы ставяць Анатоля Сыса ў адзін шэраг з Янкам Купалам і Максімам Багдановічам.
У невялікай вёсцы Гарошкаў, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва паэта, зараз увогуле няма школы, а ў часы Анатоля была толькі пачатковая. Але яна была беларускамоўнаю. А вось у 4-ы клас ён мусіў ісці ў суседнюю вёску – цэнтр сельсавета, Броннае, дзе школа была з расійскай мовай навучання. Узгадвае родная сястра Анатоля Сыса Тамара Ціханаўна Грыб.
«Мне было 16, я пайшла працаваць, а Толя застаўся, хадзіў там у першы ці другі клас. Ён спачатку хадзіў у Гарошкаве ў школу, а потым у чацвёрты клас ён пайшоў у Броннае. Але ж у Бронненскай школе было рускае навучанне. Калі я вучылася – беларуская школа была. Але, як ужо ў мяне быў сёмы клас, я ўспамінаю, паціху пачалі з’яўляцца рускія падручнікі. То па гісторыі, то па геаграфіі, то па тым, то па сім, а потым усе падручнікі сталі рускія. І школа, можа яна недзе ў гарано і лічылася беларускаю, але яна была ўжо руская. А мы ж былі дзеці і не разумелі гэтага. Адказвалі па-руску. Ну і калі я ўжо школу закончыла, Толя пайшоў у першы клас».
І ўжо ў школе Анатоль Сыс пачынаў пісаць вершы. Нават, як кажа Тамара Ціханаўна, паэмы. Пра звычайнае вясковае жыццё.
«Я знайшла яго сшыткі такія агульныя. Дык там яго… Недзе гадоў яму было 14, я так вылічыла. Ён пісаў… паэмы! Паэмы, як дзед з бабай гушкаліся на арэлях, ды як баба ўпала. Вось такое вось, смешнае. Там была паэма пра белага каня, вось, я ўспамінаю. І вось у мяне гэта забралі. Незабыўнае. Гэтыя «Берагі…» [зборнік ранніх вершаў Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва»] выдалі. Дык гэта выдалі сапраўдныя вершы. А то былі першыя. Пачатковыя. І пры тым былі, здаецца, і на рускай мове, і на беларускай яго першапачатковыя вершы».
Натуральна, што паэт Анатоль Сыс выспяваў паступова, фармавалася ягонае светаадчуванне з цягам часу. Ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта на спецыяльнасць філолага і выкладчыка беларускай і расійскай моваў і літаратураў. Менавіта таму, што яго вельмі напакоілі нашыя нацыянальныя пытанні.
У Гарошкаве на ўзвышшы па-над шырокай дняпроўскай поймай ёсць старое гарадзішча Зарубінецкай культуры з курганамі і могільнікамі. Гарошкаўцы спраку веку завуць гэтую мясціну Гарадок. І як раз у часы Сысавага студэнцтва уладам для неякае будоўлі спатрэбіўся пясок. І яны без асаблівых роздумаў пачалі раскопваць археалагічны помнік. Тады малады студэнт Анатоль Сыс паўстаў на абарону гарадзішча, дайшоўшы аж да Акадэміі навук. Разбурэнне спынілі. Але адгрызеная частка гарадзішча заўважная і цяпер.
Анатоля Сыса вельмі хвалявала пытанне адраджэння беларускай мовы. Для яго гэта была святая рэч. Пасля таго, як з прыходам да ўлады Лукашэнкі, у Беларусі распачалі палітыку знішчэння беларускай мовы і замяшчэння яе ўсюды, дзе толькі магчыма, расійскаю, якую зноў пасля імперскіх і савецкіх часоў абвесцілі дзяржаўнай, Анатоль Сыс забараніў перакладаць свае вершы на расійскую мову да таго часу, пакуль у Беларусі не стане адзінаю дзяржаўнаю моваю беларуская.
Але ў той жа час, Анатоль Сыс разумеў, што шматпакутнаму беларускаму народу нават за мову нельга больш ваяваць. Вось, што ўзгадала сястра паэта.
«Аднойчы я ездзіла ў Мінск да Анатоля. Ён мне расказваў, як ён уначы ішоў па горадзе і сустрэўся з двума, як іх называюць?.. Ну фашыстамі – маладзёнамі, якія ходзяць з бізунамі, з татуіроўкамі. Ён такіх маладых людзей сустрэў і прывалок іх дадому і ўсю ноч выхоўваў. І давыхоўваў да таго, што яны пайшлі разам з ім у смеццеправод у доме ў яго і павыкідалі тыя свае бізуны, усю сваю амуніцыю гэтую нацысцкую. І далі яму слова, што яны больш не будуць гэтым займацца. Вось такое ён мне расказаў. А потым ён мне сказаў: «А цяпер я хачу табе сказаць, што калі б мне сказалі – выбірай: ці будзе беларуская мова і будзе вайна, а як беларускай мовы не будзе, вайны не будзе». Ну дык вось, Анатоль сказаў: «Дык я табе хачу сказаць, што я выбраў бы, каб не было вайны». «Каб не было вайны ў нашай краіне. Я бы мову як-небудзь бы адсунуў, але каб не было вайны», – ён усё паўтараў. Вось гэта Анатолевы словы, вось яго думка, яго меркаванне».
Тамара Ціханаўна лічыць, што Анатоль Сыс быў прарокам.
«Ён адчуваў. Ён прарок. Я вось успамінаю ягоныя некаторыя выразы, і потым усё гэта спраўджвалася – тое, што ён гаварыў».
І асноўную пагрозу вайны Анатоль Сыс бачыў з усходу ад Беларусі. На вялікі жаль, гісторыя паказала, што так яно і ёсць. Гэты верш выйшаў у зборніку «Пан лес» у 1989 годзе. Жывы голас Анатоля Сыса:
У расейцаў шаблі касыя
У расейцаў вочы Батыя.
Конскія хвасты за плячыма.
Потная кабыла – Айчына.
Не патрап пад шаблі касыя,
не павер у вочы Батыя,
не сядлай жарэбай кабылы –
прывядзе да цёмнай магілы.
А ў мяне ж свая ёсьць магіла,
а мяне ж яна палюбіла,
палюбіла сынам і мужам,
як жану, я біў яе гужам,
а я біў-пытаўся: ці мала
да мяне з чужынцамі спала?
«Спала з маскалём, спала зь ляхам,
ды была пасьцельлю мне плаха,
спала з тваім бацькам – ліцьвінам,
а цяпер з табой – маім сынам,
паглядзіся ў рэчкі лясныя,
хіба ж маеш вочы Батыя,
хіба ж конскі хвост за плячыма,
паглядзі – з кім спала Айчына…
Дні народзінаў Анатоля Сыса і тады, калі ён быў жывы, і пасля – заўжды былі шматлюднымі. Вось што кажа Тамара Ціханаўна.
«У яго на дзень нараджэння заўсёды была куча людзей. Вельмі многа, асабліва ў Мінску. У Мінску ён збіраў цэлыя вяселлі на свой дзень нараджэння. Усе да яго прыходзілі. І ён вельмі радаваўся гэтаму, вельмі радаваўся, калі ў яго было многа людзей на дзень нараджэння. І ў Гарошкаве мы заўсёды спраўлялі яго дзень нараджэння. І хлопцы прыходзілі, і прыязджалі. У кожны год да нас прыязджаў на яго дзень нараджэння Андрэй Мельнікаў. Ужо як усе не прыязджалі, а Андрэй Мельнікаў прыязджаў, пакуль Анатоль у Мінск не паехаў».
Зараз многія літаратары і проста неабыякавыя людзі, якія збіраліся на літаратурныя святы ў Горашкаў, мусілі ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў за межы Беларусі. Саюз беларускіх пісьменнікаў улады ліквідавалі. Сёлета літаратурнага свята ў Гарошкаве не будзе. Але ж тыя, каму дарагі паэт, могуць прыехаць на гарошкаўскія могілкі, могуць зайсці ў ягоную родную хату, каб адчуць дух, які выгадаваў геніяльнага паэта.
Comments are closed.