15 сакавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Дакумент асуджае рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца супраць беларусаў, павелічэнне колькасці палітычных зняволеных, а таксама нядаўнія жорсткія прысуды, у тым ліку журналісту Анджэю Пачобуту і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму. Называючы беларускі рэжым саўдзельнікам расійскага спансіравання тэрарызму, еўрадэпутаты выказалі расчараванне тым, што Беларусь не была ўключана ў нядаўна прыняты дзесяты пакет санкцый. Рэзалюцыю радыё Ўнэт абмеркавала з еўрадэпутатам ад Літвы Петрасам Аўштравічусам.
— Гэтая рэзалюцыя – сведчанне таго, што мы ведаем і не пакідаем сітуацыю ў Беларусі, хоць мы ведаем, што рэжым Лукашэнкі сёння мае перавагу, ён кантралюе сітуацыю ўнутры краіны і спрабуе рабіць гэта далей, але наша палітычная падтрымка Беларусі, у тым ліку і сацыяльная падтрымка палітычным зняволеным, павінна ўзрастаць. Мы бачым тэндэнцыю, што палітычны пераслед у Беларусі будзе нарастаць, гэта відавочная палітыка Лукашэнкі. Трэба пастаянна нагадваць свету, што адбываецца ў Беларусі, якая мае агульныя межы і з Літвой і Польшчай. Гэта трэба рабіць, таму што рэжым Лукашэнкі ўсе яшчэ з’яўляецца часткай міжнародных арганізацый. Трэба патрабаваць пакарання для тых, хто здзяйсняе палітычны пераслед.
Павінна быць і пашырэнне персанальных санкцый. Я крытычна стаўлюся да таго, што ўвядзенне санкцый супраць Беларусі зацягваецца: у 10-ым пакеце не сказана нічога на гэты конт. Гэта памылка, якую трэба прызнаваць. Таму што прамысловасць, ваенная прамысловасць у Беларусі цалкам інтэгравана пад ваенную машыну Пуціна. Гэта небяспечна для ўсіх, не толькі для Захаду, але і для Украіны, таму што мы ўсе ведаем, куды ідзе гэтая зброя. Я спадзяюся, што мы знойдзем не толькі палітычныя рашэнні, але і прававыя механізмы. Ваша заўвага пра Гаагу, сапраўды, сёння гэты механізм мае абмежаванні, таму што Беларусь не з’яўляецца яго часткай, але нам трэба думаць пра новыя механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці. Мы заявілі, што будучы спецыяльны трыбунал у адносінах да Расіі, расійскіх дзеянняў ва Украіне, павінен мець у сабе і элемент, які будзе тычыцца рэжыму Лукашэнкі.
— Ужо загаварылі і аб адмене асобных санкцый, якія тычацца калійнай сферы…
— Вы ведаеце, розныя меркаванні ёсць. Існуе эканамічны інтарэс у пэўных частках Еўропы, асабліва напярэдадні новага сельскагаспадарчага сезона. Нічога новага. У пэўных прадпрымальнікаў ёсць, напэўна, выхад на палітыкаў, яны стараюцца прасоўваць гэтыя рашэнні. Але я спадзяюся, што мы стрымаем гэты націск, я вельмі спадзяюся на гэта, і не будуць гэтыя аргументы пра сельскую гаспадарку ўплываць станоўча на фінансавыя справы Лукашэнкі, бо мы ведаем, куды гэтыя грошы ідуць: на рэжым, а не на людзей.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.