Loading

Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень» аднаўляе сваю дзейнасць пасля двухгадовага перапынку.

Адзін з самых вядомых фэстаў беларускамоўнай музыкі праходзіў на Падляшшы цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Фестывальная сцэна яднала і мэтраў жанру – Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча, Касю Камоцкую, Андрэя Мельнікава ды многіх іншых музыкаў, і маладых выканаўцаў – удзельнікаў фестывальнага конкурсу. Пасля паўзы ў два гады фэст нарэшце аднаўляе сваю дзейнасць.

Захаванне традыцыі ці татальны reset? Свае пытанні мы задалі арганізатару падзеі, кіраўніку фундацыі Tutaka Паўлу Станкевічу.   

Фота: Настасся Уткіна / MOST.

— «Бардаўская восень» — больш чым проста фестываль?

— Гэта заўсёды было важнай падзеяй на Падляшшы. Заўсёды было цікава паслухаць і маладых музыкантаў, і вядомых артыстаў. Тое, што яны хочуць нам давесці, перадаць — гэта заўсёды было важна.  

— Бардаўская песня – гэта перадусім слова. 

— Мы нават спрабуем памяняць фармат «Бардаўскай восені», каб увогуле размаўляць пра літаратуру, паэзію. Мець магчымасць сустрэцца не толькі з бардамі, але і з пісьменнікамі.

— Што яшчэ з новага прапануеце слухачам?

— Мы хочам крыху памяняць музычны бок фестывалю. Напрыклад, запрасілі Паліну Рэспубліку як выканаўцу электроннай музыкі. Таксама ёсць тэатральныя прапановы — музычная праграма Купалаўцаў «Я гавару». Кожны жанр мастацтва, падмуркам якога з’яўляецца беларускае слова, нам цікавы. Будуць літаратурныя сустрэчы, дыскусіі.

—  А што з “чыстым” жанрам? Ці заспяваюць на фестывалі прадстаўнікі бардаўскай песні? 

— Будзе Зміцер Вайцюшкевіч з праектам WZ-TRIO, ён заспявае і свае хіты і новыя песні. Таксама жанр прадстаўляе Яўген Барышнікаў.

— Я так разумею, што конкурсу маладых выканаўцаў сёлета не будзе…

— Думаю, што мы абавязкова яго зробім, але крыху пазней.  

— Пасля паўзы ў два гады, на знак сімвалічнага вяртання фестывалю, ці запрасілі вы кагосьці з тых, хто стаяў ля яго вытокаў?

— Так, у дыскусіі прымуць удзел Ігар Лукашук і Лукаш Леанюк, якія шмат гадоў арганізоўвалі «Бардаўскую восень». 

Поўную размову з Паўлам Станкевічам слухайце ў праграме «Жыве Беларусь уначы». 

Пазнаёміцца з праграмай XXVII фестывалю беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень» можна тут.

Comments are closed.