Loading

Напярэдадні абвяшчэння прысуду праваабаронцам «Вясны» 21 праваабарончая арганізацыя з розных краінаў свету прынялі сумесную заяву. У заяве падкрэсліваецца, што падпісанты рашуча асуджаюць крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча і паўтараюць свой заклік да беларускіх улад вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зняць з іх усе абвінавачванні і спыніць судовы пераслед усіх праваабаронцаў у краіне. Сярод арганізацый, якія падпісаліся пад заявай, і Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Прадстаўніца арганізацыі Яўгенія Парашчанка пракаментавала сумесную заяву праваабарончай супольнасці і сам так званы суд над праваабаронцамі.

Гэта далёка не першая і не апошняя заява, да якой далучаецца Дом разам з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, і беларускімі, і міжнароднымі. А канкрэтна гэтую заяву падпісалі такія славутыя міжнародныя арганізацыі, як, напрыклад, Amnesty International, славутая на ўвесь свет, якая існуе з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, і чэшская арганізацыя People in Need – Людзі ў бядзе, якую добра ведаюць на месцах, дзе ідзе вайна, напрыклад, ва Украіне, таму што яна непасрэдна дапамагае ў тым ліку і пацярпелым ад вайны, і такая кааліцыя арганізацый – Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека, у якую ўваходзяць каля 200 арганізацый з розных краін свету, і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў – таксама некалькі соцень арганізацый аб’ядноўвае па ўсім свеце.

І з усімі гэтымі арганізацыямі беларуская праваабарончая супольнасць даўно і шчыльна супрацоўнічае, знаходзіцца ў кантакце, уваходзіць у гэтыя кааліцыі арганізацый. І гэтая супраца ўжо налічвае не адно дзесяцігоддзе.

Чаму важна яшчэ раз казаць пра так званы судовы працэс напярэдадні і падчас суду, і пасля яго? Таму што можа скласціся ўражанне ў старонніх назіральнікаў, як быццам бы гэта сапраўды нейкі суд. Насамрэч, гэта «судом» і «правасуддзем» можна назваць хіба што ў двукоссі. Гэта толькі вонкава так выглядае, нібыта ёсць суддзя, нібыта ёсць адвакат і пракурор, абвінавачванні, нейкае следства. Насамрэч, гэта ўсё проста пародыя на суд, толькі яна зусім не смешная.

Але, калі мы кажам ужо юрыдычнай мовай, пераходзім да юрыдычных вызначэнняў, то можна пералічыць некаторыя аргументы. Па-першае, следства ішло 16 месяцаў. 16 месяцаў праваабаронцы знаходзіліся за кратамі. І іх абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў. Следства ішло максімальна закрыта. Чаму трэба людзей, якіх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, утрымліваць за кратамі, якая тут працэсуальная патрэба? Каб яны не сплацілі яшчэ болей падаткаў? То бок, відавочна, што тут было перавышэнне паўнамоцтваў.

Па-другое, ніякай інфармацыі пра гэтае следства не было. Фактычна, яно праводзілася таемна. За 4 месяцы да даты вынясення прысуду, раптам змяніліся абвінавачванні праваабаронцам. Спачатку іх абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў, на гэтую тэму было следства, правялі каля сотні, больш за сотню допытаў, колькі было вынята дакументаў! І раптам – змянілі абвінавачванне на больш жорсткае: цяпер іх абвінавацілі ў кантрабандзе. Відавочна, што стаіць мэта проста асудзіць людзей.

Які наступны аргумент? Алесь Бяляцкі за кратамі не першы раз. У 2014 годзе Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прызнаў аналагічныя абвінавачванні парушэннем свабоды асацыяцый. То бок, тое, што дзейнасць арганізацыі «Вясна» забароненая ў Беларусі – гэта ўвогуле не прававое дзеянне.

Наступны аргумент: Алеся Бяляцкага і калег-праваабаронцаў абвінавачваюць у тым, што непасрэдна з’яўляецца іх дзейнасцю: гэта праваабарончая дзейнасць. Потым, калі мы паглядзім на фотаздымкі, мы ўбачым парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Праваабаронцаў утрымліваюць ў клетцы падчас суду. Гэта парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ўвогуле ў дачыненні да любога абвінавачанага – чаму чалавек, які не прызнаны судом вінаватым, знаходзіцца ўжо ў клетцы, як быццам ён злачынец. А па-другое, паглядзіце ўважлівей – і БелТА, і ўсе, хто прысутнічаў з так званых «журналістаў» на гэтым працэсе, сфатаграфавалі, што праваабаронцы знаходзяцца ў кайданках. Гэта супярэчыць нават проста здароваму сэнсу.

Працэс судовы як быццам бы адкрыты, то бок, на яго як быццам бы можа прыйсці кожны чалавек. Насамрэч, ні праваабаронцаў, ні паплечнікаў, ні незалежныя СМІ туды на пусцілі. Праваабаронцу з Расіі арыштавалі на 15 сутак і дэпартавалі з Беларусі з забаронай уезду, адвакатам забаранілі дзяліцца са СМІ дэталямі працэсу. То бок, насамрэч, гэты судовы працэс зусім не адкрыты.

Далей можна пералічваць бясконца. Але галоўнае: гэта не суд, гэта імітацыя правасуддзя.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.