Журналісты RISE Moldova сумесна з Цэнтрам «Дасье» высветлілі, хто і як у ФСБ спрабуе ўплываць на малдаўскую палітыку і праз каго спецслужбы курыравалі паліттэхнолагаў Ігара Дадона. У рукі расследавальнікаў таксама патрапілі дакументы, якія сцэнарыі захопу Малдовы прапануюць аналітыкі, набліжаныя да ФСБ. Знайшоўся ў гэтай гісторыі і беларускі след: як высветлілася, у расійскай Федэральнай службе бяспекі Малдову і Беларусь курыруюць адныя і тыя ж людзі. Хто яны? – пагаварылі з рэдактарам рускамоўнага аддзела RISE Moldova Уладзімірам Тхорыкам.
Уладзімір, тое, што зараз адбываецца ў Малдове, антыўрадавыя выступленні з патрабаваннем адстаўкі Маі Санду, гэта таксама рука ФСБ?
Мітынгі ў Малдове маюць некалькі прычын. Першая прычына – гэта незадаволенасць людзей ростам тарыфаў на электраэнергію, на газ, справядлівая незадаволенасць. Але праблема ў тым, што гэтыя мітынгі арганізуюць людзі, звязаныя з партыяй «Шор», лідэрам якой з’яўляецца адзін з сябраў арганізаванай злачыннай групоўкі, які скраў з банкаўскай сістэмы Малдовы адзін мільярд даляраў. Таму можна казаць, што на мітынгі ў Малдове незадаволеных збірае збеглы асуджаны і бізнэсмэн Ілан Шор. Ён быў часткай злачыннай групоўкі, якая абрабоўвала гэтых жа людзей, якіх зараз збірае на мітынгі.
Другі аспект: якія знешнія сілы стаяць за мітынгам? Зразумела, мітынгі пратэсту незадаволеных ростам тарыфаў, выгадныя ў першую чаргу Маскве і людзям, якія займаюцца ў спецслужбах Расіі малдаўскім напрамкам. Як мы распавялі ў нашым расследаванні «Куратары Малдовы ў ФСБ», гэта – Пятая служба ФСБ і непасрэдна адзін з кіраўнікоў гэтай службы Дмітрый Мілюцін. Трэба сказаць, што гэты афіцэр у ФСБ займаецца не толькі Малдовай, але і курыруе напрамак Беларусі. Гэта значыць, у яго падпарадкаванні знаходзяцца непасрэдныя куратары ад ФСБ і ў беларускай палітыцы.
А як вы пра гэта даведаліся?
Гэта даныя розных нашых крыніц, якія вывучаюць уплыў Федэральнай службы бяспекі Расіі на постсавецкія краіны. Таксама даныя гэтых крыніц перапацвярджаюцца, я пакуль не магу сказаць як, але пацвярджаюцца і лічбавымі крыніцамі людзей з атачэння Мілюціна. Гэта значыць Мілюціну шлюць справаздачы аб розных спецаперацыях агентаў ФСБ як у Беларусі, так і ў Літве. Гэта як адзін з доказаў, што ў полі зроку Мілюціна знаходзіцца і Беларусь.
А іншыя людзі, згаданыя ў расследаванні, той жа Валерый Салоха, яны да Беларусі маюць дачыненне? Ці гэта выключна куратары Малдовы?
Па нашых даных падчас пратэстаў у Беларусі і жорсткага разгону гэтых пратэстаў уладай, Салоха таксама лётаў у Мінск. Мэта яго візітаў нам невядомая. Таму нельга выключаць, што падначаленыя Мілюціна могуць займацца і беларускай палітыкай.
А зыходзячы з вашага досведу расследаванняў, такое куратарства што прадугледжвае?
Па нашых даных, што да куратарства Мілюціна па Беларусі, то абмяркоўвалася магчымасць удзелу ў беларускіх выбарах групы паліттэхнолагаў з Расіі. Я нагадаю, што ў Малдове ў чатырох выбарчых кампаніях удзельнічалі групы расійскіх паліттэхнолагаў, якія прыязджалі некалькі разоў прама ў Кішынёў, і былі заўважаныя намі ў 2020 годзе ў атачэнні тады яшчэ дзеючага прэзідэнта Ігара Дадона. Гэтая група паліттэхнолагаў у Малдову прыязджала таемна падчас выбарчай кампаніі і, відавочна, займалася стратэгіяй тады яшчэ кіруючай партыі сацыялістаў, якая была пракрамлёўскай партыяй на чале з тады яшчэ прэзідэнтам Ігарам Дадонам. Гэта значыць, можна сказаць, што ФСБ была ў курсе і магла каардынаваць спецаперацыі па ўмяшанні ў выбарчыя працэсы ў Малдове. Што гэтыя людзі рабілі ў Беларусі, адказ на гэтае пытанне трэба шукаць беларускім журналістам.
Ці можна казаць, што гэта была адна і тая ж група паліттэхнолагаў?
Мы не можам пакуль сцвярджаць, што тыя паліттэхнолагі, хто працаваў па Малдове, займаліся і беларускім напрамкам. Але паводле нашых звестак з некаторымі з іх пытанне працы ў Беларусі абмяркоўвалася. Дамовіліся з імі ці не, мы не ведаем.
Цяпер гэтыя паліттэхнолагі, дзякуючы ў тым ліку і вашым расследаванням, унесены ў санкцыйныя спісы. Гэта азначае, што іх праца будзе абмежаваная, іх перавядуць, здымуць?
Сапраўды, група паліттэхнолагаў, якіх мы выкрылі яшчэ ў 2020 годзе, праз два гады патрапіла ў санкцыйныя спісы ЗША. Пра дзейнасць гэтай групы мы пісалі ў расследаванні «Крамлінавіч». Чаму «Крамлінавіч»? Такі нікнэйм узяў сабе тады яшчэ прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Так ён сам сябе назваў, ён сябе так адчувае. Гэты нікнэйм мы знайшлі ў тэлефоне прэзідэнта, які нам прынесла крыніца, у мабільным тэлефоне. І пад гэтым нікнеймам Дадон кантактаваў з рознымі малдаўскімі і замежнымі грамадскімі дзеячамі, палітыкамі, прадстаўнікамі сілавых структур. Дык вось, падчас публікацыі расследавання «Крамлінавіч» мы распавялі пра гэтых паліттэхнолагаў, пасля гэтага яны не прыязджалі ў Малдову, але, паводле нашых звестак, яшчэ працавалі на нашых выбарах дыстанцыйна, з Масквы. Забарона на паездкі ў іншыя краіны, накладзеная санкцыямі ЗША, на Беларусь не распаўсюджваецца, і таму ў Мінск гэтыя паліттэхнолагі ці афіляваныя з імі іншыя групы могуць ездзіць і займацца вашымі выбарамі, як гэта яны рабілі ў Малдове. Яны прыязджалі ў Кішынёў як да сябе дадому, вялікімі групамі, хадзілі ў офіс «прададонаўскай» партыі сацыялістаў, наведвалі Адміністрацыю прэзідэнта. Да прыкладу, я, як журналіст, не мог пакуль Дадон быў ва ўладзе бесперашкодна патрапіць у будынак Адміністрацыі прэзідэнта. Групы расійскіх паліттэхнолагаў рабілі гэта свабодна. Таму відавочна блізкая сувязь гэтых людзей з атачэннем Дадона.
Дарэчы такі кур’ёз: у складзе групы гэтых паліттэхнолагаў была і расійская жанчына псіхолаг-гіпнатызёр. Па даных нашых крыніц, яна магла гіпнатызаваць Дадона перад важнымі тэлевізійнымі эфірамі, калі ён балатаваўся на другі тэрмін. Журналісты тады яшчэ жартавалі: добра, што ў Малдовы няма ядзернай зброі, а то загіпнатызаваны кіраўнік дзяржавы мог бы незнарок націснуць на чырвоную кнопку і разбамбіць Бухарэст.
А пасля вашага расследавання ці ёсць верагоднасць, што куратары па Малдове зменяцца?
Цяжка прадбачыць рашэнні, якія прымае кіраўніцтва ФСБ. Па куратары Малдовы ў Крамлі мы бачым, што любы сцэнарый верагодны. Справа ў тым, што Малдовай займаецца не толькі ФСБ, але і ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі таксама ёсць так званы «малдаўскі аддзел», якім кіраваў у 2020 годзе палкоўнік Службы знешняй разведкі Ігар Маслаў, гэта атрымліваецца прадстаўнік іншай спецслужбы. Пасля таго, як мы выкрылі яго, пасля таго, як апублікавалі скрыны яго кантакту з тэлефона Дадона, гэтага палкоўніка Маслава павысілі і ён стаў вялікай палітычнай фігурай у Адміністрацыі прэзідэнта і ўзначаліў упраўленне па культурных і знешніх сувязях. Ва ўпраўленні з такой бяскрыўднай назвай ён шпіёніў за малдаўскімі палітыкамі, яго аддзел складаў на палітыкаў характарыстыкі. То бок, гэта яшчэ адно ведамства, якое пераправярала працу куратараў ФСБ па Малдове. Таму, адказваючы на вашае пытанне, я не здзіўлюся, калі пасля з’яўлення ў нашым расследаванні, гэтых людзей, якія працуюць па Малдове, могуць павысіць.
Пятая служба ФСБ перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пісала аналітычныя запіскі па Украіне, падобныя дакументы патрапілі ў ваша распараджэнне і па Малдове. Наколькі там адэкватная ацэнка сітуацыі, што адбываецца ў краіне?
Пятая служба ФСБ сапраўды праславілася не зусім адэкватнай ацэнкай таго, што адбываецца ва Украіне, што прывяло да поўнамаштабнага ўварвання. І знакаміты начальнік Пятай службы Сяргей Бяседа, як кажуць, дакладваў Пуціну, што расійскую армію ва Украіне будуць сустракаць «салам, хлебам і кветкамі». У рэчаіснасці было не так. І спецаперацыя „на тры дні” зацягнулася ўжо амаль на дзевяць месяцаў з-за неадэкватных ацэнак ФСБ ва Украіне. Такія ж неадэкватныя ацэнкі выдаюць «аналітыкі блізкія да ФСБ» і па сітуацыі ў Малдове. Некаторыя справаздачы патрапілі таксама ў наша распараджэнне, мы атрымалі іх ад людзей блізкіх да Пятай службы ФСБ і таксама апублікавалі ў нашым расследаванні. Згодна з гэтымі справаздачамі ў Расіі ёсць тры сцэнарыі акупацыі Малдовы ў бліжэйшы час. Адзін са сцэнарыяў – частковая акупацыя. Гэта «тупая» ваенная акупацыя Прыднястроўя, гэта значыць стварэнне калідора праз поўдзень Украіны да Прыднястроўя. Другі варыянт – гэта ваенная акупацыя ўсёй тэрыторыі Малдовы. І трэці сцэнарый – гэта дзяржаўны пераварот у Малдове пры дапамозе мясцовых агентаў уплыву, звяржэнне цяперашняй улады і прывядзенне да ўлады пракрамлёўскіх лаяльных палітыкаў. Як мы бачым па апошніх падзеях у Малдове рэалізуецца спроба трэцяга сцэнарыя – звяржэнне дзяржаўнага ладу. Хто выйграе? – час пакажа, ці будзе гэта пракрамлёўская агентура або дзеючая ўлада.
А дзеючая ўлада з улікам гэтых рызык ужо неяк адрэагавала на ваша расследаванне?
У Малдове ўзбуджана крымінальная справа па факце ўплыву ФСБ. Гэта вядома звязана не толькі з нашым расследаваннем, малдаўскія сілавікі заварушыліся пасля ўнясення трох паліттэхнолагаў, засвечаных намі яшчэ ў 2020 годзе, у санкцыйныя спісы ЗША. Паколькі ў Малдове праеўрапейскі, празаходні ўрад, там глядзяць у рот заходнім партнёрам, і толькі пасля таго, як ЗША ўнеслі ў санкцыйны спіс трох паліттэхнолагаў і яшчэ аднаго з «кашалькоў» усіх спецаперацый у Малдове, сына экс-Генпракурора Расіі Юрыя Чайкі, пасля гэтага ў Малдове пачалі заяўляць, што ўсе факты ўплыву ФСБ у Малдове будуць разглядацца ў межах крымінальнай справы. Публікацыя нашых расследаванняў «Куратары Малдовы з ФСБ» і «Рублі на Дадона» вядома падштурхнулі малдаўскае следства, і расследаванне ўплыву на Малдову расійскай агентуры будзе паскорана.
Расследаванне RISE Moldova можна пачытаць тут.
Comments are closed.