Loading

На мінулым тыдні нямецкая газета Die Tageszeitung сумесна з французскім выданнем Disclose апублікавалі расследаванне, што буйны шведскі канцэрн ІКЕА супрацоўнічае з беларускімі прадпрыемствамі, якія выкарыстоўваюць працу зняволеных, у тым ліку палітычных вязняў. Факты, якія прывялі журналісты еўрапейскіх выданняў, абурылі беларускага актывіста, аднаго з лідараў моладзевай ініцыятывы «Легалайз Беларусь» Пятра Маркелава, які вырашыў зладзіць пратэстную акцыю ў краме канцэрна ІКЕА у Празе, дзе ён зараз жыве. Зрэшты, пра тое, чаму ён рашыўся менавіта на такі фармат акцыі, як яна адбывалася і якія ўжо былі наступствы, сам Пятро Маркелаў распавёў нашаму карэспандэнту Андрусю Гаёваму.

Мяне вельмі раззлавала інфармацыя, што ўжо 10 год ІКЕА супрацоўнічала з кампаніямі, якія ў Беларусі выкарыстоўваюць працу асуджаных, у тым ліку і па палітычных матывах. Даўно вядома, што тыя, хто адбывае пакаранне ў турмах Беларусі, займаюцца вытворчасцю мэблі на экспарт. Але не было вядома, хто з’яўляецца канечным звяном у гэтым вытворчым ланцугу. І аказалася, што сярод іншых у гэтым спісе і міжнародная карпарацыя ІКЕА. Вядома, што ІКЕА робіць гэта не першы раз, у 80-ых гадоў кампанія выкарыстоўвала працу палітычных зняволеных у ГДР.

Спачатку я вывучыў заканадаўства, ці ёсць якія-небудзь законныя шляхі прыцягнуць кампанію да адказнасці, і патрапіў на артыкул, які тлумачыў, што ёсць ужо такія заканадаўчыя ініцыятывы ў Францыі, у Германіі, таксама на ўзроўні ўсяго ЕС, але яны пакуль не набылі моц. Такім чынам легальнымі шляхамі прыцягнуць ІКЕА да адказнасці не атрымалася, таму я вырашыў выкарыстаць прамое дзеянне. І яшчэ адна задача была паказаць, што беларусы не будуць мірыцца з тым, што міжнародная кампанія падтрымлівае аўтарытарны рэжым, адказны на катаванні і палітычныя забойствы. Кампаніі, якія супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам павінны разумець, што калі яны не будуць прыцягнуты да адказнасці зараз, то могуць быць прыцягнуты пазней, і да таго ж панясуць рэпутацыйныя рызыкі.

Я лічу, што людзі павінны ведаць пра дзейнасць кампаніі ІКЕА. Бо ніхто не захоча прачынацца ў ложку і разумець, што ён зроблены людзьмі ў турме. Першы мой крок быў нанесці рэпутацыйны ўрон. Я зрабіў акцыю, каб прыцягнуць увагу. Я таксама напісаў мэйл кіраўніцтву кампаніі, паведаміў, што мы пойдзем у суд, нават, калі гэта не прынясе вынікаў. Таксама я выслаў кампаніі спіс беларускіх арганізацый, якія займаюцца дапамогай палітзняволенымі і іх сем’ям, і прапанаваў пералічыць грошы гэтым арганізацыям. Часткова з-за такіх кампаній як ІКЕА мы не можам скінуць у Беларусі гэты рэжым.

Пётр Маркелаў прыйшоў у адну з крам ІКЕА у Празе, абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работ, пасля чаго рассек дзве белыя тумбачкі сякерай. Затым ён абліў іх чырвонай фарбай і на англійскай мове заявіў, што такім чынам пратэстуе супраць «супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі». Таксама ён раскідаў улёткі з адпаведнай інфармацыяй. Маркелаў спецыяльна выбраў момант, калі ў залі не было дзяцей, і потым спакойна чакаў прыезду паліцыі. Яго затрымалі.

Крыніца: twitter.com/policiecz

Рэакцыя наведвальнікаў крамы ІКЕА была рознай. Хтосьці здымаў відэа. Па некаторых я бачыў, што людзі ў курсе сітуацыі і разумеюць, чаму я правожу такую акцыю. Адзін хлопец сказаў мне: «Мы проста хочам жыць спакойна». Супрацоўнікі ІКЕА стаялі побач. Потым прыйшоў ахоўнік, які гэтага моманту чакаў напэўна ўсю сваю кар’еру. Я ўзняў рукі, сказаў, што я не супраціўляюся. Ён мне ў вочы пырснуў балончыкам з пярцовым газам, выклікаў мясцовы АМАП, які пасля брутальна затрымаў мяне, вельмі брудна са мной абыходзіўся. Мне пагражалі дэпартацыяй, казалі, што я агент КДБ. Праз 6 гадзін пасля затрымання мяне вызвалілі, зараз чакаю рашэнне пракурора. Пра маю справу напісалі ўсе найбуйнейшыя медыя Чэхіі.

Я лічу, што беларусам трэба вучыцца адстойваць свае правы. Мне некаторыя кажуць, навошта такая радыкальная акцыя, можна было з плакатам пастаяць. Акцыі з плакатамі, акцыі са свечкамі каля амбасады – гэта ўлюбёны тып акцый дыяспары. Гэта хутчэй псіхатэрапія, і такія акцыі не выклікаюць цікавасці. А замежнікам трэба паказваць, што беларусы гатовы рызыкаваць за свае ідэі, за свае правы.

Comments are closed.