Loading

Расійскі дабраахвотніцкі корпус ужо некалькі разоў ажыццяўляў узброеныя заходы з тэрыторыі Украіны ў Расію. Першы раз гэта адбылося ў сакавіку, калі РДК зайшоў у памежныя населеныя пункты Бранскай вобласці. І тады многія не толькі ў Расіі, але і ў заходніх краінах,  былі шакаваныя гэтым. Апошняя аперацыя РДК адбылася на тэрыторыі Белгарадскай вобласці, дзе вайскоўцы РДК праз сутыкненні з урадавымі расійскімі сіламі змаглі прасунуцца на 7 кіламетраў углыб расійскай тэрыторыі, але потым вярнуліся ва Украіну. Пра мэты гэтых акцыяў расійцаў, якія ваююць на баку Украіны, радыё Ўнэт  паразмаўляла з расійскім апазіцыйным журналістам, заснавальнікам выдання «Роспартызан» Раманам Папковым.

— Ці можаце Вы акрэсліць асноўныя стратэгічныя і, магчыма, тактычныя мэты гэтых аперацыяў? 

— Я найперш, хацеў бы падкрэсліць, што я не з’яўляюся байцом РДК, не з’яўляюся камандзірам РДК, таму ўсе мае меркаванні маюць у нейкай ступені дапушчальны характар. Я ведаю добра некаторых байцоў РДК, ведаю іхняга камандзіра. Я лічу РДК сваімі хаўруснікамі ў змаганні супраць пуцінскага  рэжыму, хаўруснікамі расійскіх партызанаў. У любым выпадку я кажу меркавана. 

З майго гледзішча, РДК, па-першае, спрабуе стварыць касцяк для будучага антыпуцінскага расійскага войска. То бок, для таго войска, якое будзе ваяваць з пуцінскім рэжымам надалей. Таму што ні ў каго няма ніякіх ілюзіяў з нагоды зрынання Пуціна мірным шляхам, шляхам мірных пратэстаў. Таму наперадзе ўзброенае змаганне. Трэба да яго рыхтавацца. І я мяркую, што гэта такая пэўная заяўка на будучыню. Яны сваю сілу дэманструюць, яны дэманструюць свой патэнцыял, дэманструюць сваю адвагу. Каб болей людзей, болей валанцёраў, болей добраахвотнікаў ішло да іх, пад іхнія сцягі. Гэта як бы першая і асноўная задача. 

Яшчэ адна задача – гэта паказаць насельніцтву Расіі, паказаць насельніцтву тых тэрыторыяў, якія знаходзяцца паблізу межаў з Украінай, што расійская дзяржава ў аператыўным плане банкрут. Яна не ў стане абараняць свае межы, яна не ў стане абараніць падкантрольныя тэрыторыі. Гэтая аперацыі па, калі хочаце, развянчанні  рэжыму, дэманстрацыі ягонай слабасці, ягонай бездапаможнасці, па страты рэжымам пэўнай сакральнасці. Гэта тое, што РДК,  з майго гледзішча, мае на мэце. 

— Якія аперацыі ўжо былі праведзеныя РДК і што ім удалося зрабіць? 

— У траўні была самая маштабная ў Белгарадскай вобласці. Да таго ў іх было дзве аперацыі. Абедзве былі ў Бранскай вобласці. 2 сакавіка і 6 красавіка. Гэта былі два рэйды на тэрыторыю Бранскай (вобласці). 

Акрамя гэтага РДК удзельнічае і ў барацьбе з пуцінскім войскам на тэрыторыі Украіны,  дзе ў іх быў шэраг аперацый. У прыватнасці ў Херсонскай вобласці яны фарсавалі Дняпро з украінскім спецназам і там наносілі ўдар па пазіцыях расійскіх войскаў на кантралюемым імі беразе Дняпра. Але, калі мы кажам пра рэйды на тэрыторыю Расіі, дык усяго буйных рэйдаў было тры: два ў Бранскай вобласці і адзін у Белгарадскай. 

У ваенным плане ўсе гэтыя рэйды маюць  даволі вялікую значнасць. Хаця,  здавалася б, яны невялікімі сіламі ажыццяўляюцца, але тым не менш, гэта прыўносіць хаос у шэрагі пуцінскіх войскаў, у шэрагі пуцінскіх сілавікоў на расійскай тэрыторыі. І, калі нават страты забітымі ў расійскіх сілавікоў невялікія, то, вядома ж,  тая вусціш, якую  ўсяляе ў іх уварванне на кантралюемую  імі тэрыторыю, гэта прымушае Крэмль перацягваць войскі з украінскіх франтоў на абарону расійскай мяжы. 

То бок, ваенны сэнс менавіта ў гэтым. Сёння РДК колькасцю з некалькіх літаральна дзясяткаў чалавек увойдзе на тэрыторыю там нейкай бранскай вёскі, а заўтра Крэмль змушаны будзе перакінуць туды цэлую брыгаду  танкавую ці мотастралковую з Украіны, каб не паўтарыць такога надалей. Каб не было такога новага правалу. Гэта ўсё мае вялізнае значэнне для Украіны, безумоўна. 

Пра тое, як да РДК і ягоных рэйдаў у памежныя расійскія раёны ставяцца ўнутры Расіі, ці маюць да гэтых рэйдаў дачыненне спецслужбы Украіны ды іншае – слухайце ў поўнай размове з Раманам Папковым у плэеры ніжэй: 

Comments are closed.