Loading

Беларускі моладзевы актывіст Пётр Маркелаў зараз пражывае і навучаецца ў Чэхіі. У лістападзе ён правёў скандальную акцыю ў адной з пражскіх крам кампаніі ІКЕА. Пётр запэцкаў чырвонай фарбай падлогу, а мэблю сапсаваў сякерай. Такім чынам актывіст хацеў прыцягнуць увагу да выкарыстання кампаніяй ІКЕА працы палітвязняў прынамсі з беларускіх турмаў.

Зараз кампанія патрабуе ад Маркелава кампенсацыю ў памеры каля 8,5 тысяч даляраў. Аб тым, як актывіст плануе адстойваць свае інтарэсы, ён распавёў у эфіры радыё Ўнэт.

Акцыя Пятра Маркелава ў краме ІКЕА. Крыніца: twitter.com/policiecz

«Пасля затрымання мяне адпусцілі і сказалі, што пазней выклікаюць у паліцыю, каб узяць тлумачэнні. Пазней там мне паказалі паперу, згодна якой, ІКЕА патрабуе ад мяне кампенсацыю ў памеры 205 тысяч чэшскіх крон, што прыкладна складае 8,5 тысяч даляраў. Я лічу, што гэта лічба натуральна завышаная. Я, канешне, пашкодзіў фарбай падлогу і дыван. Гэта каштавала дзве тысячы даляраў. Яшчэ пашкодзіў некаторыя рэчы, але дакладна не на такую суму. То бок, большую частку прад’яўленай мне кампенсацыі складаюць пабочныя страты.

Я фармальна напісаў, што гатоў выплаціць кампенсацыю. Бо гэтае тлумачэнне накіроўваецца да пракурору. Ён вырашае, якім чынам працягнецца справа. Існуе скарочаны шлях, калі нават маёй прысутнасці на судзе не патрэбна. Суддзя самастойна прымае рашэнне і ў мяне не будзе запісу аб наяўнасць крымінальнага злачынства, што можа паўплываць на атрыманне дакументаў на легальнае знаходжанне ў Чэхіі. У іншым выпадку, я магу атрымаць штраф за хуліганства і запіс пра крымінальнае злачынства. Запіс можа негатыўна паўплываць на рашэнне аб працягу віду на жыхарства ў Чэхіі.

Але я не для таго ладзіў акцыю, каб потым плаціць ІКЕА. Бо мой мэсадж у тым, што кампанія павінна плаціць за выкарыстанне працы вязняў. Таму я буду шукаць магчымасці і, калі не дамовімся іншым шляхам, буду падаваць на іх у суд. Буду высвятляць, як канкрэтна былі сапсаваныя рэчы. Нагадаю, што ахоўнік ужыў да мяне непрапарцыянальную сілу, а паліцыя пры затрыманні валяла мяне па падлозе. Гэта можна абскардзіць.

Я не хачу плаціць ІКЕА. Ну, можа, калі гэта будуць нейкія сімвалічныя грошы накшталт 50 даляраў, то аплачу. Думаю, што яны большую шкоду сябе нанясуць, калі не захочуць скасаваць свае патрабаванні. Я напішу да іх прапаную гэта. Калі не пагодзяцца, буду падаваць пазоў у суд, дзе могуць раскрыцца яшчэ большыя падрабязнасці, як ІКЕА парушае правы чалавека ў Беларусі».

Пакуль у Пятра Маркелава няма адваката. Ён будзе звяртацца да яго, калі давядзецца ісці ў суд. Пётр спадзяецца, што пракурор накіруе справу па спрошчанай працэдуры. У больш горшым для яго выпадку, калі ІКЕА не пойдзе на саступкі, а малады чалавек не выплаціць кампенсацыю, то яму пагражае дадатковы штраф і крымінальны запіс. Зараз Пётр чакае рашэння па працягу віду на жыхарства на 3 наступныя гады. І спадзяецца, што гэты выпадак ніяк на яго не паўплывае. І ў любым выпадку новага тэрміна хопіць, каб скончыць навучанне ва ўніверсітэце.

На пытанне, наколькі Пётр усведамляў, якія наступствы будуць мець ягоныя дзеянні, ён адказвае, што свядома ішоў на рызыкі. Галоўнай мэтай акцыі было жаданне прыцягнуць увагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі. За такое варта адказваць. Можа на кампанію ІКЕА працуюць і добрыя юрысты, але яны карысныя ў судзе, а не ў публічнай прасторы, дзе працуе інстытут рэпутацыі. Ужо некалькі сусветных выданняў зрабілі расследаванне на тэму парушэння правоў чалавека гэтай кампаніяй.

Ягоная акцыя, кажа Пётр, накіравана не толькі супраць канкрэтнай кампаніі, а ўвогуле супраць самой з’явы супрацы з таталітарнымі рэжымамі і тымі прадпрыемствамі, што выкарыстоўваюць рабскую працу вязняў.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.