Loading

14 верасня гарадзенскаму журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 гадоў і 1 месяц за нібыта здраду радзіме. Галоўная віна журналіста ў тым, што ён расследаваў злачынствы лукашэнкаўскага і пуцінскага рэжымаў. Жонка Дзяніса Вольга Івашына пракаментавала гэты вырак.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Пасля затрымання блізкія 10 дзён не маглі даведацца, у чым яго абвінавачваюць. У пастанове на ператрус Вольга Івашына ўбачыла пазначаны артыкул 365 КК РБ, «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ворганаў унутраных спраў».

Фота: Wikimedia

«Дзіўнавата было — ажно цэлы Камітэт дзяржбяспекі займаецца такой дробнай справай. Мы меркавалі, што яны будуць там штосьці яшчэ круціць, выдумляць, што яны і зрабілі».

30 кастрычніка стала вядома, што журналісту выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

Івашын мае статус замежнага ўкраінца — гэта ўкраінская аналогія Карты паляка. Следчыя выкарысталі гэтае пасведчанне ў якасці доказу таго, што журналіст супрацоўнічаў з украінскімі спецслужбамі. 

«Супрацоўнікі, якія праводзілі ператрус, запэўнівалі мяне асабіста, што ніхто не будзе Дзяніса трымаць за кратамі, што яго праз пару дзён выпусцяць і ён будзе чакаць суда. Канешне, я не верыла ім ужо на той момант. Мы разумелі, што гэта не абмяжуецца ні трыма днямі, ні месяцам, і хутчэй за ўсё, будуць трымаць столькі, колькі будзе існаваць гэты рэжым».

Кантактаваць з Дзянісам было цяжка: лісты ад родных даходзілі раз-пораз. Апошнія паўгады лістоў не было ўвогуле. Супрацоўнікі гарадзенскай турмы паведамілі, што следчыя ворганы наклалі арышт на карэспандэнцыю. Інфармацыя пра стан здароўя журналіста прыходзіла праз яго абаронцу. Менавіта так родныя даведаліся пра тое, што ўлетку ў Івашына здарыўся сардэчны прыступ. 

Дзяніс цалкам усведамляў, якімі раздражняльнымі для лукашэнкаўскага і пуцінскага рэжымаў былі яго артыкулы, але з’язджаць з краіны не планаваў. Магчымасць страты свабоды абмяркоўвалася ў сям’і журналіста задоўга да яго арышту. 

«Дзяніс ведаў, што такое можа быць, і свядома не хацеў з’язджаць з Беларусі, бо гэта нашая зямля, навошта мы будзем уцякаць? Няхай уцякаюць нашыя ворагі!Такая пазіцыя ў яго захавалася і зараз. Нават калі б ён ведаў, што адбудзецца 12 сакавіка 2021, то ўсё адно бы застаўся ў Беларусі і праз ўсё гэта прайшоў.» 

Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, але абвяшчэнне прысуду было адкрытым. 

«На абвяшчэнні маглі прысутнічаць усе, але паколькі сітуацыя ў краіне нагадвае 30-я гады мінулага стагоддзя, то людзі, хутчэй за ўсё, пабаяліся. Але некаторыя былі там, не толькі сілавікі і бацькі Дзяніса». 

«Стаяў бусік з супрацоўнікамі АМАП. Ня ведаю, мабыць, яны меркавалі, што мы будзем вызваляць Дзяніса сілавымі метадамі. Нам гэта ня трэба, мы дачакаемся справядлівых люстрацыйных судоў над усімі ўдзельнікамі злачынстваў».

Сам палітзняволены на абвяшчэнні прысуду трымаўся бадзёра, кажа Вольга Івашына. Бо журналіст мае годнасць, цвёрды характар і верыць у тое, што ўсё робіць слушна.

«Усё, што яны робяць, гэта нішто ў параўнанні з вечнасцю, з праўдай… Яны могуць напісаць, што Дзяніс вінаваты ў парушэнні ўсіх артыкулаў крымінальнага кодэксу, але гэта нічога не зменіць, яны ад гэтага не стануць лепшымі, а Дзяніс не стане горшым. Так што чакаем перамогі.»

Comments are closed.