У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада адбываюцца судовыя паседжанні над дзесяццю актывістамі Рабочага руху, якіх затрымалі яшчэ ў верасні мінулага года і больш як год без якога-кольвек суда трымалі ў зняволенні. У чым іх абвінавачваюць, якія дзеянні леглі ў аснову гэтых абвінавачванняў і якім чынам спецслужбам Лукашэнкі ўдалося іх затрымаць нам распавёў адзін з сузаснавальнікаў і спецыяліст у знешніх сувязях Рабочага руху Юрый Рававы.
Гэта працоўныя вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў – Беларускай чыгункі, металургічнага завода, «ГроднаАзот», «Хімвалакно», «Нафтан» і «Атлант». І гэтых людзей абвінавачваюць у тым, што яны стварылі экстрэмісцкае фармаванне, нягледзячы на тое, што Рабочы рух прызналі экстрэмісцкім фармаваннем пасля іх затрымання. Таксама іх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве за тое, што людзі паміж сабой абмяркоўвалі тое, як іх дзяржаўныя прадпрыемствы і іншыя абыходзяць санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і да прадпрыемстваў, на якіх яны працавалі.
Напрыклад, Ганна Аблаб працавала інжынерам і складала графікі перавозак на Беларускай чыгунцы. З-за таго, што яна яшчэ ў жніўні 21-га года перадала дадзеныя аб такой незвычайнай актыўнасці на Беларускай чыгунцы, калі да нас едзе расійскіх вайскоўцаў, расійскай тэхнікі больш, чым заяўлена, на вучэнні, якія тады яшчэ толькі планаваліся, і за тое, што яна выкрывала факты кантрабанды, якія Беларуская чыгунка хацела схаваць ад беларусаў, яе абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.
Нешта падобнае і па астатніх. Выбіваецца з усіх Валянцін Цераневіч, якому КДБ самі перадалі «ляльку» – несапраўдныя дакументы, і прымушалі ад імя прадстаўніцы адміністрацыі «ГроднаАзот» перадаць гэтыя дадзеныя камусьці ў Варшаву ці ў Вільнюс. Памылкова Валянцін гэта зрабіў.
Некаторым ставяць у віну незаконнае абыходжанне са зброяй і паклёп. Ці вядома, што легла ў падставу такіх абвінавачванняў?
Пра абыходжанне са зброяй можа падавацца нечым гучным. Гэта справа датычыцца Аляксандра Капшуля, былога юрысконсульта «Нафтана», які надакучваў уладам тым, што бараніў інтарэсы чальцоў Беларускага незалежнага прафсаюза і наогул усіх працоўных «Нафтана» па незаконных звальненнях. У яго яшчэ да затрымання, у верасні 21-га года быў вобшук і знайшлі нейкі там патрон. Гэта ўжо такая звычайная гісторыя, бо ў офісе Прафсаюза РЭП таксама знаходзілі патрон недзе ў канапе.
Артыкул, які датычыцца Сяргея Шэлеста, Андрэя Пагерылы і Уладзіміра Жураўкі – «Паклёп». Гэта з-за таго, што працоўныя «Азота» распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх не было ніякай хлусні, але распаўсюджвалася інфармацыя пра тое, як паводзяць сябе старшыня праўладнага прафсаюза і дырэктар.
Ці вядома якім чынам уладам удалося затрымаць актывістаў?
Так! Гэтым людзям яшчэ да затрымання было вядома, што працаваў агент контрвыведкі КДБ Аляксей Грузінаў. І мы камунікавалі з людзьмі на тэму таго, што трэба выязджаць, бо працуе гэты чалавек пад іншым імём, якога яны ведалі, як працаўніка «Гомсельмаша». Большасць людзей не бачылі ніякай пагрозы, таму што, калі яны не выехалі да верасня 21-га года, яны былі ўжо як загартаваныя. Яны казалі: «Ну дадуць там нейкія содні. Што мы такога робім?» Ніхто не мог разумець, што могуць быць такія абвінавачванні.
Толькі пасля таго, як мы зразумелі, што не проста так не выходзіць на сувязь Андрэй Пагерыла, які быў першым затрыманы, частка з людзей, якіх мы папярэджвалі і крычалі папросту, што трэба ехаць, [вырашылі з’язджаць]. Нажаль, не ўсе з тых, хто вырашылі, што трэба ехаць, змаглі гэта зрабіць. Таму што пачалі затрымліваць адначасова ў розных гарадах.
Што мяркуе рабіць Рабочы рух, каб неяк абараніць гэтых людзей, паказаць парушэнне рэжымам Лукашэнкі іхніх правоў міжнароднаму грамадству, падтрымаць іх і іхнія сем’і?
На жаль, не магу нічога раскрываць, але, канешне, шмат з таго, што мы робім, прысвечана таму, каб гэтыя людзі не былі самі. Нават для нас зараз з’явілася дзівам, што такое міжнародная прафсаюзная салідарнасць.
Варта адзначыць, што людзі, якіх зараз судзяць па «справе Рабочага руху», – гэта не адзіныя з прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і актывістаў незалежных прафсаюзаў, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА, альбо вось некалькі дзён таму былі вынесеныя прысуды. Больш за 35 чалавек за прафсаюзную дзейнасць зараз знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
Цалкам размову з Юрыем Рававым слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.