Loading

Плануемае ўладамі Беларусі пашырэнне выкарыстання смяротнага пакарання яшчэ і за здраду дзяржаве каментуе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.

Па-першае, варта сказаць, што мы выступаем супраць смяротнага пакарання пры любых умовах, незалежна ад таго, за забойства яно, ці без забойства. Але тая навіна, якая ўскалыхнула інфармацыйную прастору ў Беларусі і каля Беларусі, бо я бачу па колькасці зваротаў журналістаў пракаментаваць сітуацыю, я магу сказаць, што ў прынцыпе, тое, што адбылося зараз – гэта такі доўгатэрміновы трэнд, пачатак якога ўжо быў у гэтым годзе. Я дазволю сабе нагадаць пра красавіцкія змены ў заканадаўстве, якія былі ўнесеныя. І тады шмат хто быў шакаваны, бо як раз тымі зменамі прадугледжана, што нават не за здзяйсненне нейкага злачынства, забойства ці нейкіх дзеянняў, якія б нанеслі маёмасны ўрон ці загінулі людзі, а нават за падрыхтоўку да нейкіх дзеянняў можна даваць людзям смяротнае пакаранне. Зараз новая навіна і гэта ўваходзіць у вялікі трэнд, які працягваецца.

А трэнд палягае ў тым, што, па-першае, гэта пацверджанне таго, што ўлады па-ранейшаму лічаць, што наяўнасць жорсткасці пакарання з’яўляецца стрымліваючай мерай і сур’ёзнай прафілактыкай таго, каб людзі не рабілі таго, што не падабаецца ўладзе. Па-другое, варта звярнуць увагу на суб’ектаў, якія зараз вызначаныя для мэтаў гэтых зменаў у заканадаўства. Калі параўноўваць з красавіцкімі зменамі, то там яны як раз былі для шырокага кола людзей. І ёсць такое ўражанне, што гэта была рэакцыя ўладаў на падзеі, якія адбываліся ўжо. То бок, звязаныя моцна з антываеннымі выступамі, у тым ліку з дзеяннямі так званых «рэйкавых партызанаў.

Калі мы паглядзім на змены, якія хутчэй за ўсё будуць унесеныя (таму што яны яшчэ не ўнесеныя) зараз, то тут ярка акрэсленыя суб’екты – гэта дзяржслужачыя і людзі са статусам вайскоўцаў. То бок, не выключана, што ўлады тут ужо працуюць на папярэджанне, разглядаючы рознага кшталту варыянты, якія могуць іх чакаць. І, каб мінімізаваць наступствы нейкія, каб паспрабаваць гэтыя падзеі прадухіліць, яны робяць такія захады. Але складана казаць на 100 адсоткаў, бо інсайда няма ні ў мяне, ні шмат у каго. Гэта ўсё вырашаецца вельмі тэрмінова, без папярэдняга нейкага абмеркавання, пад дастаткова сур’ёзнай завесай сакрэтнасці.

У нас няма сацыялагічных даследаванняў, але варта сказаць, што і красавіцкія змены, якія адбыліся, і тыя змены, якія плануюцца зараз, – гэта вельмі яскравы індыкатар таго, што ідуць працэсы, альбо могуць пайсці працэсы, улады гэта адчуваюць, якія яўна не падабаюцца ўладам. І яны разумеюць, што могуць адбывацца вельмі сур’ёзныя працэсы (таму што змены ў заканадаўстве вельмі сур’ёзныя), на якія яны хацелі б уплываць, скажам так, быць узброеныя, у тым ліку і заканадаўча, такім чынам, каб максімальна жорстка можна было адказваць на гэтыя працэсы, прадухіляючы наступствы для сябе.

Цалкам размову з Андрэем Палудам слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.