У падкасце «Неверагодныя» мы паразмаўлялі з псіхолагам – псіхатэрапеўтам Зміцерам Кухціным, які зараз жыве ў Варшаве, канчае трэцюю вышэйшую адукацыю па псіхатэрапіі. Займаецца ўласнай практыкай, але паспеў папрацаваць некалькі месяцаў у варшаўскай таксоўцы.
Апошнім часам да яго звяртаюцца кліенты з праблемамі, якія сталі вынікам эміграцыі. Непакой, страты радзімы, родных, звыклага асяроддзя і жыцця – гэта вельмі траўматычна. Зміцер дапамагае правільна гэта пражыць, знайсці новыя кропкі апоры і адаптацыі ў новых умовах. Частка звяртаюцца людзі з рознымі крызісамі – ад праблем у пары да крызісаў узросту.
Кожны крызіс – гэта набор перажыванняў, звязаных з пераацэнкай, сэнсам жыцця, пэўнымі абмежаваннямі. Але кліентам важна, які асабісты вопыт у мяне. Зносіны з жонкай, з дзецьмі – людзі ў першую чаргу ідуць да асобы псіхатэрапеўта.
У Польшчы існуе прафесійная супольнасць псіхатэрапеўтаў. Праз яе кліента могуць дакладна накіраваць да спецыяліста па ягонай праблеме. Таксама кліенты прыходзяць праз «сарафан», адмысловыя сайты па падбору псіхолагаў і сацыяльныя сеткі.
Па прыездзе ў Варшаву тры месяцы Зміцер адпрацаваў у таксоўцы. Маўляў, было цікава на ўласным досведзе адчуць спецыфіку гэтай працы, вывучыць новы горад і адразу зарабляць. Ды і сфера паслуг – любімая, усё, што звязана з камунікацыяй з людзьмі яму падабаецца. Але развіцця ў гэтай прафесіі няма, а зарабляць, каб хапала толькі на арэнду і ежу – не цікава. Таму Зміцер пачаў развіваць уласную практыку і разам сябрам яны арганізавалі групы псіхалагічнай дапамогі мужчынам.
Свой уласны эміграцыйны крызіс Зміцер Кухцін пачаў пражываць год таму, калі ліквідаваў бізнес у Беларусі і пераехаў у Расію. Там атрымалася ўладкавацца псіхолагам у рэабілітацыйны цэнтр. Працаваў з пацыентамі, якія часткова альбо поўнасцю страцілі магчымасць рухацца. Гэты досвед зараз дапамагае кансультаваць людзей, якія панеслі ў жыцці сур’ёзныя страты.
Зміцер раіць не адкладваць візіт да псіхолага, бо зацягванне праблемы прыводзіць да яе паглыблення. Таму варта звяртаць увагу на сябе, прыслухоўвацца і назіраць. Апошнім часам становіцца ўсё больш кліентаў з ПТСР (постраўматычнае стрэсавае расстройства).
Людзі, якія бачылі гвалт, альбо сталі ягонымі ахвярамі, у высокай ступені падпадаюць пад зону рызыкі развіцця ПТСР. Галоўны паказнік таго, што расстройства развіваецца, гэта відавочнае паніжэнне якасці жыцця. Становіцца менш сэнсу, змяняецца ўзровень жаданняў і чаканняў. Гэта адбіваецца на адносінах, на працы. Часта суправаджаецца рэгулярнымі начнымі кашмарамі альбо бяссонніцай, стратай апетыту. На гэтым фоне зніжаецца імунітэт, чалавек пачынае часта хварэць.
Гэта сведкі неабходнасці звярнуцца да спецыяліста. Людзі, якія раней атрымлівалі псіхатэрапеўтычную дапамогу, больш самаарганізаваны і свядомыя ў сэнсе самадыягностыкі. Такія, як правіла, часцей звяртаюцца.
Іншыя намагаюцца пражыць гэта самастойна. Сутыкаюцца з дэпрэсіяй, апатыяй, думаюць, што ім проста патрэбны час на аднаўленне. Але не заўсёды час лекуе. Безумоўна, неяк чалавек можа справіцца самастойны, але з дапамогай гэта на шмат лягчэй і хутчэй.
Зміцер на ўласным досведзе перажыў шмат траўматычных сітуацый, таму адчувае ў сябе сілу дапамагаць іншым з падобнымі праблемамі. Разам з сябрам яны арганізавалі ў Варшаве псіхалагічнай дапамогі мужчынам. Адну ў анлайн фармаце, адну афлайн. Менавіта мужчынам цяжэй за жанчын даецца рашэнне звярнуцца па дапамогу да псіхолага ці псіхатэрапеўта.
Карані праблемы і ў савецкім мінулым, калі насаджваліся хлуслівыя стэрэатыпы пра такую дапамогу і пра тое, што сапраўдны мужчына не можа быць слабым і ўразлівым. Але мужчына не менш за жанчыну адчувае боль. Толькі яму няма з кім аб гэтым нават паразмаўляць якасна. Сюды можна дадаць такі важны нюанс, што ў прафесіі псіхолага-псіхатэрапеўта, прынамсі ў напрамку гештальт-тэрапіі, жанчын-спецыялістаў больш, чым мужчынаў. Гэта таксама стрымлівае некаторых звяртацца па дапамогу.
Таму звычайна мужчыны свой боль і праблемы вырашаюць з дапамогай алкаголю і іншых хімічных рэчываў. Такія варыянты актыўна транслююцца праз кіно, рэкламу і іншае. Але яны не вырашаюць праблем, а палёгка наступае на кароткі час і пры частым ужыванні прыводзіць да залежнасці.
Нас прызвычайваюць увесь час да таго, што мужчына павінен. І не вучаць таму, што мужчына можа быць слабым, можа плакаць і адчуваць самоту. Зміцер лічыць, што гэтаму трэба навучаць са школы. Калі ў чалавека, напрыклад, заблакаваная нянавісць, то ён і любіць моцна не зможа.
Людзі, каторыя перажылі вопыт сістэмнага гвалту, а вайна і турма менавіта такія абставіны, адназначна траўмаваныя. Такіх кліентаў зараз становіцца ўсё больш і іх колькасць будзе расці. Проста пакуль шмат хто не звяртаецца па дапамогу.
Праца з такімі людзьмі пачынаецца з таго, што чалавека патрэбна змясціць у бяспечнае асяроддзе. Каб выстраіць гэту бяспеку, кожнаму спатрэбіцца розны час. Гэта залежыць ад працягласці гвалту, які чалавек перажыў. Камусьці спатрэбіцца некалькі месяцаў, камусьці – некалькі гадоў. І толькі пасля гэтага можна пачынаць дапамагаць чалавеку пагараваць і аплакаць тыя страты, якія ён панёс. Напрыклад, за час у турме чалавек дакладна страціў час свайго жыцця, мае расчараванні.
Пры правільным пражыванні на наступным этапе прачнецца злосць і гнеў на людзей, якія вінаватыя ў ягоным горы. Гэта нармальна. І толькі пасля гэтага пачнецца працэс інтэграцыі траўматычнага досведу ў новае жыццё, каб ён даў мудрасць на будучыню. Траўма застанецца назаўжды, як шрам. Але не будзе моцна балець і перашкаджаць насалоджвацца жыццём.
Асабіста небяспечна людзям з ПТСР шукаць выйсце ў алкаголі ды іншых хімічных сродках. Калі такое адбылося, то перш за ўсё, варта прызнаць наяўнасць праблемы і пабароць залежнасць, і толькі потым рухацца далей.
Калі ў вас ёсць пытанні да Зміцера Кухціна, можаце пісаць да яго ў Фейсбук ці Інстаграм, вам адкажуць і пракансультуюць.
Беражыце сябе!
Comments are closed.