Loading

Якім быў 2022 год з гледзішча сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі распавядае юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.

У пачатку 2022 года нам здавалася, што ўсё самае кепскае ўжо было ў 2020-м, пасля жніўня, у 2021-м, але аказалася, што ў 2022-м сітуацыя з правамі чалавека ўсё пагаршалася і крызіс правоў чалавека паглыбляўся. Гэта стала зразумела літаральна з першых дзён года. Мы бачылі, што не спыняліся рэпрэсіі, што працягваліся арышты, ператрусы. Людзей па-ранейшаму адпраўлялі ў калоніі.

Потым да нас разам з Украінай прыйшла вайна. Расійскай агрэсія ва Украіне наўпрост адгукнулася і на сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дзясяткі чалавек былі спачатку арыштаваныя паводле крымінальных справаў і многія з іх ужо асуджаныя да пазбаўлення волі. Сотні былі затрыманыя і асуджаныя паводле адміністрацыйнах справаў за антываенныя пратэсты. І гэты працэс усё яшчэ працягваецца. Людзі па-ранейшаму затрымліваюцца і асуджаюцца да пазбаўлення волі за антываенныя надпісы, за спробы выехаць ва Украіну для таго, каб далучыцца да Узброеных Сілаў Украіны.

Па-ранейшаму праходзяць крымінальныя працэсы. Многія з іх праходзяць у закрытых судовых паседжаннях, то бок, мы нават не ведам, у чым абвінавачваюць людзей, затрыманых за нейкія пратэстныя праявы. З’яўляюцца ўсё больш і больш жахлівыя прысуды: 20 гадоў, 25 гадоў – гэта тэрміны, якія ўжо нікога не здзіўляюць. Праваабаронца Марфа Рабкова асуджаная да 15 гадоў пазбаўлення волі, журналіст Дзяніс Івашын, напрыклад, асуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Гэта зараз такая рэальнасць. І гэтая рэальнасць падтрымліваецца заканадаўчымі намаганнямі – з’яўляюцца ўсё новыя і новыя рэакцыйныя законы, паводле якіх паражаюцца ў правах людзі, асуджаныя за пратэстныя выступы. Іх уносяць у спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Ім забараняюць некаторую прафесійную дзейнасць, іх фінансы знаходзяцца пад асаблівым кантролем.

З’яўляюцца законы, якія пашыраюць сферу ўжывання смяротнага пакарання. У тым ліку з’явілася магчымасць прызначэння смяротнага пакарання за замах на некаторыя злачынствы, якія называюцца тэрарыстычнымі. Але мы бачым прыклады таго, якія дзеянні ўлады Беларусі называюць тэрарызмам – гэта падпал павеці ў ціры на вайсковай частцы, гэта пашкоджанне інфраструктуры чыгункі для таго, каб замарудзіць рух цягнікоў з ваеннымі грузамі.

Але не быў гэты год і без добрых навінаў. У прыватнасці, нашаму кіраўніку, вядомаму беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобелеўская прэмія міру за 2021 год. І гэта было вельмі сімвалічна, што Нобелеўскую прэмію міру атрымалі праваабаронцы з Расіі, Беларусі, Украіны. Гэта тыя людзі, якія рабілі ўсё, каб вайны не адбылося, каб вайна як мага хутчэй скончылася і каб запанавалі ідэі дэмакратыі.

Вядома ж, мы яшчэ будзем падсумоўваць нейкія вынікі ў лічбах. Але самая галоўная на сённяшні дзень, і самая сумная лічба – гэта колькасць палітзняволеных у Беларусі. Іх зараз каля 1,5 тысячы. І каля паўтысячы чалавек ужо выйшлі на волю ў сувязі з тым, што яны альбо адбылі тэрмін пакарання, альбо ім была змененая мера стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі.

А якім быў бы ваш прагноз наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў наступным годзе?

Прагнозы пакуль несуцяшальныя. Мы не бачым ніякіх сігналаў ні ўладаў, ні нейкіх аб’ектыўнх звестак, якія б сведчылі, што, прынамсі, спыняюцца ці замаруджваюцца рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, з жорсткасцю сілавога блоку.

Па-ранейшаму выціскаюць пратэстна настроеных беларусаў з краіны. Па-ранейшаму ў разгромленым стане ўнутры Беларусі грамадскі сектар. Арганізацыі грамадскага сектару, тыя, хто быў больш-менш незалежны ў сваіх дзеяннях, ліквідаваныя, альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. У Беларусі не засталося аніводнай праваабарончай арганізацыі, якая б мела рэгістрацыю. Усе арганізацыі грамадскай супольнасці, якія захаваліся – гэта тыя, хто з’ехаў за межы Беларусі і зараз ажыццяўляе сваю дзейнасць з-за межаў Беларусі для беларусаў і для паляпшэння сітуацыі ў сваёй краіне.

Больш слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.