Loading

У Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя перавыдання кнігі Уладзіміра Арлова «Ордэн белай мышы».

Перавыдадзеная кніга была надрукаваная ў Польшчы дзякуючы падтрымцы беларускай дыяспары і асабліва беларусам Чэхіі. Па словах Уладзіміра Арлова, змест кнігі дайшоў да нас праз гады ў не зусім арыгінальным выглядзе. Разам з тым, аўтар вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамог гэтаму перавыданню адбыцца і спадзяецца, што ў бліжэйшай будучыні ўдасца перавыдаць і іншыя кнігі.

«Ідэя перавыдання «Ордэна белай мышы» належыць не мне. Яна належыць чэшскім беларусам. Найперш, займаліся гэтым перавыданнем, падпіскай доктар медыцыны Сяргей Юрчанка – асоба легендарная, ён калісьці змагаўся за жыццё Васіля Быкава і Рыта Гацэх – старшыня суполкі беларусаў у Чэхіі «Скарына». Першая паўнавартасная прэзентацыя кнігі адбылася ў Празе тыдзень таму, у доме нацыянальных меншасцяў».

Каментуючы месца перавыдання, Уладзімір Арлоў кажа, што для беларускай кнігі гэта не новая справа – выдавацца ў замежжы, але дадае, што, канешне, кнігі павінны выдавацца на радзіме аўтараў. Таксама было закранута пытанне выдалення некаторых літаратурных твораў са школьнай праграмы ў Беларусі. У дзеячоў сістэмы адукацыі пры рэжыме Лукашэнкі ўжо нават дайшлі рукі і да класікаў беларускай літаратуры. Таму, як кажа сам Уладзімір Арлоў, ён не будзе здзіўлены, калі даведаецца, што і яго творы прыбралі са школьнай праграмы па літаратуры, але дакладна ня ведае, ці гэта ўжо адбылося.

Фота: t.me/belaruskidom

«Гэтае выкрэсліванне, гэтая рэдукцыя школьных праграм палзуча адбываецца ўжо шмат гадоў. Са школьных праграм выкрэслівалі кнігі нашых эмігрантаў, кнігі, нават, нашых класікаў. Са школьнай праграмы ўжо некалькі гадоў таму былі выкінутыя «Тутэйшыя», твор Янкі Купалы. Твор надзвычай актуальны ў нашыя дні. Я ведаю, што шмат і маіх твораў было выкінута, альбо пераведзена ў спіс для пазакласнага чытання».

Таксама Уладзімір Арлоў не выключае, што ў бліжэйшай будучыні можа правесці шэраг гістарычных лекцыяў у Варшаве, але пакуль дакладныя месца і даты іх правядзення – невядомыя.

 

Comments are closed.