На працягу многіх гадоў дэзінфармацыя застаецца адным з важнейшых інструментаў, які выкарыстоўвае Расія супраць Літвы, каб падарваць давер да дзяржаўнай улады, аслабіць яе аўтарытэт на міжнароднай арэне і ўзмацніць сацыяльны падзел. Праблема бярэ пачатак з савецкіх часоў, калі Літва, Латвія і Эстонія, як частка Савецкага Саюза, знаходзіліся наўпрост пад уплывам камуністычнай прапаганды. Расія ніколі цалкам не адмаўлялася ад ідэі вяртання краін Балтыі ў сваю сферу ўплыву, таму выкарыстоўвае СМІ для дасягнення ўласных інтарэсаў у рэгіёне.
Спажыўцамі расійскай прапаганды з’яўляюцца пераважна нацыянальныя меншасці. У Літве выхадцы з Расіі складаюць менш за 6% насельніцтва. Акрамя таго, руская мова распаўсюджана сярод палякаў Літвы (больш за 6% насельніцтва). У выніку расійскі медыярынак тут даволі вузкі, эфектыўнасць расійскай прапаганды абмежаваная, але гэта не азначае, што Расія не спрабуе пашырыць свой інфармацыйны ўплыў на літоўскую аўдыторыю. Адносная папулярнасць расійскіх СМІ ў Літве вынікае з іх прывабнасці, адпаведнага выбару тэм і спосабаў іх падачы, што забяспечвае забаўляльны і прыемны спосаб баўлення вольнага часу. СМІ характарызуюцца візуальнай прывабнасцю і выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, г.зн. зручныя сайты, прыцягальныя слоганы, добры гук, якасны візуальны складнік і хуткая падачы інфармацыі. Найбольш уразлівыя да маніпуляцый групы спажыўцоў – людзі сталага ўзросту, з нізкім эканамічным і сацыяльным статусам, з настальгіяй па Савецкім Саюзе і з больш кансерватыўнымі поглядамі. Наратывы Крамля скіраваны на інфармацыйныя патрэбы пераважна гэтых мэтавых груп. Цікава, што пракрамлёўскія СМІ надаюць значную ўвагу праблемам і стану польскай нацыянальнай меншасці на Віленшчыне, а таксама польска-літоўскім канфліктам. Публікацыі засяроджваюцца на спрэчных гістарычных тэмах, імкнуцца пераканаць аўдыторыю, што Літва дыскрымінуе мясцовых палякаў і што Польшча не адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў.
З-за дэзінфармацыі і прапаганды ў СМІ Літва некалькі разоў абмяжоўвала трансляцыю рускамоўных тэлеканалаў. У 2013 годзе санкцыі ўпершыню былі ўведзеныя ў дачыненні да тэлеканала ПБК (Першага Балтыйскага канала), а ў 2014 годзе – у дачыненні да «РТР-Планета» і «НТВ-Мир». Нагодай сталі сумнеўныя аповяды пра ролю Савецкай Арміі ў краінах Балтыі ў 1991 годзе. Затым, у 2015 годзе, вяшчанне тэлеканалу «РТР-Планета» было прыпынены на тры месяцы за распальванне варожасці паміж украінцамі і расіянамі. У 2017 годзе расійскі канал TVCI блакавалі двойчы – першы раз на месяц, а потым на паўгады. У 2020 годзе ў рамках санкцый Еўрасаюза супраць грамадзян Расіі, якія падтрымліваюць палітыку Масквы, накіраваную на дэстабілізацыю Украіны, Літва, як і Латвія, забараніла трансляцыю чарговых расійскіх тэлеканалаў. Наступны раз вяшчанне пракрамлёўскіх тэлеканалаў было забаронена з-за агрэсіі Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года. Камісія па радыё і тэлебачанні Літвы забараніла рэтрансляцыю шасці з іх з-за падштурхоўванне да вайны і за прапаганду, у тым ліку «Беларусь 24», «НТВ-Мир», «РТР- Планета», «Россия 24», ПБК і TVCI. Чатыры з іх адключаны на пяць гадоў, а ПБК і TVCI – на тры. Хоць большасць палітычных партый выступала за забарону расійскіх прапагандысцкіх каналаў у балтыйскай інфармацыйнай прасторы, палітыкі па гэтым пытанні не былі адзінадушныя: некаторыя з іх лічылі, што гэтае рашэнне выкліча незадаволенасць рускамоўнай аўдыторыі.
У верасні 2022 года Сейм Літвы ўхваліў папраўкі ў закон «Аб публічнай інфармацыі», якія часова забараняюць рэтрансляцыю і распаўсюджванне ў інтэрнэце кантэнту радыё- і тэлепраграм з Расіі і Беларусі. За дакумент прагаласавалі 113 чалавек, 4 дэпутаты ўстрымаліся (усяго ў літоўскім парламенце 141 дэпутат). Да 16 верасня гэтая забарона дзейнічала ва ўмовах надзвычайнага становішча, а пасля – толькі ў рэгіёнах, якія мяжуюць з Расійскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. Забарона будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка 2024 года. Выключэнне складаюць толькі каналы, якія распаўсюджваюцца ў краінах Еўрасаюза. Аднак гэтыя рашэнні не азначаюць, што пракрамлёўскія наратывы не трапляюць у Літву. Літоўскія эксперты прызнаюць, што жыхары памежных рэгіёнаў па-ранейшаму могуць свабодна прымаць не менш за 20 каналаў з Расіі і Беларусі. Праблема гэтая тычыцца не толькі грамадзян рускага, беларускага ці польскага паходжання, але і этнічных літоўцаў, якія маюць доступ да забароненых станцый і праграм і падтрымліваюць кантакты са сваімі роднымі за мяжой. Акрамя таго, на рынку за 100 еўра прапануецца паслуга, якая дае магчымасць глядзець каналы нелегальна. Улады Літвы ведаюць аб праблеме абыходу забароны, але прызнаюць, што змяніць гэтую сітуацыю вельмі складана, бо трэба блакіроўка каналаў самімі інтэрнэт-правайдэрамі, абмежаванне сігналаў з-за межаў Літвы або ўзмацненне ўласных перадатчыкаў.
Пракрамлёўская прапаганда па-ранейшаму распаўсюджваецца на сайтах і ў сацыяльных сетках. Наратывы сканцэнтраваны на прадстаўленні Літвы як дрэнна кіруемай, нацысцкай і русафобскай дзяржавы (таб. 1). Адміністратары і ўдзельнікі груп у Facebook актыўна дзеляцца кантэнтам, які адпавядае рыторыцы Крамля. Дагэтуль карыстальнікі адпаведных груп рабілі акцэнт на дыскрэдытацыі літоўскіх улад і паляпшэнні іміджу Расіі сярод дыяспары, а зараз распаўсюджваюць непраўдзівую інфармацыю пра вайну ва Украіне. Хоць аўдыторыя гэтых інфармацыйных сайтаў і груп у сацыяльных сетках не вельмі вялікая, яны па-ранейшаму актыўныя, і іх патэнцыял нельга недаацэньваць.
У параўнанні са студзенем 2022 года ў лютым у літоўскай інфармацыйнай прасторы прыкметна зменшыўся паток дэзінфармацыі, што звязана з пачаткам актыўнай фазы ўварвання Расіі ва Украіну. У гэты час Расія ўвесь свой прапагандысцкі і дэзінфармацыйны патэнцыял накіравала на Украіну. Тым не менш у Літве расійская прапаганда працягвала дзейнічаць, галоўнымі яе тэмамі сталі літоўская армія і пытанні бяспекі. У лютым 2022 года больш за 65% прапагандысцкіх матэрыялаў тычыліся войска і абароннага патэнцыялу Літвы. Яны былі накіраваныя на тое, каб паўплываць на стратэгічна важныя для Літвы слупы бяспекі: дзяржаўную незалежнасць, сацыяльную згуртаванасць і сэнс існавання Літоўскай Рэспублікі. Акрамя таго, прапаганда прыніжала магчымасці літоўскай арміі, маніпулявала інфармацыяй і ставіла пад сумнеў дапамогу з боку НАТА ў выпадку пагрозы. Расійскія крыніцы паведамлялі, што, спасылаючыся на нестабільную сітуацыю ва Украіне, Паўночнаатлантычны Альянс мілітарызаваў краіны Балтыі і Польшчу ці што літоўская палітычная эліта пад выглядам дыпламатычнай вайны з Расіяй спрабуе легалізаваць прысутнасць кантынгенту ЗША на сваёй тэрыторыі, насуперак закону аб забароне знаходжання замежных ваенных баз у Літве. Адначасова расказвалі і пра ўкраінскіх бежанцаў, якія прыбывалі ў Літву. Іх паказвалі нацыстамі і няўдзячнымі людзьмі. Такія наратывы з’явіліся як у інфармацыйнай прасторы краін Балтыі, так і ў Польшчы. У любым выпадку такая інфармацыя павінна была стварыць вобраз ворага і аслабіць праўкраінскія настроі аўдыторыі. Падобным чынам наратыў пра тое, што Расія насамрэч ваюе з ЗША ці НАТА (а не з Украінай), пачаў распаўсюджвацца ў першыя дні вайны. ЗША абвінавацілі ў актыўным удзеле ў вайне ва Украіне («Украіна – толькі калонія ЗША і НАТА»). Больш за тое, выказвалася меркаванне, што вайна была накіравана на задавальненне інтарэсаў амерыканскай ваеннай прамысловасці і эканамічнае знішчэнне Расіі (таму «у Расіі няма іншага выйсця акрамя як абараняцца»). У наступныя месяцы маштаб прапаганды ў Літве ўзрастаў. Літва прадстаўлялася як малазначная і недэмакратычная краіна, асноўная мэта якой – распаўсюджваць русафобію. Напрыклад, у жніўні прапаганда засяродзілася на тэме літоўска-расійскіх адносін – сумнеўнай антырасійскайсці Літвы, русафобіі і варожых дзеяннях у дачыненні да Расіі. Асабліва пасля таго, як Літва, Латвія і Эстонія абмежавалі выдачу турыстычных віз грамадзянам Расіі, а потым, калі вырашылі не пускаць расіян, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, у інфармацыйнай прасторы Крамля пачалі з’яўляцца паведамленні, што краіны Балтыі парушаюць правы рускамоўных, а адзінай мэтай Літвы ў Еўрасаюзе з’яўляецца пашырэнне русафобіі. Прапаганда сцвярджала, што палітыка Літвы супярэчыць фундаментальным каштоўнасцям Еўрасаюза, Літва абмяжоўвае правы чалавека і падзяляе турыстаў паводле нацыянальнасці і грамадзянства. Такім чынам рабіліся спробы падарваць пазіцыі Літвы на міжнароднай арэне. Пракрамлёўскія СМІ таксама звярнулі ўвагу на працэс дэмантажу савецкіх помнікаў у Літве, Латвіі і Эстоніі, заявіўшы, што «дзеянні ўлад краін Балтыі з’яўляюцца неанацысцкімі і зневажаюць памяць загінуўшых герояў». Цікава, што праз некалькі тыдняў пасля таго, як у чэрвені 2022 года Літва ўвяла санкцыі на транзіт у і з Калінінграда, літоўскія публічныя СМІ падвергліся атацы ботаў у Фэйсбуку. Пераважная большасць фальшывых акаўнтаў была зарэгістравана ў краінах Афрыкі і Азіі. Нягледзячы на тое, што аналіз не выявіў непасрэднага ўдзелу дзяржаўных органаў у гэтай атацы, такія дзеянні адпавядаюць мэтам пракрамлёўскай прапаганды – у тым ліку, выклікаць страх перад магчымымі наступствамі далейшых санкцый супраць Расіі. У верасні дэзінфармацыйная актыўнасць зноў узрасла, асноўныя тэмы варʼіраваліся ад выкарыстання ядзернай зброі («магчымасць прымянення зброі масавага знішчэння супраць Расіі») і пашкоджання газаправоду Nord Stream. Сцвярджалася, што ЗША і Еўрасаюз (у тым ліку краіны Балтыі) байкатавалі трубаправод дзеля фінансавай выгады, а ў акцыі былі задзейнічаны ўкраінскія дыверсанты.
Яшчэ адна праблема – гэта невідавочная, скрытая прапаганда. Камісія па радыё і тэлебачанні Літвы прызнае, што можа забараніць толькі адкрытую прапаганду і дэзінфармацыю, але не можа заблакаваць расійскія фільмы, культурныя і забаўляльныя праграмы, якія транслююцца ў адпаведнасці з правіламі Еўрасаюза. Нельга адмаўляць, што дэзынфармацыйная кампанія Крамля ў Літве, якая суправаджае расійскую агрэсію супраць Украіны, самая масавая за апошнія дзесяць гадоў. Аднак расійскія прапагандысцкія механізмы не заўсёды эфектыўныя. Заявы Крамля часта супярэчлівыя і хаатычныя. Нягледзячы на тое, што прадукт літоўскіх публічных СМІ даволі разнастайны, гэта радыёпраграмы, тэлеканалы і інфармацыйныя парталы, але ён не такі прывабны, як расійскі, а значыць, няпроста ад яго абараніцца. У той жа час Літва імкнецца стварыць адкрытае і незалежнае інфармацыйнае асяроддзе, даступнае для рускамоўных грамадзян. Стратэгія паляпшэння інфармацыйнай бяспекі ўключае:
- павышэнне прывабнасці ўласнага медыяпрадукта,
- павышэнне якасці СМІ,
- прамаванне грамадзянскай пазіцыі,
- супрацоўніцтва публічнага і прыватнага медыясектара і няўрадавых арганізацый.
Таксама расце сацыяльная свядомасць СМІ, змяняецца стаўленне да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і палітыкі Расіі ў рэгіёне. Тым не менш, расійская прапаганда ўсё яшчэ можа быць пагрозай, а падзел поглядаў на Украіну і Расію па-ранейшаму праходзяць па этнічнай прыкмеце.
Аўтар Аляксандра Кучыньска-Зонік Інстытут Цэнтральнай Еўропы
Comments are closed.