Loading

У канцы мінулага тыдня нарэшце ўлады апублікавалі праект даўгачаканага закона аб Амністыі. З ім былі звязаныя спадзяванні і праваабарончай супольнасці, і ўвогуле беларускага і замежнага грамадства, што праз яго змогуць выйсці на волю хаця б некаторыя палітычныя зняволеныя. Але што мы насамрэч пабачылі ў апрылюдненым законапраекце? Пра гэта ў размове са старшынёй Беларускага Хельсінскага камітэта Алегам Гулаком.

«У тым праекце, які апублікаваны, мякка скажам, не прадугледжваецца нейкае заўважнае вызваленне тых асобаў, якіх прызналі палітзняволенымі. Ну і ўвогуле па палітычных артыкулах вызвалення практычна не будзе. Магчыма трапяць пад нейкую паблажку людзі, якім нейкія іншыя артыкулы ставяцца ў віну — падатковыя, можа быць — трэба ў гэтым яшчэ ўважліва разбірацца. Ну і плюс яшчэ агаворка пра тых, каго прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці. Таксама многія людзі з гэтым сутыкнуліся. Я тут толькі яшчэ зраблю агаворку, што не дужа былі і вялікія чаканні. Хутчэй раскручвалася гэтая ідэя ў сродках масавай інфармацыі, але аніякі цвярозы аналіз не падказваў, што такое магчыма».

Але мы бачылі пэўныя спробы новых крокаў насустрач захаду, Еўропе з боку лукашэнкавых чыноўнікаў, калі, напрыклад, той жа Макей рабіў нейкія выказванні з прапановамі пра магчымае наладжванне дыялогу, аднаўленне нейкай супрацы. Менавіта гэта абгаворвалі многія публічныя асобы як магчымы пачатак ужо звыклага гандлю рэжыму, што кіруе ў Беларусі, палітвязнямі з дэмакратычнымі міжнароднымі інстытуцыямі. Чаму нічога не апраўдалася?

«На маю думку, не трэба блытаць крокі і выказванні. Гэта розныя рэчы. Хаця, канешне, у палітыкаў могуць быць і выказванні крокамі, але ў дадзеным выпадку дзеянні, якія мы бачылі ад уладаў у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў, ніякім чынам не паказвалі, што абраны нейкі іншы падыход, нейкая іншая логіка стасункаў, і замест рэпрэсій абраны нейкі іншы шлях, якім чынам дачыняцца да гэтых людзей. Рэпрэсіі, якія мы бачым – гэта галоўны інструмент працы з грамадствам. І для таго, каб замяніць падыход, заснаваны на запалохванні, на нешта іншае, трэба гэта нешта іншае ўзяць на ўзбраенне, пачаць практыкаваць. А нічога такога не было. Рэпрэсіўная машына працавала як і раней, толькі што былі іншыя выказванні. Але ж мы разумеем, што калі б раптам на свабоду выйшлі б нават калі не ўсе, а нейкая значная частка, каля тысячы людзей, напрыклад, то як бы далей гэтае кіраванне адбывалася? Гэта адно. А другое: амністыя — гэта не інструмент для вырашэння пытання палітзняволеных. Гэта іншая прававая логіка. Гэта значыць, трэба было проста напісаць, што фактычна дзеянні паводле пэўных артыкулаў мы ўжо не лічым такімі злачыннымі. А гэта зноў жа — вяртаемся да першага пытання».

А пра што гаворыць вось такая сітуацыя, што разлікі і чаканні таго, што рэжым нарэшце зразумее, што далей зацягваць гайкі ўжо нельга і трэба спыняць гэты махавік рэпрэсій і рабіць крокі насустрач цывілізаваным спосабам існавання?

«Гэта гаворыць пра тое, што іншага падыхода яны не выпрацавалі. Няма ў іх іншага інструмента кіраваць грамадствам. Яны не бачаць, як пазбегнуць гэтых масавых акцый і адкрытых пратэстаў, таму і захоўваюць гэтую логіку. Можна, канешне, казаць, і я думаю, будуць такія ацэнкі, што вось там Еўропа не пабачыла ў гэтым інтарэса і не прапанавала нейкіх там значных бонусаў за гэта. Але я думаю, што гэта другаснае. Першаснае, усё ж-такі, тое, якім чынам кіраваць у сваёй жа краіне. Вось гэтае пытанне самае складанае зараз для ўлады».

Але ж вось у гэтую амністыю ўлады ўключылі тых, хто там абкрадаў, рабаваў, хуліганіў — карацей, сапраўды розныя маргінальныя супольнасці, якія насамрэч, могуць даставіць нямала непрыемнасцяў і грамадству, і тым жа самым міліцыянтам. Але за кратамі пакідаюць людзей, якіх асудзілі за так званыя злачынствы, якія нават паводле дзейных кодэксаў адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Прычым іх мэтанакіравана пералічылі ў 10-м артыкуле гэтага закона. Як гэта можа выглядаць з пункту гледжання звычайнай праваахоўнай логікі?

«Гэта ж ужо было. Гэта логіка, якую мы бачылі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Паняцці “сацыяльна блізкія” і “палітычна чужыя”. Якраз гэтая логіка зараз працуе зноў. Тыя, хто абкрадаюць, яны ж не пасягаюць на патынне кіравання краінай, яны не хочуць перайначыць лад. А палітычныя таму і небяспечныя. Гэта мы праходзілі».

Ну і які ваш прагноз? Вядома, што калі нават не браць тых асноўных палітычных праціўнікаў рэжыму, якім папрызначалі там завоблачныя тэрміны па паўтара-два дзесяцігоддзі, большасць палітвязняў маюць тэрміны па 2-3-5 гадоў, і для чалавека, які ніколі не быў звязаны з нейкім крымінальным асяроддзем, у якога ёсць сем’і, дзеці, нейкія справы ў працы ці там творчасці, гэта вельмі вялікія тэрміны, выкрасленыя з жыцця. Ці давядзецца ім правесці ў зняволенні гэтыя вялікія тэрміны, ці ўсё ж магчыма, што ўлады пойдуць на нейкае памягчэнне гэтай грамадскай канфрантацыі?

«Я думаю, што гэта ўсё будзе сітуатыўна вырашацца. Калі складуцца ўмовы, што прасцей выпусціць, чым трымаць — выпусцяць. Калі не, то будзе цягнуцца, пакуль, як у той байцы пра Насрэддзіна — хто першы скончыцца».

Comments are closed.