Loading

21 лютага ў Каралеўскім Замку ў Варшаве выступіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Візіту ў Варшаву папярэднічала яго неабвешчаная паездка ў Кіеў.

Фота: wnet.fm. Пётр Матэўш Бабаловіч.

Набліжэнне грандыёзнай палітычнай падзеі жыхары Варшавы пачалі адчуваць яшчэ калі Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, знаходзіўся ў дарозе з Украіны. Цэнтр горада быў цалкам перакрыты яшчэ з вечара 20 лютага. Варшава рыхтавалася. Рыхтавалася сустрэць лідэра дэмакратычнага свету і пачуць яго пасланне, якое ён вёз з Кіева.

І паколькі ягоны візіт ва ўкраінскую сталіцу не быў анансаваны, менавіта Варшава ў выніку стала цэнтрам сусветнай журналістыкі на гэтыя некалькі дзён. Здымачныя групы, журналісты і фатографы з усяго свету сабраліся менавіта тут. Усе найбуйнейшыя сусветныя вяшчальныя агенцтвы і СМІ вялі трансляцыі з польскай сталіцы. Рэдакцыя радыё Ўнэт не магла прайсці міма такой падзеі.

Арганізоўвала мерапрыемства каманда Белага Дома і калі вы калі-небудзь бачылі перадвыбарныя ці іншыя выступы амерыканскіх палітыкаў – гэта было менавіта яно. Неверагодны досвед таго, як у дэмакратычным грамадстве выглядае зварот палітыка да народа. Без прымусова сабраных правераных людзей ці шоу для абраных. Дарэчы, менавіта такое прайшло ў той жа дзень, але некалькімі гадзінамі раней у Маскве.

Прайсці на мерапрыемства аказалася не цяжка, дзякуючы добра арганізаванай сістэме надглядаў і праверак, аднак шмат часу прыйшлося чакаць. Прадстаўнікоў СМІ было так шмат, што іх рэгістрацыя пачалася яшчэ а 7-й раніцы і доўжылася да 14 гадзін па мясцовым часе.

Пазней пачалі падцягвацца і гледачы, якія, дарэчы, не стаялі недзе ўдалечыні. Не, простыя людзі аказаліся дапушчаныя амаль ушчыльную да палітыкаў і стаялі нават бліжэй за журналістаў.

Першым выступіў прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда, не хаваючыся за двухсэнсоўнымі фразамі, выказаў упэўненасць у перамозе Украіны.

А прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў, што мінулы год стаў вялікім выпрабаваннем для сусветнай дэмакратыі і, на яго думку, дэмакратыі гэта выпрабаванне паспяхова прайшлі.

«Год таму я ўжо выступаў са зваротам тут у каралеўскім замку ў Варшаве. Праз некалькі тыдняў, Уладзімір Пуцін напаў на Украіну. Пачалася найбуйнейшая ў Еўропе вайна з часоў Другой Сусветнай. І прынцыпы, якія былі краевугольным каменем свету, росквіту і стабільнасці на гэтай планеце на працягу больш за 75 гадоў, апынуліся пад пагрозай знішчэння. Год таму ўвесь свет думаў, што Кіеў падзе. І вось я прыбыў з Кіева і я хачу сказаць вам, Кіеў не здаецца. Кіеў застаецца стаіць ва ўвесь рост і што самае галоўнае, ён застаецца вольным. Калі Расія напала, не толькі Украіна апынулася перад выпрабаваннем, увесь свет апынуўся перад абліччам выпрабавання. Выпрабавання для Еўропы, Амерыкі, НАТА, усіх дэмакратый. Пытанне было простае. Ці адкажам мы ці проста адвернемся? Ці будзем мы моцныя, ці апынемся слабымі? Ці будзем мы і нашы саюзнікі разам, ці апынемся падзеленыя? Праз год мы ведаем адказ. Мы адказалі, мы будзем моцнымі, мы будзем разам, а ўвесь свет не адвернецца».

Фота: wnet.fm. Пётр Матэўш Бабаловіч

Асобна хацелася б адзначыць, што ў сваёй прамове Джо Байдэн згадаў і гераічную барацьбу беларускага народа, што безумоўна з’яўляецца пасланнем рэжыму Лукашэнкі – перагарнуць старонку не атрымаецца. Барацьбу беларускага народа бачаць на Захадзе і народ атрымае поўную падтрымку ў сваёй барацьбе.

«Сёння Пуцін супрацьстаіць таму, што лічыў немагчымым год таму. Сусветныя дэмакратыі сталі мацнейшымі, не слабейшымі, у той час як аўтакраты гэтага свету аслабелі, яны не сталі мацнейшымі. Таму што ў моманты вялікай нявызначанасці, усведамленне таго, за што ты змагаешся з’яўляецца найважнейшым. А разуменне таго, хто цябе падтрымлівае – зʼяўляецца вызначальным усё. Людзі ў Польшчы ведаюць гэта. Гэта менавіта тое, што азначае слова «Салідарнасць». У час супрацьстаяння, калі цудоўны горад Варшава быў знішчаны падчас паўстання, і пазней, пасля дзесяцігоддзяў камуністычнага праўлення, Польшча выстаяла. Бо вы былі разам. Дакладна таксама зараз адважныя людзі ў Беларусі і лідары дэмакратычнага руху змагаюцца за сваю дэмакратыю. І сапраўды таксама, імкненне народа Малдовы жыць свабодна, прывяло Малдову да незалежнасці і шляху ў Еўрасаюз».

Прэзідэнт ЗША звярнуўся да простых расіян.

«Сёння я хачу яшчэ раз звярнуцца да людзей у Расіі. Злучаныя Штаты і краіны Еўропы не імкнуцца да ўсталявання кантролю над Расіяй ці яе знішчэння. Захад не планаваў атакаваць Расію, як сёння сказаў Пуцін. І мільёны расіян, якія жадаюць жыць у міры з суседзямі не з’яўляюцца ворагамі. Гэтая вайна ніколі не была неабходнасцю. Гэта трагедыя. Гэта Пуцін абраў гэтую вайну. Кожны дзень гэтай вайны – гэта яго выбар. Ён можа спыніць вайну ўсяго адным словам. Гэта лёгка. Калі Расея скончыць ўварванне ва Украіну – вайна скончыцца. Калі Украіна спыніць абарону супраць расійскага ўварвання – гэта будзе канец Украіны».

У заключэнне, Джо Байдэн нагадаў аб маналітнасці і рашучасці НАТА. Відавочна, гэта стала адказам на пагрозы і запалохванне заходніх краін, да якога любіць звяртацца Расія. Прэзідэнт ЗША яшчэ раз пацвердзіў гатоўнасць абараняць кожны сантыметр зямлі краін-членаў альянсу і падкрэсліў – напад на аднаго, гэта напад на ўсіх.

«У наступным годзе я прыму кожнага члена НАТА на саміце альянсу ў 2024 годзе. Разам мы адсвяткуем 75 гадавіну стварэння наймацнейшага абарончага альянсу ў сусветнай гісторыі – НАТА. І не сумнявайцеся, прыхільнасць ЗША альянсу НАТА і артыкулу 5 альянсу – цвёрдая як камень. Кожны чалец альянсу гэта ведае. І Расія гэта таксама ведае. Атака на аднаго – гэта атака на ўсіх. Гэта наш святы абавязак. Святы абавязак абараняць кожны дзюйм тэрыторыі НАТА».

На мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Аліна Коўшык і Аляксандр Азараў. У канцы мерапрыемства ў каментары беларускім СМІ, Аліна Коўшык звярнула ўвагу на словы Джо Байдэна пра Беларусь і адзначыла, якія вялікія намаганні прыкладаюць лідары дэмсіл, для падтрымання беларускага парадку дня ў заходнім палітыкуме.

Comments are closed.